75-годдзю раёна: гісторыя ў асобах

Грамадства Нумары Соцыум

30-01-2015-49

НА СЕЛЬСКАЙ НІВЕ

Вось так разам былыя кіраўнікі могуць сустрэцца на  раённых урачыстасцях, куды яны запрашаюцца як шаноўныя госці. Наш карэспандэнт падгледзеў гэты кадр на мінулагоднім свяце з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Агульныя інтарэсы, цікавасць да спраў раёна, свае ўражанні выказалі адзін аднаму (злева направа) Анатоль Крукаў, Канстанцін Ліцкевіч, Аляксандр Радзько.

Жыццё Канстанціна Ліцкевіча было звязана з работай у сельскай гаспадарцы. На зары сваёй працоўнай біяграфіі  ён працаваў аграномам  калгаса «Зара», затым – галоўным аграномам калгаса імя Суворава. У працоўнай біяграфіі Канстанціна Дзмітрыевіча –  шэсць гадоў работы старшынёю калгаса «40 гадоў Кастрычніка» з цэнтрам у вёсцы Тонава. Затым былі гады работы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама, райкаме партыі. З 1986 года Канстанцін Ліцкевіч узначаліў упраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама, а праз два гады – раённае аграпрамысловае аб’яднанне. Памятаюць Канстанціна Ліцкевіча і на  пасадзе старшыні райкама прафсаюза аграпрымысловага комплексу. Апошні запіс у працоўнай кніжцы Канстанціна Ліцкевіча – пасада саветніка старшыні Мінаблвыканкама. Канстанцін Дзмітрыевіч за сваю сумленную самаадданую працу ў аграпрамысловым комплексе краіны ўдастоены ордэна «Знак Пашаны».

Сельскай гаспадарцы прысвяціў сваё жыццё і Анатоль Крукаў. Пачатак яго працоўнай біяграфіі звязаны з працай ветфельчарам на Засульскім, затым  – Крамянецкім участку. Арганізатарскія здольнасці Анатоля Крукава дазволілі яму атрымаць пасаду намесніка старшыні, а потым і старшыні калгаса імя Пушкіна. Больш за 20 гадоў ён працаваў у гэтай гаспадарцы, пакінуў аб сабе ў людзей добрую памяць. У працоўнай біяграфіі Анатоля Міхайлавіча – кіраўніцтва райветлабараторыяй. Затым ён працаваў галоўным ветэрынарным урачом раёна, начальнікам вытворчага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, дырэктарам раённага вучэбнага цэнтра. На ўсіх гэтых адказных пасадах для належнага выканання іх патрэбна было прыкласці нямала сіл і творчай энергіі.

Аляксандр Радзько ўзначальвае ААТ «Аталезь-агра». На розных пасадах у гэтай гаспадарцы ён працуе ўжо 15 гадоў.

Былым кіраўнікам, хто знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку, такія раённыя ўрачыстасці даюць магчымасць сустрэцца, адчуць радасць, што пра іх не забываюць, даражаць іх вопытам і па-ранейшаму лічаць сваімі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НАВАКОЛАСАВА ЗАЗЗЯЕ  ФАРБАМІ

2015 год пачынаецца для Наваколасаўскага сельсавета з канструктыўных зрухаў.

Галоўным  тут лічаць тое, што накіраваны на праходжанне экспертызы генеральны план развіцця пасёлка Наваколасава.

– Дакумент ужо ў рабоце, і гэта ўсяляе ў нас вялікія надзеі  на бліжэйшую вясну, – заўважае старшыня сельвыканкама Дзмітрый Каршанкоў.

Згодна з генпланам, для жыхароў Наваколасава будуць пабудаваны тры 60-кватэрныя жылыя дамы. Прадугледжаны і зямельныя ўчасткі пад сядзібную забудову – акурат на тым месцы, дзе раней зямля выдзялялася ў часовае карыстанне для вядзення агародніцтва.    

А ў цэлым нельга не прыгадаць, што на тэрыторыі сельсавета за мінулы год з дапамогай Міністэрства абароны былі капітальна адрамантаваны два інтэрнаты воінскай часці. Такім чынам, прыведзены ў парадак усе інжынерныя сеткі, заменены дахі. Вакол будынкаў зроблены адмосткі і неабходнае добраўпарадкаванне. Фасады інтэрнатаў набылі пасля рамонту новы архітэктурны і эстэтычны выгляд: па-сучаснаму атынкаваныя, яны заззялі  фарбамі.  

Перамены закранулі і суседні пасёлак – Коласава. Тут завяршылася ўстаноўка сямі кантэйнерных пляцовак для збору цвёрдых бытавых адходаў. На кожнай – па тры кантэйнеры, якія плануецца прыстасаваць для раздзельнага збору адходаў. Усе пляцоўкі выкананы камунальнікамі згодна з прад’яўленымі патрабаваннямі: на бетоннай аснове, з агароджай, а самі кантэйнеры – пафарбаваны і аснашчаны накрыўкамі.

– Новае пакуль не зусім гладка ўваходзіць у свядомасць вяскоўцаў, – дзеліцца Дзмітрый Каршанкоў. –  Працуем з людзьмі, пераконваем іх, і ў гэтым значную дапамогу сельвыканкаму аказвае коласаўскі стараста Віктар Кузін.

Былы ваенны і чалавек па характары ініцыятыўны, энергічны, на гэтую грамадскую пасаду ён быў выбраны ў маі мінулага года. Аднак і за такі невялікі адрэзак часу шмат што паспеў зрабіць. Да прыкладу, Віктар Віктаравіч наведаўся ва ўсе 102 двары коласаўцаў, каб вывучыць пажарны стан іх домаўладанняў. Пагутарыў з гаспадарамі, даў слушныя рэкамендацыі, а пры выяўленні трывожных фактаў сігналізаваў у сельвыканкам.     

Калі вярнуцца да кантэйнерных пляцовак, то сем іх для Коласава цалкам дастаткова. Тэма гэтая вычарпана і ў цэлым на тэрыторыі сельсавета, таму што  кантэйнерныя пляцоўкі ў Наваколасаве былі ўстаноўлены даўно, з іх дапамогай пытанне збору цвёрдых бытавых адходаў наладжана.

У Наваколасаве  апошнім часам зрушваецца з месца і такое надзённае пытанне як рамонт жылога фонду. Дамы, узведзеныя ў 50-х гадах мінулага стагоддзя, патрабуюць сур’ёзных укладанняў. Камунальнікі пачалі замену старых стаякоў ацяплення жылых дамоў. На даны момант іх адрамантавана 140 метраў пагонных, і работы працягваюцца. Вядзецца рамонт цеплатрасы і сетак водазабеспячэння. У планавым парадку ажыццяўляецца і рамонт балконаў: дзевяць былі прыведзены ў парадак у мінулым годзе, столькі ж мяркуецца абнавіць і ў годзе бягучым.

Дом № 27 па вуліцы Школьнай – адзін з нямногіх на тэрыторыі раёна, дзе на 2015 год запланаваны капітальны рамонт. Для яго правядзення гатова праектна-каштарысная дакументацыя. Па гэтай жа вуліцы Школьнай мяркуецца правесці бягучы рамонт дарожнага пакрыцця з далейшым асфальтаваннем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ            

 

Яшчэ слова аб мове

Да канца студзеня прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, сярэдніх школ і раённых аддзелаў адукацыі абмяркуюць пытанне выкладання гісторыі Беларусі і геаграфіі на беларускай мове. «Гаварыць аб гісторыі Беларусі на іншай мове –  няправільна, – лічыць міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. – Але, вядома, патрэбна ўлічваць думку бацькоў. Мы не збіраемся штучна нагнятаць, насаджаць і ўкараняць сілай. Гэта павінна адбывацца паступова».

Здаецца, акрэсліць сваю пазіцыю нашаму раённаму аддзелу адукацыі няцяжка. У Стаўбцоўскім раёне пераважная большасць школ беларускамоўныя. Выкладанне прадметаў на рускай мове вядзецца толькі ў трох школах горада, а таксама ў Навасвержанскай і Коласаўскай, дзе, так сталася, большасць насельніцтва склалі перасяленцы, у асноўным з Расіі.

Моладзь заканчвае сельскія школы, многія паспяхова здаюць экзамены і паступаюць у ВНУ. Праблем не ўзнікае – мовы ж беларуская і руская роднасныя. Кожны можа размаўляць, выказваць свае думкі на той мове, на якой пажадае, толькі б яго разумелі. Афіцыйныя дакументы можна накіроўваць на любой з афіцыйных дзяржаўных моў – беларускай ці рускай.

Як тут не сказаць і пра газету «Прамень». Чытачы пацвердзяць, што яна пастаянна амаль поўнасцю беларускамоўная. Журналісты, супрацоўнікі рэдакцыі не могуць здрадзіць традыцыі – на радзіме народнага песняра Якуба Коласа пісаць па-беларуску. Разумеюць гэта і рэкламадаўцы, згодны, што іх прапановы і на роднай мове гучаць зразумела і прывабна.

Можна яшчэ гаварыць аб харастве беларускіх песень, аб тым духоўным скарбе, які таленавіта даносяць нашы мастацкія калектывы і выканаўцы. Роднае слова жыве – значыць, жыве і народ.

Ад патэтыкі даводзіцца вяртацца да рэалій жыцця. Усё ж у зносінах, гутарцы гучыць амаль паўсюдна руская мова. Толькі па-беларуску будуць гаварыць з табой настаўнікі, пісьменнікі, прадстаўнікі іншых творчых прафесій, нават калі яны ўсё жыццё ходзяць у «пачынаючых». Лічу, што той-сёй хоча хаця б гутаркай паказаць сваю адметнасць, перавагу. Толькі даўно заўважана: цэняць не за тое, што і як сказаў, а як зрабіў.

Нас часцей за ўсё папракаюць за размову на «трасянцы». А вось падумаем. Калі хто трапляў за мяжу, жыў там нейкі час,  які  цяжкаадольваемы бар’ер яму перашкаджаў? Відаць, моўны. І калі нават мову гэтую стараўся асвоіць па падручніках, дапаможніках, усё роўна часам было непаразуменне. Справа ў тым, што на чыста літаратурнай мове наўрад ці хто размаўляе. Існуюць дыялекты, моўныя асаблівасці ў тым ці іншым рэгіёне. І яшчэ. Ці пакутуюць жыхары ЗША ад таго, што афіцыйная мова ў іх англійская? Ці значная колькасць краін Паўднёвай Амерыкі церпяць ад размовы на іспанскай або французскай мове?

Але ж дрэннае веданне мовы, канкрэтна ў нашай краіне, як рускай, так і беларускай, – гэта яўнае бескультур’е. І вучыцца пісьменнасці трэба з малых гадоў, са школы. З удзячнасцю мы ўспамінаем сваіх настаўнікаў, жадаем добрых педагогаў дзецям. А чаму мы, бацькі, вучым сваіх дзяцей? Непавага да роднай мовы – гэта ж і непавага да сваёй радзімы.

Сустракаюся часам са сваімі аднакурснікамі, некаторыя з якіх выкладаюць у школах. Дык вось мне расказвае настаўнік беларускай літаратуры адной са сталічных школ. «Коласа вывучаем, аповесць «На прасторах жыцця». Падымаю вучня, прашу пераказаць змест. Перадае тэкст, здаецца, правільна, але толькі на рускай мове. Дык што, яму двойку ставіць?»

Ці нечаканыя трывогі настаўніцы, удакладню, не мовазнаўцы. Вучні выказалі папрок, што ў яе беларускі акцэнт. «А ў якой краіне мы жывём?» – не ведае, ці пераканаўчым стаў яе аргумент. Адчуваецца: пэўную навуку давялі нашчадкам бацькі.

Манкурт – слова, прыведзенае ў творах Чынгіза Айтматава, стала крылатым. Гэта значыць чалавек, які забыўся пра свае родавыя карані. І такое забыццё вельмі сумнае.

Роднае слова як гонар, і слова як фетыш  – прадмет пакланення, «разменная манета» ў довадах і перакананнях, а магчыма і дзеяннях. У гэтым супрацьстаянні надзвычай важна захаваць раўнавагу. Бо падзел людзей на тых, хто гаворыць і не гаворыць «па-нашаму», можа прывесці да нацыяналістычных, нават агрэсіўных адносін. «Аранжавыя рэвалюцыі», усім вядомыя трагічныя падзеі недалёкага ад нас Поўдня прымушаюць быць пільнымі і абачлівымі.

А канкрэтна, калі гісторыю дый геаграфію Беларусі ва ўсіх школах пачнуць выкладаць толькі па-беларуску, то, здаецца, большасць будзе гэта толькі вітаць. Наша зямля – нашы і гісторыя з геаграфіяй. Наконт жа мовы праблему, здаецца, можна разглядаць і з іншага боку. Увогуле аб пашырэнні моўных даляглядаў у грамадстве. Імкліва развіваецца навука, той адстане, хто не паспее за тэмпам яе руху. Мову праграмавання, іншыя тэрміны ў сферы інфармацыйных тэхналогій цяжка асвоіць не ведаючы англійскай. Ды і ўвогуле ў эпоху глабалізацыі, маючы толькі адна- ці двухмоўны арсенал, асаблівых вышынь не толькі ў навуцы, але і на практыцы не дасягнеш. Даводзілася размаўляць з ураджэнцамі Кітая, В’етнама, афрыканскага кантынента. Студэнты, які займаюцца ў нашай сталіцы, свабодна размаўляюць на рускай мове. Не забываючы на роднае слова, і мы самі, і нашы дзеці, унукі будзем імкнуцца асвойваць і іншыя мовы. Мы ж жывём у дваццаць першым стагоддзі.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *