Пажарная бяспека – на кантролі

Нумары У райвыканкаме Улада. Слова. Справа

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне аб стане пажарнай бяспекі ў арганізацыях раёна і мерах па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх. З інфармацыяй па даным пытанні выступіў першы намеснік начальніка РАНС А. І. Полацкі.

Аляксандр Іосіфавіч паведаміў, што за 2014 год на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна зарэгістравана 47 пажараў, на якіх загінула 8 чалавек. Асноўная частка пажараў адбываецца ў жылым фондзе і складае больш за 95% ад іх агульнай колькасці. Асноўнай прычынай гібелі людзей на пажарах з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электрасетак, электраабсталявання і пячнога ацяплення і т. п.

Найбольшая гібель людзей за апошнія пяць гадоў дапушчана ў Заямнаўскім, Рубяжэвіцкім, Мікалаеўшчынскім, Літвенскім, Шашкоўскім сельсаветах. Таму неабходна ўзмацніць работу адпаведных аглядавых камісій па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх. Асноўную ўвагу трэба звярнуць на асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Нізкімі тэмпамі вядзецца работа па аказанні дапамогі ў рамонце пячнога ацяплення і электраправодак адзінокім і адзінокапражываючым грамадзянам, інвалідам, шматдзетным сем’ям і сем’ям, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Суб’екты гаспадарання мала ўвагі ўдзяляюць бытавым умовам пражывання сваіх работнікаў, асабліва гэта тычыцца ведамаснага жылля. Таксама патрэбна звярнуць увагу органаў сацыяльнай службы на пытанні аказання адраснай сацыяльнай дапамогі катэгарыраваным грамадзянам. Толькі ў 125 домаўладаннях (кватэрах) шматдзетных сем’яў аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі аб’яднаны ў сетку з вывадам сігнала на фасад будынка. Не плануюцца сродкі на абслугоўванне аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў.

Трэба звярнуць увагу і на пажары, якія адбыліся на аб’ектах арганізацый і прадпрыемстваў. За перыяд з 2009 па 2014 год на тэрыторыі раёна зарэгістравана 16 пажараў. Сярод іх трэба адзначыць пажар у цэху па вырабе пелетаў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», загаранне франтальнага пагрузчыка ў ААТ «Вішнявецкі-агра», пажар у бытавой прыбудове на МТФ вёскі Ператокі ААТ «Агранёманскі». Прычынамі пажараў з’явіліся парушэнні правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі цеплагенерыруючых агрэгатаў, правядзенне агнявых работ, тэхнічная няспраўнасць і т. п. Устаноўлены факт адсутнасці кантролю з боку кіраўніцтва і адказных асоб указаных арганізацый за выкананнем супрацьпажарнага рэжыму на падведамасных аб’ектах.

Інспекцыяй нагляду і прафілактыкі Стаўбцоўскага РАНС у 2014 годзе праведзены 92 планавыя і 41 пазапланавая праверкі. Кантрольна праверана 19 суб’ектаў. Праведзена 162 маніторынгі суб’ектаў гаспадарання. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 71 кіраўнік на агульную суму больш за 104 млн руб.

Выяўленыя парушэнні ў большасці маюць рэжымны характар. Не арганізавана сістэма навучання работнікаў пажарна-тэхнічнаму мінімуму. Работнікамі груба парушаецца рэжым па недапушчэнні курэння па-за спецыяльнымі месцамі, хоць месцы для курэння ёсць і абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі правіл.

У абмеркаванні данага пытання прынялі ўдзел намеснік дырэктара ААТ «Агранёманскі» І. І. Скварчэўскі, дырэктар ААТ «Вішнявецкі-агра» В. І. Дзейка, намеснік дырэктара ААТ «Дзераўное» М. М. Сяліцкі, дырэктар УП «Стаўбцоўскае АКС» Д. В. Шкляр, старшыня праўлення Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства В. К. Галаўко, а таксама начальнік аддзела арганізацыі навучання насельніцтва і прафесійнай падрыхтоўкі ўстановы «Мінскае абласное ўпраўленне Міністэрства  па  надзвычайных сітуацыях  Рэспублікі  Беларусь» Д. Л. Светагор.

Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня райвыканкама Юрый Горлаў закцэнтаваў увагу на забеспячэнні выканання прадпісанняў дзяржаўнага пажарнага нагляду ўсімі прадпрыемствамі і арганізацыямі незалежна ад формы ўласнасці. Ён сказаў, што неабходна распрацаваць план мерапрыемстваў у кожнай арганізацыі. Кіраўнік раёна парэкамендаваў рашэнне па гэтым пытанні дапрацаваць і ўказаць канкрэтны тэрмін выканання кожнага пункта.

Пажарная бяспека павінна быць на пастаянным кантролі, бо ад гэтага можа залежаць і жыццё людзей.

Падрыхтавала Н. ЛЕАНІДАВА

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *