Зваротная сувязь

Грамадства Нумары Прамая лінія

30-01-2015-52

І ДАПАМОГА, І ІНІЦЫЯТЫВА

Згодна з графікам райвыканкама, прамую тэлефонную лінію ў мінулую суботу праводзіў старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Р. Казякоўскі. 12 тэлефанаванняў – сведчанне актыўнасці і даверу грамадзян да раённай улады ў аператыўным вырашэнні іх праблем.

Адразу тры тэлефанаванні паступілі ад гараджан, якія пражываюць па вуліцы Свярдлова. К. М. Мачоная (дом 39, кв. 23) просіць дапамогі ў тым, каб пазбавіцца бытавых нязручнасцяў. Часта здараюцца перабоі з паступленнем у кватэру гарачай вады. У падвале сырасць. Аб мокрым падвале сігналізуе і яе суседка з 21-й кватэры Т. М. Бабкова. Яна таксама даводзіць, што часам відаць, як з месца камунікацый падымаецца пара. А ў двары парушылі стойкі вяровак для бялізны. Л. С. Кацяленец (вул. Свярдлова, д. 34, кв. 17) скардзіцца на холад і сырасць у кватэры. Трэба мяняць вокны.

Пытанні, як запэўнівае А. Р. Казякоўскі, ставяцца на кантроль. Датычаць яны ў асноўным камунальнай службы, а таксама раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

З. В. Якімава ў сваім тэлефанаванні паведаміла, што жыхары завулка Сацыялістычнага з задавальненнем прачыталі ў газеце «Прамень» аб тым, што завулак занесены ў раённы план правядзення добраўпарадкавання. Толькі перш чым пачаць асфальтаванне, пажадана памяняць трубу водазабеспячэння, бо яна працякае. Суседзі згодны самі аплаціць яе кошт. Зінаіда Васільеўна агучвае таксама праблему, важную для многіх. Пажадана ў раёне прывакзальнай плошчы, магчыма –  за гасцініцай, абсталяваць аўтастаянку. Каля аўтавакзала спыняюцца аўтобусы, далей – стаянка таксі. А дзе ўладальніку аўтамабіля спыніць яго, каб не перашкаджаць руху?

А. М. Казлоўскі з аграгарадка Аталезь сігналізаваў аб даўняй праблеме з водазабеспячэннем. Справа вырашылася б хутчэй, каб гаспадарка перадала камунікацыі для абслугоўвання водаканалу.

І добраўпарадкаванне, і ўзаемаадносіны з суседзямі –  матывы іншых тэлефанаванняў. Жыхарка вёскі Кондратавічы М. У. Бяроза мае прэтэнзіі на суседскі ўчастак, што не апрацоўваецца. Аднак жа патрэбны згода ці адмова спадчыннікаў, якія маюць права атрымаць гэтае ўладанне. Л. Д. Паўлоўская з Новага Свержаня скардзіцца на суседзяў – маўляў, памыі выліваюць у яе двор, плот не мае неабходнай «празрыстасці». Гэтыя пытанні можна разглядаць і кантраляваць на ўзроўні мясцовай, сельвыканкамаўскай улады. А вось сігнал з вёскі Ячнае ад Т. Ю. Сахар адразу патрабаваў размовы старшыні райсавета з начальнікам экалагічнай службы раёна і звароту да дырэктара ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Вывозячы арганіку з фермы, неабходна прадугледзець сітуацыю, каб гноевыя сцёкі не траплялі на ўчасткі і ў двары жыхароў.

Паступілі два тэлефанаванні адносна выплат. Пытанне з затрымкай заработнай платы адразу ж было знята, аб чым паведаміла заяўніца. А вось факт, аб якім паведаміла жыхарка Любкаўшчыны В. І. Ланкевіч, аб нясвоечасовых разліках за здадзенае малако, трывожны.

Пытанне ад А. Ф. Філіповіч вельмі слушнае: «Ці мае яна, гадуючы пяцярых дзяцей, першачарговае права на залічэнне ў дзіцячы сад самага малога». Для рэагавання пытанне накіравана начальніку  аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.

Пытанні могуць быць розныя, часам нечаканыя, якія датычаць не толькі бытавых праблем. Л. В. Сянкевіч з Задвор’я ставіць такое: «Ці магчыма стварыць у нас прытулак для бяздомных жывёлін?» Калі арганізаваць дыскусію, то пункты гледжання хутчэй за ўсё былі б рознымі. Толькі, зразумела, каб справу наладзіць, патрэбны сродкі, а таксама энтузіязм людзей, згодных да грамадскага шчыравання. Праблемныя пытанні на кантролі, па меры магчымасці яны будуць вырашацца. А дзесьці і самім трэба турбавацца, падстаўляць плячо.

Публікацыю падрыхтаваў Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *