Работа камунальных службаў на асобым кантролі

На кантролі Нумары У Камітэце дзяржкантролю

За 2014 год у Камітэт дзяржкантролю паступілі 2332 звароты грамадзян і юрыдычных асоб. Большасць зваротаў грамадзян звязана з вырашэннем камунальна-бытавых праблем, жыллёвых пытанняў. Так, 340 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб за 2014 год датычаць арганізацыі і якасці работы жыллёва-камунальных арганізацый Мінскай вобласці. Гэта пытанні эксплуатацыі і рамонту жыллёвага фонду, добраўпарадкавання, асвятлення, санітарнай уборкі і ачысткі, эксплуатацыі вонкавых сістэм водазабеспячэння і каналізацыі.

Больш за ўсё зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб паступае з Мінскага, Барысаўскага, Лагойскага, Дзяржынскага і Смалявіцкага раёнаў. Усе звароты разглядаюцца з выездам на месца, вывучэннем паднятых грамадзянамі праблем, з удзелам усіх зацікаўленых і з прыняццем мер рэагавання ў межах кампетэнцыі.

Як правіла, накал незадаволенасці супадае з пачаткам ацяпляльнага сезона. На працягу двух апошніх гадоў прыходзяць на гарачую лінію Камітэта паведамленні ад жыхароў пасёлка Гатава Мінскага раёна наконт ацяплення і падачы ў дамы гарачай вады, але праблема вырашана толькі нядаўна. Аналагічным чынам вырашылася сітуацыя па рамонце сістэмы ацяплення жылога памяшкання 75-гадовага ветэрана працы, які пражывае ў пасёлку Чарніцкі Смалявіцкага раёна.

Шмат скаргаў па даных пытаннях паступае таксама ад жыхароў пасёлка Наваколасава (Стаўбцоўскі раён), Фаніпаля і Негарэлага (Дзяржынскі раён), Плешчаніц (Лагойскі раён). Разам з тым адзначана нездавальняючая работа сістэм водазабеспячэння і такія ж адносіны да данай праблемы камунальнікаў Лагойскага і Мінскага раёнаў.

Напрыклад, у верасні 2014 года ў Камітэт паступіла інфармацыя аб прарыве водаправода ў вёсцы Алешнікі Лагойскага раёна. Жыхары гэтай вёскі звярнуліся ў РУП «Лагойская камунальная гаспадарка» яшчэ ў ліпені. За тры месяцы аварыі водаправода вадой было пашкоджана дарожнае пакрыццё і дапушчаны вялікія страты вады. Начальнік і старшы майстар РУП «Лагойская камунальная гаспадарка» прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.

Аналагічны прыклад безгаспадарнасці меў месца і ў Мінскім раёне (КУП «Жилищник Минщины»).

Патрэбна яшчэ адзначыць нездавальняючай работу па вулічным асвятленні як у райцэнтрах, так і ў сельскіх населеных пунктах. На працягу двух месяцаў мясцовыя органы ўлады не маглі наладзіць асвятленне ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна. І толькі пасля ўмяшальніцтва Камітэта даная праблема на працягу двух дзён была вырашана. Усяго адзін дзень спатрэбіўся энергетыкам, каб наладзіць вулічнае асвятленне і ў вёсцы Гарадзішча Крупскага раёна.

Даныя факты сведчаць аб парушэнні кіруючымі асобамі камунальных службаў патрабаванняў дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007 № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы».

Упраўленне экспертна-прававой работы і зваротаў грамадзян Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *