Падзеі і здарэнні

Навіны Стаўбцоўшчыны Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне два шлюбы. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 22 маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: Міхаіл Шалькевіч, Вольга Гарановіч, Мацвей Гапееў, Данііл Дзядовіч, Марк Калодзінскі, Назар Красноў, Ганна Цярэня, Цімур Рачок, Іван Траццяк, Софія Барташэвіч, Макар Дзеардзінцаў, Руслан Леўкавец, Аляксей Пешко, Аляксей Гучак, Фёдар Дзядко, Васіліна Крыкала, Ксенія Кудрэвіч, Уладзіслаў Лукашэнка, Авігея Сергіевіч, Паліна Смірнова, Мікалай Смальянінаў і Цімафей Суднік.

Зямны шлях закончыўся для 16-ці чалавек. 

 У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. Пажар адбыўся ў лазні турбазы «Высокі бераг». Людзі былі эвакуіраваны да прыбыцця пажарных і не пацярпелі. Прычына пажару высвятляецца. У Сцяцках успыхнуў хлеў (домаўладанне і гаспадарчыя пабудовы выкарыстоўваюцца як дачныя). Для ўстанаўлення прычыны здарэння матэрыял перададзены ў райаддзел міліцыі.

Міліцыяй зарэгістравана 136 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 16 крымінальных спраў, у 12-ці з іх устаноўлены падазраваемыя. З памяшкання Рочавіцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа выкрадзена камп’ютарнае абсталяванне. З двара ў Тулёнцы знік трактарны плуг, а з дома   вяскоўца – прадукты. Непадалёку ад чыгуначнай станцыі Стоўбцы махляр завалодаў грашовымі сродкамі, паабяцаўшы прадаць пацярпеламу ноўтбук і мабільныя тэлефоны.

 Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету выяўлены факт незаконнай здабычы лася на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібацкі». Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа. Вядзецца пошук асоб, якія маюць дачыненне да  гэтага злачынства. Шкода, нанесеная прыродзе, ацэньваецца ў 162 000 000 рублёў. 

 Пракуратурай раёна на падставе паступіўшай заявы ад аператара машыннага даення МТФ «Цэнтр» ААТ «Дзераўное» праведзены маніторынг выканання патрабаванняў працоўнага заканадаўства ў частцы своечасовасці выплаты сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску. Пацвердзілася, што наймальнік парушыў тэрміны яго выплаты заяўніку. На адрас дырэктара гаспадаркі вынесена прадстаўленне, пасля чаго адпускныя былі выплачаны. Намеснік дырэктара прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, у адносінах да яго пракуратурай складзены адміністрацыйны пратакол і накіраваны для разгляду ў суд раёна.

Суд прыгаварыў да 180 гадзін грамадскіх работ 31-гадовага жыхара Новых Рубяжэвічаў, абавязаную асобу, – за ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. 50-гадовы жыхар Русакоў узвёў на сваім участку самавольныя пабудовы, за што аштрафаваны на 3 600 000 рублёў.

ДАІ выявіла 123 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое нецвярозых і трое вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 30 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася пяць дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

Санітарнай службай раёна забаронена рэалізацыя ў гандлёвай сетцы 9,3 кг прадукцыі з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці. Пратэрмінаваная прадукцыя была выяўлена ў магазінах г. Стоўбцы № 23 райспажыўтаварыства і УП «Стаўбцоўскае ХПП». Парушальнікі аштрафаваны.  

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *