Прафсаюзнае жыццё

Агратурызм Год моладзі Нумары Паездкі, экскурсіі

30-01-2015-51

УРОК ПАТРЫЯТЫЗМУ

На мінулым тыдні маладыя спецыялісты аграпрамысловага комплексу раёна здзейснілі экскурсійную паездку ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ініцыятарамі і арганізатарамі мерапрыемства выступілі райкам прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Непасрэдна перад ад’ездам з маладымі спецыялістамі меў размову намеснік начальніка райсельгасхарча  Іван Загдай, які падкрэсліў, што ў такім саставе маладым людзям рэдка выпадае сустракацца, таму ёсць нагода не толькі наведаць музей, каб не забываць нашу гісторыю, а і змястоўна правесці вольны час, пазнаёміцца адзін з адным і абмяняцца думкамі.

На працягу ўсёй дарогі да сталіцы маладыя людзі не сумавалі. Яны праслухалі цікавы экскурс у гісторыю Стаўбцоўшчыны, даведаліся і аб  сённяшніх дасягненнях раёна, з якімі пазнаёміла экскурсавод Галіна Грэкава. І хоць пераважная большасць спецыялістаў –  ураджэнцы нашага раёна, але і яны пачулі для сябе шмат чаго новага.

У музеі экскурсія пачалася з месца, дзе 24 красавіка 2010 года на суботніку Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу з пасланнем нашчадкам. Гэтае месца, дзе будзе гарэць Вечны агонь, абрамлена словамі: «Тут захоўваецца памяць аб тых, каму мы абавязаны жыццём».

Экспазіцыя музея складаецца з тэматычных блокаў і размяшчаецца ў дзевяці залах. Самы першы экспанат – аўтамабіль «ГАЗ-А», якую называлі «палутаркай». Моладзь з цікавасцю слухала экскурсавода і даведалася,  што вадзіцель Павел Міхайлаў, якога з першых дзён вайны прызвалі разам з аўтамабілем на фронт, ваяваў пад Масквой, вазіў грузы ў блакадны Ленінград і вывозіў адтуль дзяцей, даехаў на ім да Берліна. Пасля заканчэння вайны камандаванне падарыла стараннаму салдату гэты аўтамабіль, на якім ён працаваў да самай пенсіі, а пасля сваёй смерці завяшчаў музею. Усе са здзіўленнем пачулі, што машыну прыгналі сюды сваім ходам. Варта адразу дадаць, што пасля заканчэння экскурсіі некаторыя маладыя людзі вярнуліся да экспаната, каб сфатаграфавацца на фоне гэтай сапраўднай рэліквіі.

У кожным блоку музея функцыянуе свой цэнтр з рэканструкцыяй гістарычнага сюжэту, дзе ажыўлены гістарычныя падзеі з выкарыстаннем сучасных тэхналагічных дасягненняў сусветнай музейнай практыкі –  менавіта для стварэння «жывой экспазіцыі». Прысутнічае аснашчэнне гукавым афармленнем, рознымі аўдыя- і відэасродкамі.

У залах прадстаўлены танкі, гарматы, копіі самалётаў, легендарная «Кацюша», зброя, фотаздымкі, асабістыя рэчы і ўзнагароды ўдзельнікаў баёў. А таксама дзве вялікія дыярамы, кавалак сцяны Брэсцкай крэпасці, імітацыя партызанскай зямлянкі, друкарні, і шмат чаго  іншага…   Усё гэта заінтрыгоўвае,  нібыта акунаешся ў рэальнасць падзей тых далёкіх гадоў. Асаблівае захапленне і незабыўнае ўражанне пакінула сваім урачыстым выглядам зала Перамогі. Яна ўся іскрыцца. На мармуровых сценах залатымі літарамі напісаны назвы франтоў, воінскіх частак і злучэнняў, і імёны герояў, якія вызвалялі нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Удзельнікі паездкі выказалі падзяку  старшыні райкама прафсаюза Тамары Калошыч за дадзеную  магчымасць наведаць музей, які пакінуў у душы кожнага глыбокі след. Тамара Іосіфаўна сказала, што музей як сімвал доблесці і славы беларускага народа ў барацьбе з фашызмам прызваны выхоўваць у нашых людзей, і асабліва ў моладзі, патрыятызм і гатоўнасць абараняць Радзіму. Ніхто не павінен забываць гэтыя падзеі, каб яны не паўтарыліся зноў. Такія экскурсіі збліжаюць і выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, што вельмі важна ў нашы дні. І дадала, што  сёлета,  у Год  моладзі, райкам прафсаюза яшчэ не адзін раз парадуе маладых людзей сельгаспрадпрыемстваў рознымі мерапрыемствамі, і адно з  бліжэйшых –  зімовая спартакіяда. А ўвогуле кіраўніцтвы раёна і райсельгасхарча плануюць неўзабаве сустрэцца з маладымі спецыялістамі і пагутарыць аб праблемах, адказаць на хвалюючыя пытанні. 

 

З УВАГАЙ І КЛОПАТАМ ДА ЛЮДЗЕЙ

Напрыканцы снежня мінулага года старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ТАА «СЖК «Налібакі» Міраслаў Грыгаровіч браў удзел у рабоце V Пленума Савета Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, дзе разам з іншымі аспектамі падкрэслівалася і важнасць стварэння прафсаюзных арганізацый  на прадпрыемствах недзяржаўнай уласнасці. Міраслаў Лянгінавіч якраз і прадстаўляў такую арганізацыю. 

– Міраслаў Лянгінавіч, вы ўпершыню прысутнічалі на такім высокім форуме. Якія вашы ўражанні?

– Спадабалася спакойная, канструктыўная і дзелавая абстаноўка. Уся размова, якая вялася, была скіравана на тое, каб прафсаюзы і надалей працягвалі работу па забеспячэнні працаўнікоў сацыяльнымі гарантыямі, абаранялі іх правы і інтарэсы. Мне далі слова. Хваляваўся, але ўсё прайшло нармальна. Прысутныя ўважліва слухалі, калі расказваў пра дзейнасць нашай пярвічкі. І хачу падкрэсліць, што зроблена намі для членаў прафсаюза нямала.

– Прафсаюзная арганізацыя, якую ўзначальваеце, яшчэ даволі маладая – у студзені ёй споўнілася толькі два гады. А як удалося пераканаць людзей стварыць пярвічку і стаць членамі прафсаюза?  

– Хачу сказаць, што нялёгка было гэта зрабіць. Работнікі таварыства спачатку не хацелі нас слухаць. Некаторыя былі адкрыта супраць, іншыя проста адмоўчваліся. Каб зацікавіць людзей, мы правялі з кожным растлумачальную работу, матывуючы членства ў прафсаюзе. Папярэдне арганізавалі сходы на ўсіх фермах. Прывялі працаўнікам прыклады работы прафсаюзаў іншых сельгаспрадпрыемстваў, асабліва ў арганізацыі вольнага часу сваіх працаўнікоў. Расказалі пра калектыўны дагавор, які  будзе абараняць іх інтарэсы. І гэта дало плён. На агульным сходзе работнікі таварыства напісалі заявы. Цяпер усе задаволены, што ў нас ёсць прафсаюзная арганізацыя, і падтрымліваюць мяне ва ўсіх пачынаннях.

– І колькі ў пярвічцы налічваецца членаў прафсаюза?

– Ахоп прафсаюзным членствам у нас стопрацэнтны. На вытворчасці працуюць 138 чалавек, сярод якіх 74 – жанчыны. У асноўным гэта жывёлаводы і механізатары. Праца іх нялёгкая, таму людзі нашы заслугоўваюць асаблівай увагі і павагі. І мы стараемся ім дагадзіць.

Сумесна з кіраўніцтвам таварыства  прыкладаем намаганні, каб ва ўсіх была дастойная заработная плата. Згодна з прынятым калектыўным дагаворам аказваем матэрыяльную дапамогу. Падтрымліваем маральна. Здзяйсняем экскурсійныя паездкі. Усе з нецярпеннем іх чакаюць і рыхтуюцца загадзя.За перыяд работы нашы працаўнікі пабывалі ў Санкт-Пецярбургу, Адэсе, Маскве і засталіся вельмі задаволенымі. Дзеці работнікаў ездзілі ў цырк. Штогод арганізоўваем для механізатараў экскурсіі па гістарычных месцах Беларусі. Яны пабывалі ў Нясвіжскім палацава-замкавым комплексе, Мірскім замку. Цікава праводзім навагоднія святы. Асабліва ўсім запомніцца святкаванне гэтага Новага года, якое праходзіла са святочным феерверкам.

– Умовы працы і быту работнікаў таксама ў полі вашага зроку. 

– Безумоўна. Дзякуючы намаганням адміністрацыі паляпшаюцца ўмовы працы на фермах шляхам правядзення рэканструкцый. Пастаянна падтрымліваецца парадак у бытавых, душавых і падсобных памяшканнях. На кожнай ферме ёсць воданагравальнікі. Паэтапна закупляем і ўстанаўліваем пральныя машыны-аўтаматы. Зрабілі ацяпленне ў бытавых памяшканнях і кабінеце брыгадзіра. Закупілі і паставілі новыя гардэробныя шафы. 

– Ахова працы – адзін з важных момантаў. Як арганізавана работа ў даным накірунку?

– У мэтах бяспекі мяняецца старое абсталяванне на новае. Рэгулярна выдаём спецадзенне, сродкі індывідуальнай абароны, гігіены. На кожнай ферме ёсць грамадскі інспектар па ахове працы і тэхніцы бяспекі, які ажыццяўляе пастаянны кантроль на даручаным яму ўчастку. Кожны апошні чацвер месяца праводзіцца Дзень аховы працы. Усе, хто прыходзіць да нас на работу, праходзяць медыцынскі агляд, з імі праводзяцца інструктажы. Важна захаваць здароўе працаўнікоў. А ўвага і клопат, якія праяўляюцца да людзей, робяць іх больш упэўненымі.

– А як з дысцыплінай працы, ці праводзіцца прафілактыка п’янства і алкагалізму?

– Рэгулярна правяраем работнікаў на алкагольнае ап’яненне з дапамогай «алкатэстара». Кожную раніцу гэтую працэдуру праходзяць механізатары і вадзіцелі. На працягу дня выбарачна можам праверыць любога працаўніка. Ды і ўвогуле ў нас пастаянна вядзецца прафілактычная работа з тымі, хто злоўжывае алкаголем. Мы практычна выкаранілі гэтую заганную звычку і   вярнулі на цвярозы шлях 39 чалавек, якія прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Дысцыпліна працы ў нашай арганізацыі на ўзроўні.

– І што ў далейшых планах?

– Працягваць працаваць на карысць людзей. Ужо нямала зроблена, але мы будзем імкнуцца і далей паляпшаць умовы працы і дабрабыт нашых работнікаў. Дырэктар Віталій Кушнер заўсёды ідзе насустрач нашым просьбам і прапановам. Адлічэнні ў прафсаюз складаюць адзін працэнт ад налічанай заработнай платы ў гаспадарцы. Гэта дазваляе арганізоўваць культурна-масавую работу і праводзіць іншыя арганізацыйныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя расходы.

 

ПАЧУЦЬ ДОБРАЕ СЛОВА

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя  СЗАТ «Агракамбінат «Колас» –  адна з самых маладых у раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У таварыстве створаны дзве пярвічкі: адна на  птушніку ў Любкаўшчыне, другая – на перапрацоўчым камбінаце ў Зарэччы. У першай старшынёй  абрана Таццяна Доўнар.

– Калі было прынята рашэнне стварыць прафсаюзную пярвічку, то асабліва ўгаворваць людзей не трэба было, многія самі праявілі ініцыятыву, – расказвае Таццяна Міхайлаўна. –  Аднак членамі прафсаюза сталі не ўсе, на ўліку ў нашай арганізацыі пакуль што толькі палова работнікаў – 70 чалавек. Мы праводзім сярод працаўнікоў растлумачальную работу, і рады нашы паступова папаўняюцца.  

Пасля стварэння прафсаюзнай арганізацыі грамадская работа на прадпрыемстве ажывілася. Улічваючы, што пярвічка існуе толькі на ўзносы членаў прафсаюза, правесці маштабныя мерапрыемствы пакуль  няма магчымасці. Аднак члены прафсаюза матэрыяльна заахвочваюцца да святаў, іх дзецям выдзяляюцца пуцёўкі ў санаторыі.

– І кіраўніцтва ў многіх пытаннях ідзе нам насустрач, хоць калектыўнага дагавору ў нас няма, – дадае Таццяна Доўнар. – Мы падтрымліваем людзей і маральна, бо добрае слова бывае даражэйшым за матэрыяльнае багацце. Людзі гэта бачаць і, думаю, зробяць для сябе адпаведныя вывады.

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *