На дзяржаўнай службе

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

28-01-2015-7

У свае 22 Вольга Часноўская была прызначана начальнікам аддзела прымусовага выканання. Аддзел – структура новая, утвораная пад эгідай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 1-га студзеня 2014 года. А ўжо напрыканцы першага года работы маладому кіраўніку аб’яўлена Падзяка начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі.    

– Самае галоўнае ў нашай рабоце – практычны вопыт, – падкрэслівае Вольга. – Калі знаёмішся з людзьмі і вывучаеш іх, з’яўляецца ўпэўненасць, як з імі сябе паводзіць. – І пры гэтым дадае, чаго пакуль асабліва не хапае: – Хацелася б ад людзей большага ўзаемаразумення. 

Прыйшоўшы ў аддзел прымусовага выканання з суда, Вольга Часноўская адразу ўзначаліла калектыў. Нягледзячы на малады ўзрост, яе стаж у прафесіі юрыста налічвае пяць гадоў. Ураджэнка Ячнага, яна закончыла Засульскую школу і паступіла ў каледж Белкаапсаюза. Пасля каледжа займалася пошукам варыянтаў працаўладкавання  і, такім чынам, трапіла на працу ў суд раёна. Спачатку была сакратаром, потым – судовым выканаўцам. Паралельна займалася ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «Правазнаўства».

Калектыў аддзела невялікі, з шасці чалавек, і – так выйшла – аказаўся чыста жаночым. Аднак задачы, пастаўленыя перад ім, патрабуюць зусім не жаночай самааддачы, псіхалагічнага напружання і выключнай скрупулёзнасці. Тлумачыцца гэта тым, што працаваць ім прыходзіцца з рознымі катэгорыямі грамадзян, далёка не самых законапаслухмяных, абавязаных выконваць прысуд суда і плаціць па выканальніцкіх лістах. 

Судовыя выканаўцы выходзяць па месцы жыхарства даўжніка, каб праверыць яго маёмаснае становішча і ўстанавіць прычыны невыканання абавязацельстваў. Абцяжарвае работу адсутнасць у даўжніка маёмасці, на якую можа быць абернута спагнанне, знаходжанне яго ў месцах пазбаўлення волі. Некаторыя з даўжнікоў, будучы працаздольнымі, не спяшаюцца працаўладкавацца і ўвогуле не прымаюць ніякіх мер для пагашэння запазычанасці…

За жаночай прывабнасцю і абаяннем супрацоўніцы органаў прымусовага выканання ўгадваецца унутраны стрыжань, прынцыповая напорыстасць, без якіх не абысціся ў рабоце. Яе самавітасць і дзяржаўнасць падкрэслівае форменнае адзенне. Неўзабаве службовы «гардэроб» абновіцца – супрацоўнікі аддзела атрымаюць форму новага ўзору. І ў асабістым жыцці Вольгі – прыемныя перамены. Летась яна стварыла сям’ю і набыла статус замужняй жанчыны. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *