Каб людзі былі здаровыя

Медыцына Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

2-02-2015-9

З СЯСТРЫНСКІМ ДОГЛЯДАМ

Трэці месяц у Дзераўнянскай участковай бальніцы працуе аддзяленне сястрынскага догляду. Гэтае структурнае падраздзяленне заклікана забяспечыць кваліфікаваны медыцынскі догляд людзей пажылога і састарэлага ўзростаў, адзінокіх інвалідаў пры адсутнасці неабходнага догляду іх дома. Памер кампенсацыі за прабыванне ў аддзяленні сястрынскага догляду вызначаецца ў памеры 80 працэнтаў ад пенсіі.

Усе 20 ложкаў у аддзяленні сястрынскага догляду занятыя, ёсць яшчэ заявы, і камусьці патрэбна пачакаць, калі вызваліцца месца. Тут ціха, спакойна, і многія застаюцца на паўгода.

У аддзяленні асаблівая атмасфера хрысціянскай любові, дамашняй утульнасці, клопату. Амаль палова з пацыентаў аддзялення – ляжачыя людзі. Іх патрэбна пакарміць з лыжкі, пераслаць пасцель, ажыццявіць гігіену, прыбраць палату, як належыць. Хто хоць раз сутыкнуўся з сітуацыяй догляду ляжачага хворага, ведае, колькі фізічных і душэўных сіл на гэта патрэбна. У Дзераўнянскай участковай бальніцы, дзе працуюць у асноўным мясцовыя людзі, і якая знаходзіцца на вялікай адлегласці ад райцэнтра, амаль палову членаў калектыву складаюць людзі пенсіённага ўзросту. У многіх з іх, як у памочніка ўрача Ганны Карневіч, (здымак 2) увесь медыцынскі стаж работы звязаны з Дзераўнянскай бальніцай. Гэта кваліфікаваныя кадры, якімі вельмі даражаць, якія ніколі не падвядуць, якіх любяць аднавяскоўцы за іх адданасць медыцынскай справе.

З добрым позіркам, простая Стафанія Босая (здымак 5) гаворыць, што яна 30 гадоў адпрацавала на ферме даяркай. Калі адкрылася аддзяленне сястрынскага догляду, яе папрасілі прыйсці папрацаваць. Работы яна не баіцца. За змену паспявае не адзін раз пакарміць ляжачых, пераслаць пасцель, паправіць падушку, паднесці вады, ажыццявіць працэдуры іх асабістай гігіены, памыць падлогу. І галоўнае – сагрэць іх сваімі дабрынёю і цярпеннем. У складзе малодшага медыцынскага персаналу гэтага аддзялення і такія рупліўцы як Часлава Гарыцкая, Вера Гаптар, Людміла Гівойна, Іна Гумарава.

Загадчыца сястрынскага аддзялення Алена Недзень (зымак 1) мае вялікі стаж работы медыцынскаю сястрою ў Ніўнянскім дзіцячым садзе. Яна і цяпер выконвае такія абавязкі па сумяшчальніцтве, толькі ў Дзераўнянскім дзіцячым садзе. Медыцынскімі сёстрамі ў аддзяленні сястрынскага догляду працуюць Ванда Ваньковіч (на здымку 4), Тэрэза Канавал, Таццяна Свекатун. Як у любым стацыянарным аддзяленні, і тут графік работы медперсаналу кругласутачны. Так што ў медыцынскім плане назіранне за падапечнымі пастаяннае. Многія з іх удзячныя за дзяржаўны клопат, што прынята рашэнне аб адкрыцці такіх структурных падраздзяленняў пры бальніцах як аддзяленні сястрынскага догляду.

Дзераўнянская ўчастковая бальніца па-ранейшаму працягвае аказваць тую ж медыцынскую дапамогу сельскім жыхарам, як і раней. Працуюць стацыянар на 30 бальнічных ложкаў, пункт хуткай медыцынскай дапамогі, амбулаторыя на 50 наведванняў у змену. Падчас прыёму пацыентаў у амбулаторыі і быў зроблены здымак галоўнага ўрача участковай бальніцы, тэрапеўта з вялікім стажам работы Алены Буржымскай (здымак 3). Акрамя Алены Антонаўны ў бальніцы працуе ўрач агульнай практыкі Людміла Грыгаровіч.

Працаўнікам мясцовых арганізацый на месцы выпісваецца бальнічны лісток, не трэба траціць часу на паездкі і блізкім, калі родны чалавек знаходзіцца на стацыянарным лячэнні. Тут усё на месцы. Акрамя жыхароў Дзераўнянскага сельсавета, на прыём у Дзераўнянскую ўчастковую бальніцу прыязджаюць жыхары Налібацкага і іншых бліжэйшых сельсаветаў. Рэжым работы медыкаў – у складзе калектыву 55 спецыялістаў – вельмі напружаны. Усе бальнічныя ложкі занятыя, і на прыёме ў амбулаторыі пастаянна ёсць наведвальнікі. Дзераўнянская бальніца не страчвае добрую рэпутацыю ў пацыентаў нашага раёна.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота аўтара

 

ПА ПУЦЁЎКАХ — У САНАТОРЫІ, ЗДРАЎНІЦЫ

На працягу ўсяго мінулага года работа па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні ўсіх катэгорый грамадзян і дзяцей нашага раёна праводзілася згодна з зацверджаным планам на 2014 год. Асноўным дакументам у рабоце з’яўляецца Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542 «Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва». У 2014 годзе санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў нашым раёне атрымалі 3 142 чалавекі, з іх 3 010 дзяцей.

За сродкі сацыяльнага страхавання пуцёўкі ў санаторыі выдзяляюцца для працуючых і іх дзяцей на прадпрыемствах, арганізацыях, дзе створаны і працуюць камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Усяго ў раёне створана 116 камісій. Такім чынам аздароўлены 211 чалавек, у тым ліку працаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, у санаторыях – 61, у санаторыях дарослага і дзіцяці з суправаджэннем – 40, у дзіцячых санаторыях – 110.

На працягу 2014 года ў аздараўленчых лагерах усіх тыпаў аздароўлены 2 824 дзіцяці. На працягу летняга перыяду аздараўленне было арганізавана для 1 884 школьнікаў. На аздараўленне дзяцей у лагерах падчас вясновых, летніх, восеньскіх і зімовых канікулаў Прадстаўніцтвам Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні выдзелена 1,3 мільярда рублёў. Выдзеленыя сродкі дзяржаўнай датацыі выкарыстаны своечасова і па назначэнні. Даведзеныя планы нават перавыкананы, паколькі праведзена мэтанакіраваная работа па паляпшэнні арганізацыі аздараўлення дзяцей як у загарадных аздараўленчых установах, так і ў лагерах дзённага прабывання, арганізаваных на базах устаноў аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Асаблівая ўвага была нададзена аздараўленню дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, а таксама з малазабяспечаных, няпоўных, шматдзетных сем’яў, а яшчэ тых, якія стаяць на розных відах уліку. З фінансавых сродкаў рэзервовага фонду райвыканкама на гэтыя мэты выдзелена для аздараўлення 71 мільён рублёў. Толькі ў летні перыяд аздароўлена 59 дзяцей-сірот, 18 дзяцей-інвалідаў, 400 дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

За сродкі рэспубліканскага бюджэту пуцёўкі ў санаторыі выдаюцца дзецям і дарослым, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзецям-інвалідам, інвалідам І і ІІ груп, інвалідам, удзельнікам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ветэранам Міністэрства працы і ветэранам працы сілавых структур.

Важкі ўклад ў вырашэнне многіх вострых праблем дзяцінства ўносіць прэзідэнцкая праграма «Дзеці Беларусі». З году ў год асаблівая ўвага надаецца лячэнню і адараўленню дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У першым паўгоддзі 2014 года ў дзіцячых аздараўленчых цэнтрах «Надзея», «Ждановічы» атрымалі санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне 45 вучняў Цясноўскай СШ імя Ф. Э. Дзяржынскага, якія пражываць і навучаюцца ў забруджанай радыенуклідамі зоне ад 1 да 5 кюры.

Па заявах бацькоў і прадастаўлення ўсіх неабходных дакументаў санаторна-курортнае лячэнне ў суправаджэнні дарослых у такіх здраўніцах як «Рассвет», «Свіслач», «Пралеска», «Лазурны», Лепельскі ваенны санаторый, санаторый «Беларусь» у г. Друскінінкай атрымалі сем дзяцей-інвалідаў.

На працягу года пастаянна вядзецца прыём пенсіянераў, інвалідаў, ветэранаў працы. Пуцёўкі выдаюцца згодна з чаргою, парадак і выдача іх вызначаецца заканадаўчымі дакументамі. Пазачарговае і першачарговае права на атрыманне пуцёвак маюць інваліды, ветэраны, удзельнікі Вялікай Айчынанй вайны першай і другой груп. У 2014 годзе было выдадзена 39 пуцёвак: тры – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, 21 – інвалідам, 15 – ветэранам працы. На чарзе на атрыманне льготных пуцёвак стаіць больш за 300 чалавек, з іх 74 інваліды.

На працягу года праводзілася работа па выкананні даведзеных планаў па бюджэтах. З прыведзеных лічбаў бачна, што на першым плане – аздараўленне дзяцей і падлеткаў. У сучасны момант ёсць магчымасць задаволіць усе заяўкі ў дзіцячыя санаторыі. Гэтыя здраўніцы шматпрофільныя і аказваюць медыцынскую дапамогу па ўсіх відах захворванняў – органаў дыхання, кровазвароту, стрававання, касцёва-мышачнай, мочапалавой  сістэм, зроку. Дзецям у санаторыях створаны ўсе неабходныя ўмовы для вучэбна-выхаваўчага працэсу, санаторнага лячэння і адпачынку.

Спалучэнне прыродных лячэбных фактараў, сучаснай дыягнастычнай базы, комплексу лячэбных працэдур і збалансаванага харчавання, камфортных умоў пражывання і цікавага адпачынку ў дзіцячых здаўніцах «Баравічок», «Налібацкая пушча», «Случ», «Солнышко», «Радуга», «Росинка», «Богатырь», «Беларусь» у г. Друскінінкай умацоўваюць здароўе нашых дзяцей.

Здароўе – самая вялікая каштоўнасць, таму імкніцеся яго захаваць, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымасці.

Раіса ЛАЗАР, галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Стаўбцоўскім раёне



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *