Ніколі не думала, што так зменіцца маё жыццё пасля выхаду на пенсію… Ніводнай свабоднай мінуты, усё справы, справы, справы. Міласцівы Гасподзь кожнаму дае сваё паслушэнства. Нам толькі патрэбна ўсё аддаць у Яго рукі. Усё ўладкуе, ва ўсім накіруе. Рашыцеся, хто яшчэ не зрабіў гэтага, і вы пазнаеце Мудрасць Божую.
Вось і мне чарговы послух дадзены Госпадам: аказваць дапамогу анкахворым дзеткам і іх сем’ям, а таксама дзецям з нядобранадзейных сем’яў. І што б я адна зрабіла на гэтай ніве, калі б не падтрымка нашых прыхаджан, а таксама веруючых хрысціян з Фаніпаля, Дзяржынска, Узды? Калі б не падтрымка свяшчэннаслужыцеляў і сястрыцтва пры Стаўбцоўскім Свята-Аннінскім храме? Толькі ўсе разам мы зрабілі і робім гэтую высакародную справу. Нізкі вам паклон, людзі з добрымі сэрцамі і чыстымі душамі! «Сердце чисто созижди во мне, Боже, и дух прав обнови во утробе моей», – чытаем мы ў цара Давіда. А інакш як палюбіць бліжняга і дапамагчы яму?
А дапамога аказана істотная. Колькі пасылак з абуткам і адзеннем адпраўлена тым, хто мае патрэбу, колькі грашовых пераводаў атрымана сем’ямі анкахворых дзетак! (У сястрыцтве Свята-Аннінскага храма ў гэтым накірунку вядзецца строгі ўлік).
Дапамога адзеннем і абуткам аказана пражываючым у псіханеўралаічным доме-інтэрнаце ў вёсцы Куль. Мы не пакідаем без увагі і сваіх прыхаджан, у якіх ёсць патрэба, а таксама перасяленцаў з суседняй дзяржавы, дзе не спыняюцца ваенныя дзеянні. Няхай дапаможа ім Гасподзь і памілуе!
У дні святак мы выязджалі ў Мінск з падарункамі для дзіцячага анкацэнтра ў Бараўлянах з канцтаварамі, кнігамі, развіваючымі гульнямі (гэтыя пасылкі нам былі прадастаўлены стаўбцоўскай гімназіяй № 1), адзеннем, абуткам, цацкамі для сацыяльнага цэнтра «Счастливый малыш». Асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць Наталлі Мікалаеўне Гамза за добраахвотныя паслугі вадзіцеля і грузчыка.
Бог спадобіў нас у гэты дзень пабыць яшчэ ў Свята Елісавецінскім манастыры ў час служэння перад іконай Божай Маці «Усецарыца», якая мае дабратворны ўплыў на хворых з рознымі пухлінамі. Вось такая яна, любоў Міласцівага Бога.
Таццяна ІГУМНАВА, бібліятэкар бібліятэкі Стаўбцоўскага Свята-Аннінскага храма