Навіны Стаўбцоўшчыны

Навіны Стаўбцоўшчыны Нумары Раённыя навіны

30-01-2015-48

З РАЦЫЯНАЛІЗАТАРСКАЙ ДУМКАЙ

ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» наладжвае вытворчасць агрэгатаў для ачысткі рэшткаў высечак. Тры эксперыментальныя, якія зроблены летась, былі перададзены на выпрабаванне Навасвержанскаму лесазаводу, у Стаўбцоўскі і ў Клецкі лясгасы, дзе выдатна сябе зарэкамендавалі. Як расказвае дырэктар Сяргей Мельнік, спецыялісты таварыства ўзялі за ўзор агрэгат, які выпускаецца у Польшчы, і ўдасканалілі яго. Рацыяналізатарскую думку праявілі кіраўнік таварыства, начальнік вытворчасці Аляксандр Пахадня і інжынер-тэхнолаг Аляксандр Панасюк. А непасрэдную работу па зборцы канструкцыі выканалі зваршчык Аляксей Станкевіч і слесар Алег Гумен.

– Мадэрнізаваны намі агрэгат  абавязкова запатэнтуем,– гаворыць Сяргей Мікалаевіч. –  Канструкцыя нескладаная, і мы можам зрабіць яе заказчыку літаральна за тыдзень. Каштуе абсталяванне ўдвая танней за замежны аналаг. Думаю, што кіраўніцтва кожнага лясгаса ў вобласці будзе зацікаўлена набыць нашу машыну і, упэўнены, застанецца задаволеным.

На здымку (злева направа): інжынер-тэхнолаг Аляксандр Панасюк, слесар Алег Гумен, начальнік вытворчасці Аляксандр Пахадня, дырэктар Сяргей Мельнік і зваршчык Аляксей Станкевіч за абмеркаваннем канструкцыі.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

ВАЖКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ

Сярод многіх паказчыкаў, якімі ацэньваецца дзейнасць сферы культуры, значным з’яўляецца аказанне платных паслуг.

У гэтым накірунку ўстановы культуры раёна ў мінулым годзе праявілі ініцыятыўнасць і ўзнагароджаны такім вынікам. На 147 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года выкананы даведзены паказчык па платных паслугах – іх аказана на  мільярд 496 мільёнаў рублёў.

Важкі ўклад у гэтую скарбонку ўнесла арганізацыя канцэртнай дзейнасці, культурна-масавых мерапрыемстваў, дыскатэк. Парупіліся для выканання даведзеных планаў і працаўнікі бібліятэк, кіраўнікі аматарскіх аб’яднанняў і гурткоў.

Такім чынам, набыты вопыт, апрабаваны новыя формы работы, што стане добрай падмогай для работы ў новым годзе.

 

ТРАНСПАРТНАЯ ПАДТРЫМКА

Аўтапарк № 17 аказвае паслугі сельгаспрадпрыемствам раёна ў ажыццяўленні разнастайных сезонных работ.

Так, за лістапад – снежань мінулага года на палеткі гаспадарак  вывезена з дапамогай аўтапрадпрыемства каля пяці тысяч тон арганічных угнаенняў.

– Мы працавалі ў ААТ «Шашкі», цяпер вядзём работы ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Дзераўное», –  адзначае начальнік аддзела перавозак і турызму аўтапарка № 17 Дзяніс Бохан. – На базе аўтапарка створана  апошнім часам звяно для вывазкі арганікі ў складзе трох адзінак грузавой тэхнікі, паслугі якой прадастаўляюцца гаспадаркам па заяўцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. 

АТРЫМАЦЬ ЗЯМЕЛЬНЫ ЎЧАСТАК? ПРАБЛЕМ НЯМА!

Атрымаць зямельны ўчастак для будаўніцтва ўласнага дома сёння фактычна не з’яўляецца праблемай.

Як патлумачыў начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Дзмітрый Астрэйка, у  сельскай мясцовасці чарга з ліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жылллёвых умоў і жадае будаваць свой дом, складае не больш за дзясятак чалавек. Чарга рухаецца хутка – на працягу двух-трох месяцаў пасля падачы заявы выдзяляецца зямельны ўчастак бясплатна.

У райцэнтры сітуацыя з участкамі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва яшчэ больш простая. Чаргавікоў на даны момант увогуле няма. Створаныя не так даўно два новыя мікрараёны індывідуальнай жылой забудовы – «Усходні» і «Паўночны-2» – задаволілі патрэбы забудоўшчыкаў і яшчэ не вычарпалі свае патэнцыйныя магчымасці. Так, у «Паўночным-2» у наяўнасці каля 180-ці незанятых зямельных участкаў. Прэтэндаваць на іх могуць і тыя грамадзяне, якія не маюць патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Праўда, набываць участак ім прыйдзецца па выніках аўкцыёну. З аўкцыёну цяпер прадаюцца і тры зямельныя ўчасткі ў мікрараёне «Усходні».

Пр

 

ПАБУДАВАЛІ МЕНШ

У 2014 годзе ў Стаўбцоўскім раёне ўведзена ў эксплуатацыю 20,7 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, што на 12 тысяч кв. м (на 36,6%)  менш, чым у 2013 годзе. На індывідуальную забудову прыйшлося 76,6% уведзенага ў эксплуатацыю жылля, ці 15,9 тысячы кв. м агульнай плошчы.

На 1 студзеня 2014 года на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у раёне, стаяла каля дзвюх тысяч чалавек. З пачатку года для гэтай катэгорыі грамадзян уведзена ў эксплуатацыю 11,7 кв. м агульнай плошчы (56,4% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля). Гэта на 2,6 тысячы кв. м менш, чым у 2013 годзе.

 

А КУПЛЯЛІ БОЛЬШ

Рознічны тавараабарот гандлю ў Стаўбцоўскім раёне праз усе каналы рэалізацыі ў 2014 годзе склаўся ў памеры 991,9 мільярда рублёў, ці 109,6% да ўзроўню 2013 года. Усяго рознічны тавараабарот склаў 829,8 млрд руб. і павялічыўся ў параўнанні з 2013 годам у супастаўных цэнах на 9,3%.

Насельніцтву прададзена харчовых тавараў на 466,9 млрд руб. (56,3% у агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту гандлю), нехарчовых тавараў  –  на 362,9 млрд руб., што склала адпаведна 105 і 114,6% да ўзроўню 2013 года.

Арганізацыямі спажывецкай кааперацыі ў 2014 годзе рэалізавана тавараў праз рознічную гандлёвую сетку 206,2 млрд руб., ці ў супастаўных цэнах 102,2% да ўзроўню 2013 года.

Рознічны тавараабарот грамадскага харчавання ў 2014 годзе склаў 37,6 млрд руб., ці 97,4% да ўзроўню 2013 года.

(Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці)

 

НА ЛЕПШАЕ АФАРМЛЕННЕ

На філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» падведзены вынікі конкурсу на лепшае афармленне кабінетаў да навагодніх святаў.

– Мы працягваем традыцыю, якая склалася на нашым галаўным прадпрыемстве,  – расказвае старшыня прафкама Таццяна Бурновіч.  –  Пастараліся работнікі ўсіх падраздзяленняў, і было вельмі прыемна, што ў нас    працуе столькі ініцыятыўных і таленавітых людзей.

Першае месца заняў калектыў бухгалтэрыі ў складзе Юліі Кійко, Марыны Бусько і Таццяны Сяўко.

Другое месца за энергетычнай службай. Заслуга Андрэя Дубкоўскага, які намаляваў фарбамі на акне прыгожага Дзеда Мароза. Трэцяе месца прысуджана работнікам эканамічнага сектара. Вызначыліся Вольга Сень і Ніна Русецкая.

Пераможцы будуць узнагароджаны грашовымі прэміямі, а ўсе астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымаюць памятныя сувеніры.

 

РАСПЛАЦІЎСЯ  «ЗУБРАМ»

33-гадовы жыхар Апечак, які паўторна пасля накладання адміністрацыйнага спагнання на працягу года сеў за руль у стане алкагольнага ап’янення, паўстаў перад судом.

Як вядома, усе паўторныя факты кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане заканчваюцца крымінальнай адказнасцю. Так, апечкаўскі парушальнік абмежаваны ў волі на 1,5 года без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і на 5 гадоў пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з упраўленнем транспартнымі сродкамі. Разам з тым, ён аштрафаваны на 200 базавых велічынь (гэта 36 000 000 рублёў). Будучы нецвярозым, ён ехаў за рулём мотаблока «Зубр», таму і гэты транспартны сродак, такі неабходны на вясковым падворку, канфіскаваны. Прыкра тое, што ў сваім маладым узросце мужчына дакаціўся да прымусовага лячэння ад алкагольнай залежнасці…

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *