Крокі да прызнання

Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

Футбольны турнір «Кубак Садружнасці» мае сваю даволі працяглую гісторыю. Заснаваны ён быў у пачатку дзевяностых як альтэрнатыва Чэмпіянату СССР. Былыя саюзныя рэспублікі, а цяпер незалежныя дзяржавы, не маглі аддзяліцца сцяной і ў спартыўным дзействе. Таму маскоўскі «Спартак», мінскае і кіеўскае «Дынама», чэмпіёны іншых краін Садружнасці ў міжсезонне аспрэчвалі гэты ганаровы трафей. З цягам часу спаборніцтвы мянялі свой фармат. І ў апошнія гады за «Кубак Садружнасці» змагаюцца маладзёжныя зборныя краін з неабавязковай умовай, што ўваходзілі раней у СНД.

У «Кубку Садружнасці-2015» на футбольных арэнах Санкт-Пецярбурга ўдзельнічаюць 12 камандаў. Упэўнена выступае маладзёжная зборная Беларусі. Прыемна, што ў яе радах добра праяўляе сябе і стаўбчанін Уладзіслаў Жук, які выступае за сталічную каманду «Зорка-БДУ». Калі ў першай сустрэчы турніру са зборнай Туркменістана, якая закончылася з лікам 1:0 на карысць беларусаў, Уладзіслаў выйшаў на замену на апошніх хвілінах гульні, то ў далейшым яму аказвалі ўсё больш даверу. Зборную Эстоніі каманда Беларусі адолела з лікам 4:0. І тут наш зямляк адыграў 25 хвілін, паўдзельнічаў у атацы, якая прывяла да чацвёртага гола. Са зборнай маладзёжнай Фінляндыі, у матчы таксама пераможным для беларускіх футбалістаў, ён знаходзіўся на полі цэлы тайм.

Пасля спаборніцтваў у падгрупах нашым, якія паказалі лепшы вынік з усіх удзельнікаў – 9 ачкоў з рознасцю галоў 6:0, адпачываць асабліва не было калі. Наступны этап – чвэрцьфінала, і тут зборная Беларусі адолела сапернікаў з Казахстана з агульным лікам 3:1. Асноўны час закончыўся ўнічыю 1:1, пасля прабівалі пенальці, дзе больш удалымі сталі беларусы. У гэтай сустрэчы Уладзіслаў замяніў капітана зборнай Яблонскага і зноў дзейнічаў упэўнена.

Далей – паўфінал, у якім маладзёжная каманда Беларусі сустрэнецца з камандай ПАР. Футбалісты з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі да гэтага нечакана абыгралі расіян. Поспех садзейнічаў прадстаўнікам афрыканскага кантынента і ў матчы з беларусамі. Зноў у асноўны час была зафіксавана нічыя, а пенальці сапернікі прабівалі больш паспяхова. Далей зборная Беларусі ў паядынку за трэцяе месца разграміла каманду Туркменістана – 4:0. Такім чынам нашы юныя футбалісты, у саставе якіх выступаў Уладзіслаў Жук, сталі бронзавымі прызёрамі турніру.

Ф. ФЯДОТАЎ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *