Выхаванне

Адукацыя Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

30-01-2015-55

АД САДКА ДА ШКОЛЫ

Навучанне ў школе – новы этап у жыцці дзіцяці, і падрыхтавацца да яго трэба не толькі дзецям, але і бацькам. Вучоба ў першым класе патрабуе ад дзіцяці ўмення паводзіць сябе на ўроках, уважліва слухаць тлумачэнні настаўніка, выконваць яго просьбы, указанні і разнастайныя заданні, іншымі словамі – прымаць на сябе ролю вучня. Таму прадугледжваецца, што дзіця павінна дасягнуць пэўнага ўзроўню інтэлектуальнага, эмацыянальнага і матывацыйнага развіцця. На жаль, у апошнія гады бацькі, ды  часам і выхавацелі ў дзіцячым садзе, вырашаюць пытанне гатоўнасці дзіцяці да школы аднабакова, клапоцячыся пра тое, каб малое навучылася чытаць, лічыць, пісаць.  Перавагі такога ранняга навучання выяўляюцца толькі ў першыя два-тры месяцы школьнага жыцця. Але як толькі на ўроках узнікае неабходнасць праяўляць самастойнасць, падумаць над вырашэннем больш ці менш складанай задачы, паразважаць, зрабіць выснову, такое дзіця пасуе, чакае дапамогі ад дарослага.

Спецыяльныя даследаванні паказваюць, што ў працэсе навучання першакласнікаў большасці з іх, нягледзячы на індывідуальныя адрозненні, уласцівы цяжкасці арганізацыі ўвагі, няўмення планаваць, самастойна выконваць складаныя вучэбныя задачы. І калі ў дашкольным узросце недастатковая сфарміраванасць згаданых вышэй працэсаў практычна непрыкметная, то ў школе такія дзеці не могуць паспяхова выконваць указанні, інструкцыі настаўніка, не даслухваюць заданні да канца, а таму збіваюцца ў ходзе іх выканання.

Каб пазбегнуць такіх праблем пры пераходзе з дашкольнай установы ў першы клас, патрэбна, каб паміж дзіцячым садам і школай была наладжана сістэмная работа па пераемнасці. Работа па пераемнасці прадугледжвае ўзаемнае наведванне школы і дзіцячага сада з мэтай азнаямлення з формамі работы, удзел у педагагічных саветах, такіх як «Старэйшы дашкольнік – будучы першакласнік», вывучэнне праграм навучання ў дзіцячым садку і ў першым класе, правядзенне адкрытых урокаў і заняткаў.

Адной з найбольш эфектыўных формаў сумеснай работы з’яўляецца педагагічны кансіліум. Педагагічны кансіліум дае магчымасць прааналізаваць цяжкасці ў навучанні і выхаванні першакласнікаў, выявіць прычыны ўзнікнення гэтых цяжкасцяў у настаўнікаў і вучняў і распрацаваць неабходныя кіраўніцкія меры.

Адбыўся чарговы педагагічны кансіліум па тэме «Пераемнасць у рабоце дзіцячага сада і школы – аснова паспяховага навучання». У межах кансіліуму выхавацельніца дзіцячага сада Таццяна Мікалаеўна Ярашэвіч правяла ўрок па матэматыцы «Вуліца квадратаў». Настаўніца першага класа Таццяна Адамаўна  Ярашэвіч падрыхтавала тэматычны ўрок беларускай мовы. Вопытам работы па развіцці пазнавальных працэсаў, крэатыўнасці, мовы, матэматычных уяўленняў падзялілася Лілія Мікалаеўна Звярынская, загадчыца ДУА «Любкаўшчынскі дзіцячы сад». Я, як намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце, пазнаёміла ўдзельнікаў педагагічнага кансіліуму з вынікамі дыягностыкі ўзроўню  развіцця дзіцяці. На педагагічным кансіліуме таксама былі прааналізаваны цяжкасці ў навучанні першакласнікаў і распрацаваны неабходныя кіраўніцкія рашэнні.

На заключэнне хочацца сказаць, што станоўчыя вынікі адаптацыі дзяцей да школы і навучання будуць там, дзе наладжаны цесныя кантакты настаўнікаў і выхавацеляў, арганізаваны абмен вопытам, пастаянна аналізуюцца якасць падрыхтаванасці дзяцей да школы, узровень развіцця іх здольнасцяў.

Ірына МАМАЙКА, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Любкаўшчынская сярэдняя школа»

 

СЯМ’Я – НАШ НАДЗЕЙНЫ ПРЫТУЛАК

Сёння сотні дзяцей у нашай краіне мараць, каб у іх дзяцінстве з’явіліся мама, сям’я, дом. Гэтыя дзеці чакаюць, гадзінамі глядзяць у вокны, калі прыйдуць і забяруць іх. Узяць у дом чужое дзіця, падзяліць з ім прытулак і ежу – гэта адзін з нешматлікіх учынкаў, якія высока ацэньваюцца ў любой краіне. Сапраўды, усынавіць або ўдачарыць дзіця – гэта велізарны крок, і перад тым, як гэта зрабіць, трэба мільён разоў падумаць, ці зможам мы справіцца з асаблівасцямі дзіцяці, ці зможам зноў навучыць яго верыць, давяраць, радавацца жыццю, быць шчаслівым.

Самае яркае ў памяці чалавека – як ты пражыў сваё дзяцінства. Асаблівы колер, асаблівы пах  –  усё гэта застаецца з намі на ўсё жыццё. Мабыць, не раз кожны з нас задаваўся пытаннямі: «А як пражывае сваё дзяцінства дзіця, якое трапіла ў цяжкую жыццёвую сітуацыю або наогул стала сіратой?», «Які ўплыў аказвае сістэмнае жыццё прытулку на душу дзіцяці?», «Якая дапамога яму патрэбна?». Гэтым дзецям патрэбна дзяцінства гэтак жа, як і іншым, але яшчэ гэтыя дзеці шукаюць у дарослых прыклад для жыцця. Яны шукаюць таго, хто зможа адкрыць ім новае, дапамагчы адужаць і здабыць унутраны супакой. Кожны марыць аб шчаслівай сям’і. Але гэта залежыць ад нас, ад таго, наколькі мы гатовыя прыкладаць свае намаганні. Бо гэта асабістыя адносіны паміж людзьмі розных пакаленняў, поглядаў і перакананняў, якія вымушаны пастаянна вырашаць бытавыя пытанні разам. Вядома, бываюць і канфлікты, і спрэчкі. Але, самае галоўнае – гэта паважаць адзін аднаго. Галоўная памылка людзей у роднасных адносінах, гэта тое, што яны пачынаюць успрымаць адзін аднаго як належнае. Вось з чужымі мы заўсёды ветлівыя, а дома можна накрычаць на каго-небудзь, таму, што гэта ж тваё! Родныя людзі – гэта падарунак лёсу, які мы павінны шанаваць. А сям’я – наш надзейны прытулак у вялікім  свеце.

Кацярына БЕЦЬ, педагог сацыяльны сацыяльна-педагагічнага цэнтра

 

ПРЫГАЛУБІЦЬ ПАЧАТКОЎЦАЎ

Пасвячэнне ў першакласнікі. Такое свята прайшло ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў.

Уся канцэртная праграма была скіравана на тое, каб удзяліць увагу маленькім талентам, каб яны адчулі, што іх тут любяць, гатовы ім дапамагчы і чакаюць ад іх стараннасці ў раскрыцці сваіх здольнасцяў, авалодванні мастацкімі дысцыплінамі.

Дзеці разам з бацькамі атрымалі магчымасць паглядзець выдатны канцэрт, у якім прымалі ўдзел лепшыя вучні музычнай школы. Першакласнікі з задавальненнем глядзелі на выступленні, і ў іх вачах былі радасць і захапленне.

Дзеці, якія ўжо не першы год вучацца ў школе мастацтваў, паказалі першакласнікам тыя таленты, якія ім дапамаглі развіць выкладчыкі. Наталля Цярэшка, нягледзячы на вельмі юны ўзрост, сыграла п’есу на фартэпіяна. Вакальны ансамбль хору «Верасень» па-майстэрску выканаў дзве цудоўныя песні: «Мамчын вальс» і «Быў месяц май». Ансамбль «Гама Джаз» прадэманстраваў выдатную ігру на скрыпцы. Таксама дзеці ўбачылі выступленні  Анастасіі Доўнар, Аляксандры Карнавухавай, Кацярыны Кутас, Дарыны Пашкоўскай і іншых.

Мастацтва – вялікая сіла. Я прысутнічала на гэтым урачыстым пасвячэнні і бачыла, як першакласнікі выходзілі са школы шчаслівымі і натхнёнымі.

 

ВЫХАВАЦЬ ДОБРЫЯ ЗВЫЧКІ

У нашай школе праводзіцца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Далучыць да здаровага ладу жыцця школа імкнецца не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы дапамагаюць дзецям з ранняга ўзросту выхаваць у сабе добрыя звычкі і навыкі, а бацькам – яшчэ раз зацвердзіцца ў каштоўнасці  здароўя.

 У спартландыі «За здароўе ўсёй сям’ёй» былі задзейнічаны вучні  трэціх класаў і іх бацькі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі класныя кіраўнікі  Г. М. Латушка  і Ж. М. Якжык. У спартландыі «Хто хутчэй» спаборнічалі вучні чацвёртых класаў. Падтрымлівалі вучняў у спаборніцтве іх першыя настаўнікі Т. М. Ненадавец, Т. В. Макарэвіч, М. В. Ермаковіч.

 У спартландыі «Хуткія, смелыя, спрытныя» спаборнічалі каманда настаўнікаў і каманда вучняў. Мерапрыемства прайшло выдатна – са спартыўным духам, воляй да перамогі, сяброўствам, павагай камандаў-саперніц.

 Таксама вельмі цікавым мерапрыемствам быў конкурс агітбрыгад «Мы – за здаровы лад жыцця». Вучні 7-8 класаў расказвалі, што яны разумеюць пад словамі «здаровы лад жыцця», чаму ўпэўнены ў яго неабходнасці і каштоўнасці. Асаблівую актыўнасць праявілі каманды 7 «Д» класа (класны кіраўнік – Н. Ф. Петачэнка) і 9 «Д» класа (класны кіраўнік – І. К. Асоўская).

У снежні ў нашай школе прайшла бацькоўская сустрэча «Мы выбіраем жыццё і здароўе». Выхаванне ў вучняў здаровага, моцнага духу –  не толькі задача педагогаў. У наш час вельмі важна засцерагчы падлеткаў ад такіх страшных праяў, як алкагалізм, курэнне, ўжыванне наркотыкаў. У школах вельмі часта праводзяцца мерапрыемствы, асноўная задача якіх – прафілактыка гэтых негатыўных з’яў, засцярога дзяцей ад тых трагічных сітуацый, якія могуць прынесці наркотыкі, алкаголь, спайсы  і т. п. Цяпер  у нашай школе наладжана супрацоўніцтва з кінавідэапракатам, што спрыяе правядзенню мноства кіналекторыяў, сярод якiх –  «Пра шкоду алкаголю – проста прыдуманае, альбо Горкая праўда», «Асцярожна, спайс!».

Спадзяюся, што шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя абароне маладых хлопцаў і дзяўчат ад гэтых страшных прэпаратаў, пакажуць ім, што часта за хвіліннае задавальненне можна расплаціцца жыццём.

 Кацярына IГНАТОВІЧ, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы

 

КВАТЭРА ЗДАЕЦЦА НА СУТКІ…

Стоўбцы – горад правінцыйны. Але, размешчаны ў нейкай гадзіне язды ад сталіцы, злучаны з ёю рэгулярным чыгуначным рухам, ён усё больш адпавядае сутнасці спадарожніка Мінска. І хаця афіцыйна гэты статус у адносінах да нашага райцэнтра не быў устаноўлены, у рэальным жыцці ўсё выглядае значна прасцей, канкрэтней.

Знаходзяцца прадпрымальныя стаўбчане, якія дух мегаполіса закідваюць і ў нашу правінцыю. А калі свежым павевам пацягне, то адкуль толькі бяруцца імпэт, жаданне хутчэй акунуцца ў гэта новае, на сабе адчуць яго і паспрабаваць. Здаецца, не так даўно папулярнымі былі камп’ютарныя клубы, а вось на змену ім прыйшлі модныя більярдныя і фітнес-клубы, боўлінгі, піцэрыі… І не дзіўна: а чым мы горшыя за жыхароў сталіцы? Цалкам нармальна, калі і ў нашай моладзі ёсць выбар:  куды пайсці і дзе культурна правесці час. Але я, напэўна, так і не даведалася б, што ў забаўляльным асартыменце з’явіўся новы для нашага сціплага райцэнтра від паслуг, і што навінка гэтая «пераплюнула» тыя, якія прыйшлі да нас раней, калі б не адно знаёмства.

Першымі ў новым годзе ў камісію па справах непаўналетніх  з міліцыі паступілі два адміністрацыйныя пратаколы, якія датычаць адзінаццацікласніка гімназіі № 1. Пра яго будучае паступленне, выбар прафесіі ці жорсткія ўмовы ЦТ размова тут не ідзе. Маладога чалавека напаткалі іншыя праблемы (шкада, што яны паўплываюць і на яго далейшы лёс) – няўдала адзначыў свой дзень нараджэння, 17-ты па ліку. Для гэтага ён зняў у Стоўбцах кватэру на суткі (свабода – амаль што Мінск!), куды і запрасіў сваіх сяброў. Маці хлопца пра гэта нічога не ведала. Кампанія сабралася вялікая, у яе складзе былі дзяўчаты і хлопцы. Ад іх, напэўна, паступіла вялікая колькасць тостаў і здравіцаў, таму што госці «адцягнуліся» на поўную, так, што забыліся дзе знаходзяцца. Сярод ночы на ўціхамірванне іх шумнай кампаніі суседзі выклікалі міліцыю…

Да таго, як міліцыя прыбыла на здымную кватэру, усе госці… разбегліся. Уцякалі, відаць, шпарка, ног не чуючы пад сабою, бо міліцыянераў сустрэў адзін толькі «гаспадар»-імяніннік. Але і ён, як небезвядомы герой адной з ваенных драмаў Аркадзя Куляшова, не захацеў «здаваць» нікога. Ні ў той момант, ні пазней. Выгарадзіў усіх, каго паклікаў на сваю «тайную вячэру».  Адпаведна, і ўсю адказнасць за яе ўзяў на сябе.

Разам з тым, медыцынскі агляд зафіксаваў у крыві непаўналетняга імянінніка не па гадах бурлівую стыхію. Бурліў унутры алкаголь. 2,6 праміле з улікам яго юначай камплекцыі – гэта сапраўды «конская» доза. І, акрамя таго, сам факт алкагольнага ап’янення – тая акалічнасць, што абцяжарвае віну правапарушальніка, які ў начны час не даваў суседзям адпачываць, прымушаў іх хапацца за галаву і за валяр’янку…

Цяпер хапацца за валяр’янку пара і бацькам юнака. Тыя грашовыя запасы, якія падкінулі хлопцу да дня нараджэння любімыя бабулі, патрачаны на аплату здымнай кватэры, на накрыццё стала. А вось на штраф – сродкаў ужо не засталося. Не абысціся тут без матулінай дапамогі. А гэта немалая сума – 540 тысяч рублёў. Крыўдна і настаўнікам, якія проста незлічоную колькасць разоў гаварылі сваім вучням пра здаровы лад жыцця, прыводзілі прыклады і спадзяваліся на іх самастойнасць, даросласць… Хаця малады чалавек і не «рассакрэціў» імёны, і не пералічыў па пальцах запрошаных, аднак, можна меркаваць, што за інцыдэнтам “на хаце» стаіць ледзьве не цэлы клас. Гэта ўжо не смешна. Кожны з гэтых людзей, збегшы адзін раз у цень, не дай Бог падумае, што ўдасца выйсці беспакараным і  другі, трэці раз…

А ў імянінніка ўсё пайшло кулём з першага разу. Здаецца, такі ўраўнаважаны гімназіст, а пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Яму, у рэшце рэшт, і бацькоўскі давер трэба неяк заваёўваць, бо падман яшчэ нікога не выводзіў на правільную дарогу.

У паветры павісла і іншае, не менш актуальнае, пытанне: «Як магчыма такое – здаць кватэру на суткі непаўналетняму?» Відавочна, што дарослы чалавек, які ўручаў ключ ад сваёй кватэры і ўзамен, па дамоўленасці, атрымаў 300 тысяч рублёў, цудоўна ўсведамляў хто яго кліент. І пра намеры ягоныя на бліжэйшыя суткі, думаю, таксама пацікавіўся. І ўсё роўна не ўстояў перад спакусай зарабіць хуткія грошы. Бізнес! У Стоўбцах, мяркую, не такі ажыятажны попыт на «кватэру на суткі», як, напрыклад, у Мінску, а таму не захацелася ўпускаць і гэты шанц. Здаецца, ісціна – грошы не пахнуць – існуе з таго часу, як у адносіны паміж людзьмі ўвайшлі грашовыя знакі.

Па гэтым факце органамі правапарадку была праведзена праверка законнасці прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакументы ў «іпэшніка» аформлены належным чынам… У раённага выканаўчага камітэта, куды накіравана інфармацыя, ёсць права прыняцця мер уздзеяння да прадпрымальніка.

…Святочны торт з 17-цю свечкамі так і застаўся незадутым…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *