Энергія маладых стварае краіну

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Факты, падзеi, людзi

28-01-2015-4

На ўздыме сацыяльнай актыўнасці, з моцнымі эмацыянальнымі пачуццямі вярнуліся нашы дэлегаты з 42-га з’езда грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Прадстаўнічасці форуму, які збіраецца раз на тры гады, надаў удзел у яго рабоце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Ідэям і запалу маладога пакалення кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку, падкрэсліўшы надзвычай важную, інавацыйную ролю моладзі ў развіцці грамадства: «Сёння ваш лепшы час. Увасабляйце свае мары, укладвайцеся ў тое, што вы робіце. Усе свае сілы ўкладвайце ў гэтую справу – душу, энергію і волю».

Кожны з удзельнікаў з’езда атрымаў натхненне ад гэтай яркай падзеі на ўсё жыццё. Што найбольш запомнілася дэлегатам, якія прадстаўлялі Стаўбцоўшчыну? Запытаем аб гэтым у іх саміх.

Анастасія Калодзінская, першы сакратар раённага камітэта БРСМ:  

– Вельмі цяжка адысці ад эмоцый, ад той атмасферы, што панавала на з’ездзе. Калі віталі Прэзідэнта краіны, калі ўсе разам спявалі нашы песні (адна з іх – «Саюз моладзі» – была спецыяльна напісана да з’езда), калі загучаў Дзяржаўны гімн і мы, стоячы плячо ў плячо, былі ў адзіным парыве, на адным дыханні… Дэлегацыі Міншчыны былі выдзелены месцы ў самым цэнтры, блізка ад сцэны, таму нельга было не адчуць гэта ўзрушэнне.

З’езд прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні. Сам фармат яго работы – не манатонныя даклады аб выніках работы за апошнія тры гады, а адкрыты дыялог, які даў магчымасць кожнаму быць пачутым. На працягу  двух дзён з’езда ў нас завязваліся кантакты з калегамі, ішоў абмен вопытам. У фае Палаца Рэспублікі было месца і ўдзельнікам (іх каля трох тысяч чалавек), і – ураджаю яблыкаў. Плады сімвалізавалі плён працы моладзі рэспублікі (у тым ліку і ў прамым сэнсе, падчас работы студэнцкіх атрадаў), скрыні з імі – агульную скарбонку добрых спраў, а пяшчотны яблыневы цвет – тыя новыя ідэі, якія зараджаюцца, спеюць у маладзёжным асяроддзі, напаўняючы жыццё новым сэнсам.

Асабіста мяне прыемна ўразіў патрыятычны праект Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ пад назвай «Гарнізон», які рэалізоўваецца ля гераічных сцен крэпасці. Рабяты знялі фільм, і іх прэзентацыя была такой моцнай, хвалюючай, як сэрцабіццё, што зала апладзіравала ім стоячы. У гэты адметны  70-ты год пасля вайны БРСМ і наша раённая арганізацыя ў тым ліку не застануцца ўбаку ад аб’яўленай вялікай акцыі –  «Кветкі Вялікай Перамозе».

2015  –  Год моладзі. Прэзідэнт падтрымаў прапановы і ідэі, якія агучылі ўдзельнікі з’езда. Надалей будуць развівацца студэнцкі і валанцёрскі рухі, грамадзянска-патрыятычныя праекты, праект «100 ідэй для Беларусі», маладзёжная творчасць, другасная занятасць моладзі і іншае. Для іх рэалізацыі не патрэбны матэрыяльныя выдаткі, а толькі нашы смеласць, ініцыятыва. Вельмі важна, каб яны зыходзілі знізу. Як паказаў з’езд, раўняцца трэба на тых нашых калег, якія працуюць у Цэнтральным камітэце БРСМ на чале з яго новаабраным старшынёй Андрэем Беляковым. Гэта людзі таксама маладыя, прасунутыя ва ўсіх пытаннях, настроеныя на выніковую дзейнасць.        

У бліжэйшых планах нашай раённай арганізацыі – мерапрыемствы, акцыі, прыўрочаныя да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Абавязкова будзем развіваць свае ранейшыя напрацоўкі. Гэта валанцёрскі рух «Добрае сэрца», за справы якога напрыканцы 2014 года нам быў урчаны дыплом лаўрэата Мінскай вобласці ў сферы праектаў па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў намінацыі «Дабрачыннасць». Гэта збор другасных рэсурсаў, за што мы таксама былі адзначаны прызавымі месцамі. Гэта ўдзел у рабоце маладзёжных атрадаў аховы правапарадку і многае іншае.

Дзіяна Сідаровіч, вучаніца 11 класа школы № 3 г. Стоўбцы, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ:

– На форум падобнага ўзроўню я трапіла ўпершыню. І ў Палацы Рэспублікі раней мне не даводзілася быць. Безумоўна, уразіла атмасфера, прысутнасць на з’ездзе многіх цікавых людзей. Гэтыя два дні былі загружаны  максімальна, але яны прамільгнулі непрыкметна. Можна шмат аб чым расказаць, але хачу прыгадаць сустрэчу з акцёрамі і аўтарамі фільма «Дзяржаўная граніца». Сам фільм выклікаў яркія ўражанні, ён заснаваны на рэальных гістарычных падзеях. Адбылося блізкае знаёмства з творчай групай.

Вельмі спадабаўся дыялог са старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам, наладжаны ў першы дзень работы з’езда ў аблвыканкаме. Кіраўнік вобласці прыцягнуў да сябе манерай весці размову, дзелавым падыходам у вырашэнні пытанняў. Члены дэлегацыі Мінскай вобласці задалі яму тыя пытанні, якія хвалююць моладзь.       

Чым спадабаўся з’езд? Я адчула, што вось мы, хто жыве ў невялікім гарадку, маем магчымасць ажыццяўлення сваіх ідэй, маем умовы для самарэалізацыі, для таго, каб дабіцца ў жыцці ўсяго, пра што марым. У школе я вучуся на выдатна. Хачу паступіць у лінгвістычны ўніверсітэт, на перакладчыцкі факультэт, і авалодаць англійскай і яшчэ адной мовамі. У будучым, магчыма, звяжу сваё жыццё з творчай прафесіяй, таму што люблю маляваць алоўкам.

Яна Клімовіч, вучаніца 10 класа школы № 2 г. Стоўбцы, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ:

–  Я першы раз на форуме, і мне вельмі спадабалася. Усхвалявала тое, што ўбачыла Прэзідэнта краіны. Мы правялі з удзельнікамі з’езду шмат часу. Лічу, гэта было вельмі карысна і спаўна кампенсіравала тое, што прыйшлося прапусціць два дні школьных заняткаў. На наступны дзень пасля з’езду прыйшла ў школу і аказалася «героем» інфармацыйнай гадзіны. На вялікім перапынку наша класны кіраўнік Святлана Альбертаўна Мазанік папрасіла мяне расказаць пра гэты маладзёжны форум. Аднакласнікі задавалі свае пытанні, і самае частае сярод іх, зразумела, датычыла сустрэчы з Прэзідэнтам. Што ён за чалавек, якая ў яго энергетыка?

Мне запомнілася і наша гутарка з губернатарам Мінскай вобласці Сямёнам Барысавічам Шапірам. Яму я задала пытанне аб неабходнасці пашырэння безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы кантактуем з гэтымі людзьмі, калі прыходзім да іх у тэрытарыяльны цэнтр. Апошні раз наведвалі перад Новым годам. Разам рыхтавалі святочныя ўпрыгажэнні, дзяліліся сваімі планамі на наступны год… Пандусы неабходны на ўваходзе ў любую ўстанову кожнага горада ці вёскі. Гэта праблема вырашаецца і знаходзіць водгук. Сямён Барысавіч падтрымаў мяне ў гэтым і нават даў нумар свайго тэлефона.

На з’ездзе запомнілася выступленне школьніка са Старадарожскага раёна, які паспяхова паўдзельнічаў у праекце «100 ідэй для Беларусі» –  стварыў мабільны дадатак, які дапамагае вучням выконваць дамашнія заданні, правяраць сябе. Ідэя гэтая нармальная, але маё пакаленне, лічу, і так моцна залежнае ад камп’ютараў, ад інтэрнэту. Трэба больш ісці да жывых кантактаў з тымі ж аднакласнікамі, настаўнікамі, бацькамі і старацца самому рабіць урокі, а не спісваць гатовае. Веды заўсёды спатрэбяцца. Я ў гэтым упэўнена. У будучым мару стаць урачом.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *