Святымі днямі

Культура Нумары

image_pdfimage_print

театр

Прыемнай нечаканасцю, сапраўдным ражджэственскім падарункам для ўзорнага тэатра «Батлейка» і ўзорнага драматычнага тэатра «НаДзея»  Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў стала запрашэнне арганізацыйнага камітэта 12-й духоўна-асветніцкай выставы-кірмашу «Ражджаство Хрыстова» прыняць удзел у святочнай праграме ў Палацы мастацтваў у Мінску.

У рамках выставы прайшоў фестываль харавога і песеннага мастацтва і І Рэспубліканскі фестываль батлеечных тэатраў.

Узорны тэатр «Батлейка» пад кіраўніцтвам Наталлі Сіняўскай паказаў абразок «Цар Ірад», а  ўзорны тэатр «НаДзея» пад кіраўніцтвам Алены Шуцько  – тэатралізаваную пастаноўку «Ангелы». Выступленні гэтых двух дзіцячых тэатраў былі вельмі яркімі і прыгожымі. На працягу фестывальнага дня тэатры зрабілі тры пастаноўкі перад гледачамі. Абодва калектывы атрымалі дыпломы.

Ролю прыгожых светлых Ангелаў выканалі Мікіта Шуцько і Валерыя Яўсейчык, а артыстамі «Батлейкі» выступілі Іван Сіняўскі, Наталля Далідовіч, Юлія Пугач, Надзея Трасцянка.

Вучні і педагогі Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў атрымалі невыказнае ўражанне не толькі ад выступлення, знаёмства з іншымі юнымі акцёрамі, але і ад самой атмасферы праваслаўнай выставы «Ражджаство Хрыстова».  Яны сагрэліся цяплом, добразычлівасцю, малітвенным настроем. Змаглі набыць сувеніры і падарункі да свята, стаць удзельнікамі спектакляў іншых дзіцячых тэатраў.

Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў і ў сябе на месцы  пастаралася зрабіць прыгожую ражджэственскую праграму з удзелам дзіцячых калектываў, тэатраў. Атрымалася выдатнае святочнае прадстаўленне, якое не адзін раз паказвалася на сцэне. Бацькі маглі парадавацца таму, чаго дасягнулі іх дзеці, займаючыся з таленавітымі педагогамі ў школе мастацтваў. Гэтыя канцэрты стварылі святочны фон ва ўсёй мясцовасці.

Дарэчы, зноў стала запатрабавана памяшканне былога Маладзёжнага цэнтра ў Дзераўной, якое шэсць гадоў не дзейнічала. Зроблены касметычны рамонт, і цяпер выдатная зала са сцэнай зноў прымае гледачоў.

Цуд каляднай зоркі

Узорны харэаграфічны ансамбль «Лявоначкі» сабраў поўную залу гледачоў на ражджэственскі канцэрт «Цуд каляднай зоркі» ў раённым Цэнтры культуры. У ліку гледачоў былі бацькі, дзядулі, бабулі, родныя ўдзельнікаў гэтага выдатнага танцавальнага калектыву, які мае шмат узнагарод розных конкурсаў у нашай краіне і за мяжою. Апошнюю ўзнагароду – дыплом ІІ ступені – ансамбль прывёз нядаўна з міжнароднага конкурсу са Швецыі.

У ражджэственскім канцэрце прынялі ўдзел усе ўзроставыя групы. Прадстаўленне атрымалася яркім, насычаным па рэпертуары, вельмі прыгожым. Ансамбль мае адметныя касцюмы на кожны харэаграфічны нумар. Для ўсіх прысутных выступленне юных танцораў на сцэне стала  сапраўдным святам. Убачыць, чаго дасягнулі дзеці, было вялікай уцехай для бацькоў.

Праграма святочнага канцэрта ўключала сольныя вакальныя нумары. Маленькія артысты цешылі слых песнямі, а яшчэ – тэатралізаванай вершаванай пастаноўкай на тэму Ражджаства. У зале было светла ад атмасферы дабра, прыгажосці, ад вершаваных радкоў, у якіх дзеці славілі Богадзіця Хрыста. Маленькія дзеці ў прыгожых белых уборах выглядалі, як анёлы. Усе, хто прыйшоў у гэты дзень на канцэрт, былі ў захапленні. Многія прыходзілі да думкі, што патрэбна скарыстоўваць магчымасць наведваць канцэрты, якія цяпер часта праводзяцца ў Цэнтры культуры, атрымліваць мінуты радасці ад судакранання з мастацтвам.

Па праву нязменны кіраўнік узорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» Людміла Несцярук і харэограф Ала Ярмак прымалі падзякі бацькоў і ўсіх прысутных на канцэрце за прафесіяналізм, той вялікі ўклад, які яны ўносяць у эстэтычнае развіццё дзяцей.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *