На стары Новы год – «Сонцаварот»

Культура Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

28-01-2015-12

Не мяняецца добрая традыцыя ў сферы культуры раёна – на стары Новы год праводзіць урачыстае адкрыццё выставы народных умельцаў  «Сонцаварот». Гэта сапраўднае свята – афарбаванае святымі ражджэственскімі днямі, светлым настроем удзельнікаў прэзентацыі.

У гэтым годзе адкрыццё выставы прайшло з удзелам вакальнага гурта раённага Цэнтра культуры «Пяшчота». Беларускія песні, нацыянальныя строі выканаўцаў былі сугучнымі мастацкім творам, якія  прыцягвалі ўвагу, выклікалі захапленне. Такое хараство! І гэта выканана нашымі мясцовымі майстрамі.

Аліна Халявінская – нязменны кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» з 26-гадовай гісторыяй, сама майстар розных відаў творчасці, цёпла прывітала ўсіх, хто прыйшоў на ўрачыстае адкрыццё выставы, якая лічыцца своеасаблівай справаздачай клуба за год. Аліне Антонаўне да твару быў нацыянальны ўбор.

Аліна Халявінская зрабіла экскурс у мінулы год, назвала тыя фестывалі, конкурсы, імпрэзы міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога маштабу, дзе прымалі ўдзел майстры-ўмельцы Стаўбцоўшчыны. Самым яркім святам у памяці застаўся летні фестываль «Александрыя збірае сяброў» на радзіме Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Фальклорны форум стаў цэнтрам адраджэння славянскай культуры і сабраў майстроў народнага рамяства з усёй Беларусі. Многія паездкі за межы раёна сталі магчымымі дзякуючы падтрымцы начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алены Суднік, якая на ўрачыстай сустрэчы высока ацаніла дзейнасць клуба майстроў народнай творчасці, падзякавала ім за шматлікія дыпломы і ўзнагароды, прывезеныя з розных конкурсаў і фестываляў, і пажадала творчасці ў новым годзе.

30 майстроў выставілі свае мастацкія работы на суд гледача. Адметна, што ўсе работы выкананы ў розных відах творчасці, парадавала і тое, што з’явіліся новыя майстры, якія папоўнілі рады народных умельцаў Стаўбцоўшчыны. Гасцінна прынялі ў свой клуб стаўбчанку Раісу Лявончык з вельмі адметнай вышыўкай.  Хрысціна Мартыненка з Шашкоў працягвае справу сваёй маці, выдатнай умеліцы Ганны Мартыненка, і на выставу прапанавала свае вышываныя творы. Людміла Віцько са Слабады выканала арыгінальныя работы, і ніхто не здагадаўся, што яны – з газетных трубачак. Складваецца ўражанне, што карзіны, вазы, шкатулкі плеценыя з лазы. Стаўбчанка Алена Зуб прадэманстравала, якія прыгожыя работы можна выканаць з атласных стужак. Вяночкі са стужак, створаныя Людмілай Несцярук, вясёлыя і яркія, захацелася многім прымераць.

Усім радасна было бачыць майстроў народнай творчасці, якіх можна назваць мэтрамі, прызнанымі аўтарытэтамі, яны дзесяцігоддзі ў клубе «Пралеска» і пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства. У ліку іх  рэзчык па дрэве Валерый Чараднічэнка. Яго новыя работы – аб’ёмныя нацюрморты. Здаецца, што збаны сапраўдныя, так і хочацца іх узяць у рукі. Божы дар у стаўбчаніна Міхаіла Бычко, ён у гармоніі з навакольнай прыродай – умее ўбачыць у карчах, галінках жывыя істоты. Пасля яго таленавітай апрацоўкі глядзіш – і праўда, сапраўдны воўк, якога стварыла прырода, а майстар толькі падкрэсліў гэты прыродны цуд і дапамог яго ўбачыць нам. Стаўбчанка Ала Бабіцкая – прызнаны майстар вязання кручком. Яе тонкай работы сурвэткі-павуцінкі ўпрыгожаць любы інтэр’ер. На сёлетнюю выставу Ала Аляксандраўна прадставіла новы твор – звязаны кручком абрус. Сям’я стаўбчан Андрэя і Ірэны Зянько заўсёды знаходзіць час паўдзельнічаць у адкрыцці выставы народнай творчасці. Дарэчы, Андрэй Васільевіч – аўтар удалай назвы выставы «Сонцаварот», ён жа – і аўтар жывапісных работ, выкананых акварэллю. Ірэна Міхайлаўна спецыялізуецца на батыку – жывапісе на шоўку. Пейзажы Алега Новікава заўсёды  ўпрыгожваюць выставу «Сонцаварот». Алег Аляксандравіч – клад клуба «Пралеска». Кераміка Уладзімра і Людмілы Смірновых многіх прыварожвае, некаторыя збіраюць дома калекцыю іх вазачак. Усе майстры заслугоўваюць слоў удзячнасці за свой талент, сваю працу – каб стварыць твор мастацтва, патрэбна ахвяраваць часам,  бывае, і не даспаць ночы, прыкласці сілы сваёй душы і ўмельства рук.

Жывапіс Святланы Калкоўскай, вышыўкі Надзеі Булаш і Галіны Макаўчык, вязанне Вольгі Царык, пякарная скульптура Наталлі Таболіч, разьба па дрэве Леаніда Сенькі, батык і вышыўка Алены Кубрынай, вышыўка і творы з саломкі Іны Дрозд, творы з бісеру Святланы Карніцкай і Зоі Аўласінай, графіка Наталлі Шуцілавай, ювелірныя работы каваля Сяргея Безэ, лялькі і саламяныя дзівосы Аліны Халявінскай, карзінкі з сасновай дранкі Часлава Халявінскага, кераміка Алега Капусты, работы з гліны самага юнага ўдзельніка выставы вучня СШ № 2 г. Стоўбцы Мацвея Ганчаронка – усё гэта можна ўбачыць сваімі вачыма, пры жаданні – набыць у майстроў мастацкія творы. Выстава «Сонцаварот», якая злучыла старадаўнія традыцыі і сучаснасць, будзе працаваць да 14 лютага на другім паверсе раённага Цэнтра культуры.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *