Генадзь Карнілаў завітаў у рэдакцыю з просьбай дапамагчы даведацца, ці ёсць у раёне або вобласці такая арганізацыя, якая прымае ад насельніцтва скуркі трусоў. Маўляў, раней за здачу скурак давалі збожжа, камбікармы, а цяпер гэтае каштоўнае футра нікому не патрэбна. Падчас размовы высветлілася, што Генадзь Віктаравіч трымае на падворку не толькі трусоў, а і іншую жывёлу і птушку. Да таго ж, чалавек майстравы, па прафесіі будаўнік …
У Галавенчыцах дом Карнілава стаіць ля аўтобуснага прыпынка. У двары шмат шэдаў для трусоў, у якіх сядзяць пушыстыя камячкі. Генадзь Віктаравіч адчыняе клеткі, паказвае сваіх гадаванцаў і тлумачыць:
– Гэта каліфарнійская парода, у наступнай – шыншылы, а вось там у мяне веліканы.
Ён адыходзіць на некалькі крокаў і прыносіць паказаць светла-рыжага прыгажуна. Спуджаны трус так і стараўся выслізнуць з рук гаспадара, але супакоіўся пасля таго, як той узяў яго за доўгія вушы.
Тры гады Карнілаў займаецца развядзеннем трусоў. Прыкіпеў душою да гэтай хатняй жывёлы.
– Мне дастаўляе вялікае задавальненне карміць іх і назіраць за тым, як яны растуць, – гаворыць Генадзь Віктаравіч. – Трусы хутка прывыкаюць да мяне. Можна пагладзіць іх мяккую шэрстку, узяць на рукі. З імі займаюся, як з малымі дзецьмі. Прышчэпкі сам раблю, а калі трэба і палячу.
А яшчэ ў гаспадара падворка ёсць каляровыя качкі, сярод якіх і чубатыя. Генадзь Віктаравіч выкапаў для іх на сваім участку невялікае азярцо. Раніцаю пакорміць свой «кульгавы атрад», а затым яны з гогатам маршыруюць да саджалкі, куды пратапталі сцяжынку. Купаюцца і падсілкоўваюцца там да самага абеду.
– Абжорлівыя, калі б не саджалка, то аб’елі б падчыстую, – ці жартам, ці то ўсур’ёз сказаў гаспадар. – Ведаеце, яны вельмі цікавыя. Кідаюцца ў ваду, ныраюць і такі шум падымаюць, хоць вушы затыкай. Я часта бяру вуду і іду за імі. Пацешуся і рыбкі адначасова налаўлю.
У штучнае азярцо Генадзь Віктаравіч запусціў карасёў і карпаў. Але і гэта не ўся жыўнасць. Як у год Казы і без казы?! У хлеўчуку стукаюць капытамі Белка і Шэрка. Яны яшчэ маладзенькія, любяць сваволіць. «Мае дзяўчаткі», – так ласкава называе іх гаспадар. І не можа налюбавацца на абедзвюх прыгажунь, якія ў хуткім часе будуць балаваць яго сваім лячэбным малачком. А ля ганка на бервяно прысела курынае «трыо» – галасісты тэнар з пеўчымі. Без гэтай птушкі не абыходзіцца практычна ніводзін падворак.
Як спраўляецца Генадзь Віктаравіч дагледзець і пракарміць усё гэта вялікае «сямейства»?
– Зусім няцяжка гаспадарку даглядаць – гэта дастаўляе мне задавальненне. Збожжа і салому купляю, а агародніна і садавіна растуць на ўчастку. У мяне ж 70 сотак агароду! Апрацоўвай, не лянуйся. Практычна ўсе прадукты харчавання ў мяне свае, экалагічна чыстыя.
Не толькі жывёлу і птушку вырошчвае здатны да работы Карнілаў. Тры гады назад пачаў садзіць сад, які сёлета аддзячыў пладамі. Зараз у яго налічваецца 95 яблынь, пераважна позніх сартоў. Расказвае, што купляў саджанцы па ўсёй Беларусі. Мае плантацыю сартавых клубніц і парэчак. Сам усё робіць на падворку па будаўнічай частцы. Адмысловы драўляны дом зрубіць на заказ, печку складзе. Адным словам, працавіты мужчына, на ўсе рукі майстар.
Надзея БАТАЛКА
Фота аўтара