Зваротная сувязь

Грамадства Нумары Прамая лінія

30-01-2015-53

АБ УТРЫМАННІ ЖЫВЁЛЫ

Адбылася прамая тэлефонная лінія з галоўным ветурачом раёна Анатолем Гусачонкам па пытаннях ветэрынарнага абслугоўвання жывёлы. І прайшла яна даволі ажыўлена.

– Хачу прадаць мяса свініны на Калгасным рынку ў Стоўбцах. Як гэта ажыццявіць?

– Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджаны «Ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання прадукцыйнай жывёлы ва ўласных падсобных гаспадарках грамадзян». У правілах запісана, што ў мэтах забеспячэння ветэрынарнага дабрабыту забой буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней і коней, для наступнай рэалізацыі мяса і мясапрадуктаў, робіцца ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць такую дзейнасць. Гэта значыць, што перад забоем жывёлы неабходна абавязкова звярнуцца ў дзяржаўную ветэрынарную службу для правядзення агляду яе клінічнага стану. Калі не ўзнікне пытанняў, ветэрынарны ўрач выдасць выпіску суправаджальнага  дакумента на мясаперапрацоўчае прадпрыемства. Пасля забою і правядзення ветсанэкспертызы мяса, спецыялістам прадпрыемства афармляецца пасведчанне якасці. Мяса, да рэалізацыі яго на рынку, захоўваецца ў халадзільнай камеры арганізацыі, якая ажыццявіла забой.

Жыхар Кнотаўшчыны пацікавіўся, ці можна ў іх вёсцы гадаваць свіней.

–  У Кнотаўшчыне трымаць свіней можна. Рашэннем райвыканкама ад 20 студзеня бягучага года забаронена разводзіць свіней толькі ў вёсках  Крамец і Навапольцы Вішнявецкага сельсавета, і вёсцы Грабёнаўшчына Мікалаеўшчынскага сельсавета. Данае рашэнне прынята згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1057 ад 10.11.2014  «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь» ад 29.08.2013 № 758 п. 20 «Ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання прадукцыйнай жывёлы ва ўласных  падсобных гаспадарках грамадзян». З дакумента вынікае, што ўтрыманне свіней фізічнымі асобамі ва ўласных падсобных гаспадарках грамадзян забараняецца ў радыусе не менш за два кіламетры ад свінагадоўчых фермаў і комплексаў праектнай магутнасцю больш за 12 тысяч галоў у год. А таксама ў радыусе не менш за паўкіламетра ад свінагадоўчых фермаў магутнасцю да 12 тысяч галоў у год.

Жыхары Задвор’я, Вішняўца, Халаімаўшчыны, Дзераўной, Кляцішча цікавіліся, якое ў раёне становішча па афрыканскай чуме свіней.

–  Становішча па афрыканскай чуме свіней у нашым раёне і Рэспубліцы Беларусь добрае. З мэтай недапушчэння распаўсюджвання гэтага захворвання на тэрыторыі рэспублікі, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. Нагадваю, што здаровая жывёла заражаецца пры кантакце з хворымі свіннямі або іх трупамі. Праз кармы, асабліва праз харчовыя адходы, якія ўтрымліваюць рэшткі прадуктаў забою ад заражаных свіней. А таксама праз ваду, прадметы догляду, адзенне і абутак асоб, якія ажыццяўлялі догляд  жывёлы, транспартныя сродкі, забруджаныя выдзяленнямі хворай жывёлы. Таму ўладальнікам свіней неабходна строга прытрымлівацца патрабаванняў па біялагічнай абароне сваёй гаспадаркі.

Марыя Жукоўская са Стоўбцаў спыталася, ці здараліся апошнім часам выпадкі, калі дамашняя і дзікая жывёла хварэла на шаленства.

– Летась у раёне зарэгістраваны шэсць здарэнняў. У трох выпадках хворымі былі лісы, у двух –  сабакі і кот. У 2013 годзе здарыліся тры выпадкі. У раёне праводзіцца прафілактычная работа па недапушчэнні ўзнікнення шаленства сярод дамашняй і дзікай жывёлы. Прышчэплены 6223 сабакі і 7261 кот. Пры дапамозе авіяцыі шляхам скідвання бліц-прыманак у выглядзе маленькіх брыкетаў праведзена імунізацыя дзікай драпежнай жывёлы, лісіц і ваўкоў з мэтай прафілактыкі захворвання на шаленства. У Стаўбцоўскім аб’яднанні камунальных службаў ёсць магчымасць рабіць адстрэл бадзяжных сабак і катоў. Звяртаю ўвагу жыхароў раёна на тое, што дамашнія гадаванцы павінны быць  прывіты супраць шаленства ў абавязковым парадку. Сабакі павінны ўтрымлівацца на прывязі ў вальеры.

Жыхарка  з райцэнтра спыталася, дзе можна зрабіць прышчэпкі катам і сабакам і ці можна вызваць ветурача дадому.

–  Прышчапіць гадаванца супраць шаленства, чумы драпежных жывёлін, правесці іншыя прафілактычныя мерапрыемствы, стэрылізацыю, кастрацыю, дыягностыку і лячэнне  захворванняў можна ў Стаўбцоўскай участковай ветлячэбніцы. Распарадак работы – з 8 да 16 гадзін штодзённа, у суботу –  з 8 да 13 гадзін. Па тэлефоне 5-31-49 можна атрымаць кансультацыю і вызваць ветурача дадому. Паслуга гэтая платная.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *