Дзясятка – выдатная адзнака

Нумары Спорт

У мінулым нумары «Праменя» былі прадстаўлены дзесяць лепшых спартсменаў, нашых землякоў, якія вызначыліся ў спаборніцтвах 2013 года. А сёння, паводле прадстаўлення аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, – дзясятка лепшых спартсменаў года – школьнікаў.

Адкрывае спіс Уладзіслаў Супрун. Ён ярка ўварваўся на спартыўную арэну. Неаднаразовы прызёр абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы мае цяпер і тытул  абсалютнага пераможцы спаборніцтваў міжнародных. У нядаўняй матчавай сустрэчы юных спартсменаў Беларусі, Расіі і Латвіі Уладзіслаў стаў мацнейшым ажно ў дзвюх дысцыплінах. Прытым, тэхнічна складаных, – у кіданні кап’я і штурханні ядра. Відныя трэнеры назвалі нашага хлопца сярод алімпійскіх надзей рэспублікі. Няхай жа з упартай працай юнага спартсмена спраўдзяцца лепшыя спадзяванні. У згаданай міжнароднай сустрэчы лёгкаатлетаў прызёрам у бегу на 400 метраў стаў Павел Базарэўскі. І ён не раз быў сярод прызёраў абласных спаборніцтваў. Выдатнай адзнакі заслужыў па выніках выступлення на гэтых жа міжнародных спаборніцтвах і Аляксандр Уласік. Ён заняў трэцюю прызавую прыступку п’едэстала ўдзельнікаў забегу на 60 метраў. На рахунку Аляксандра таксама перамогі і прызавыя месцы на абласных спаборніцтвах, але ўжо ў бегу на 1500 і 2000 метраў. Такі вось шырокі  дыяпазон магчымасцяў юнага лёгкаатлета.

Наступныя два месцы ў спісе спартыўных надзей адведзены лыжнікам. Сяргей Шастак мае вопыт удзелу ў першынстве Беларусі па лыжных гонках і стральбе на прызы Прэзідэнцкага клуба «Снежны снайпер». Ён жа шматразовы прызёр абласных спаборніцтваў лыжнікаў, дзе найбольш упэўнена адчувае сябе на дыстанцыях тры і пяць кіламетраў. Прызёрам абласных спаборніцтваў лыжнікаў стаў  і Аляксандр Дрозд. Пажадаем і ім выдатнай спартыўнай формы і, вядома, снежнай зімы.

У Дзіяны Коршун тытул прызёра абласной спартакіяды ДЮСШ і СДЮСШАР па настольным тэнісе. Яна выхаванка налібацкай школы аматараў малой ракеткі, вядомай шчыраваннем спартсмена і трэнера Віктара Кругліка. З імем Дзіяны і настольны тэніс раёна прадстаўлены ў дзясятцы мацнейшых.

Стаўбцоўскі валейбол мае таксама добрыя пераможныя традыцыі. У дзясятцы лепшых юных спартсменаў названы Ілья Супрановіч і Дар’я Карніцкая, якія разам з сябрамі –  членамі валейбольных камандаў раёна заваявалі прызавыя месцы ў першынстве Міншчыны.

З паляпшэннем спартыўнай базы не страціць пазіцый і стаўбцоўскі футбол. Тым больш, што падрастае юная змена. На абноўленым стадыёне «Юнацтва» зноў сталі праводзіцца міжнародныя турніры. У спаборніцтвах з равеснікамі Расіі, Польшчы, Украіны на роўных выступалі і стаўбчане. Каманда дванаццацігадовых і трынаццацігадовых выхаванцаў Стаўбцоўскай ДЮСШ заняла другое прызавое месца. У дзясятцы лепшых юных спартсменаў – юныя футбалісты Уладзіслаў Рубін і Аляксандр Мішук. Поспехаў вам усім, рабяты!

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *