«Хуткая» заўсёды гатовая да выезду

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

28-01-2015-10

У цэнтральнай раённай бальніцы Дзмітрый Пракаповіч – на пасадзе начальніка гаража. Больш за 30 машын штодзённа адпраўляюцца ў рэйс па сваім маршруце. Адны развозяць паліва на фельчарска-акушэрскія пункты, іншыя – прадукты ў бальнічныя сталовыя, некаторыя накіроўваюцца ў сталіцу па розных патрэбах… У складзе ведамаснай тэхнікі 8 машын хуткай медыцынскай дапамогі. Пяць з іх –  новыя, укамплектаваныя сучаснымі медыцынскімі прыборамі і апаратурай.

І сам Дзмітрый Аляксандравіч  да назначэння яго начальнікам гаража выконваў абавязкі вадзіцеля машыны хуткай дапамогі. За час гэтай практыкі ў яго засталося шмат гісторый, калі вадзіцелю даводзілася і шыны накладваць пацярпелым у аварыі, і дапамагаць фельчару ў іншых розных экстрэмальных абставінах. Работа брыгады хуткай дапамогі звязана з нялёгкімі начнымі дзяжурствамі. Дзмітрый Пракаповіч ведае ўсе сцяжынкі і дарогі ў раёне, куды імчалася машына хуткай дапамогі па выкліку. І ад прафесіяналізму вадзіцеля многае залежыць, каб паспець выратаваць хворага. Гэты вопыт шмат даў Дзмітрыю Пракаповічу і робіць добрую службу яму на новай пасадзе. Вадзіцелі з павагай адносяцца да начальніка гаража, які сам прайшоў сур’ёзную вадзіцельскую практыку ў медыцыне.

Цяпер у Дзмітрыя Пакаповіча адказнасць за ўсе аўтамабілі, каб яны былі гатовыя выехаць у рэйс. Клопат аб наяўнасці запчастак, своечасовым прафілактычным аглядзе і рамонце тэхнікі, укамплектаванне транспартнай службы кадрамі – колькі яшчэ паўсядзённых клопатаў у начальніка гаража з такой вялікай колькасцю тэхнічных сродкаў. Дзмітрыю Пракаповічу дапамагаюць спраўляцца з абавязкамі яго маладосць, энтузіязм, высокая адказнасць за даручаную справу і аўтарытэт.

Нам прыемна было даведацца, што цэнтральнай раённай бальніцы аддае свой прафесіяналізм і жонка Дзмітрыя Пракаповіча Ала Аляксандраўна. Яна – фельчар хуткай дапамогі. Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе  дзіцяці. У сям’і Пракаповічаў растуць дзве слаўныя дзяўчынкі.

Вялікі калектыў цэнтральнай раённай бальніцы ўпрыгожваюць такія вось сямейныя дынастыі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *