Бяспека – у кожны дом

Акцыі Грамадства Нумары

З 2 па 27 лютага на тэрыторыі раёна пройдзе рэспубліканская прафілактычная акцыя – «Бяспека – у кожны дом».

У рамках акцыі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведаюць арганізацыі і прадпрыемствы, школы і дзіцячыя сады, сустрэнуцца з жыхарамі раёна і яго гасцямі ў месцах масавага знаходжання людзей, каб чарговы раз нагадаць: наша бяспека – у нашых руках.

– Штогод у Беларусі адбываецца больш за 7 тысяч надзвычайных сітуацый, з-за іх гінуць сотні людзей, – тлумачыць інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга САЛЕЙ. – У большасці выпадкаў пажаранебяспечныя сітуацыі ствараюць самі людзі. Калі гаварыць аб курэнні, то на момант пажару практычна 90 працэнтаў загінуўшых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Ці маглі гэтыя людзі адэкватна ацэньваць рэчаіснасць і думаць пра бяспеку? Канешне ж, не.     

– Колькі патрэбна часу, каб цыгарэта ў руках п’янага чалавека прывяла да пажару?

– Акурак, які тлее, трапіўшы на пасцельныя рэчы, праз 15 мінут прыводзіць да загарання. У гэтым выпадку патрэбна ўсяго тры мінуты, каб чалавек атрымаў смяротную дозу чаднага газу. Як правіла, большасць падобных пажараў здараецца ноччу, выяўленне іх суседзямі ці іншымі вяскоўцамі адбываецца, калі дом практычна поўнасцю ахоплены агнём. Паведамленне ў дзяжурную службу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паступае вельмі позна, а таму чалавек, які знаходзіцца ў доме, гіне.

– У разгары ацяпляльны сезон. Якая асноўная небяспека падсцерагае ў гэты перыяд?

– Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры ўстройстве і эксплуатацыі пячнога ацяплення – адна з распаўсюджаных прычын узнікнення пажараў. Да гэтага могуць прывесці адсутнасць перадтопачнага ліста, незакрытая топка, перакал печы, трэшчыны ў дымаходзе, складзіраванне каля печы гаручых матэрыялаў і т. п. Згадзіцеся, ухіленне гэтых прычын не патрабуе асаблівых фінансавых выдаткаў. Патрэбна толькі жаданне чалавека кіраваць сваёй бяспекай.

– Большасць з нас прызвычаіліся да свайго ўкладу жыцця і нічога не хочуць мяняць, пакуль не здарыцца бяда.

– Так, пакуль не здарыцца бяда, многія нават і не задумваюцца, што яе можна было б пазбегнуць. Да прыкладу, дастаткова было проста выключыць пасля работы камп’ютар, выцягнуць з разеткі зараднае прыстасаванне, адрамантаваць электраправодку… Надзвычай небяспечна перагружаць электрычную сетку, пакідаць электрапрыборы ў рэжыме чакання ці выкарыстоўваць няспраўныя электрапрыборы. Пра гэта нельга забываць.

Люты – месяц кароткі, але ўвесь будзе запоўнены актуальнымі для грамадства пытаннямі – бяспечнай жыццядзейнасці.           

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *