Родны край

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

2-02-2015-11

ЛЮБЛЮ ПРЫРОДУ, ПРЫГАЖОСЦЬ СВАЁЙ ПУШЧЫ

У мінулым годзе Валерый Макоўскі трапіў па размеркаванні пасля Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ў Бярэзінскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У маладога дзяржаўнага інспектара пачаліся  няпростыя будні. Сярод іх – начныя рэйды на катары па вялікай рацэ Бярэзіне, дзе водзіцца не толькі рыба, а і нямала аматараў яе незаконнай здабычы. Паступова ўцягваўся ў работу, але цягнула бліжэй да дому, на Стаўбцоўшчыну. У верасні, калі ўзікла вакансія ў Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі, быў пераведзены на працу сюды.

Валерый вырас сярод пушчы, у вёсцы Каменка (Налібацкі сельсавет). І, як нярэдка бывае, і бацькаў прыклад узяў на ўзбраенне. Яго бацька, Іван Валянцінавіч, працуе егерам рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібацкі», не раз браў з сабою сына карміць дзікіх жывёл. І на сялянскім падворку Макоўскіх не зводзіцца розная дамашняя жыўнасць – каровы, свінні, куры… Валерый з дзяцінства прывучаны да таго, што трэба дапамагаць  іх карміць, чысціць.

Бацькі дапамаглі абоім сваім дзецям, сыну і дачцэ, атрымаць вышэйшую адукацыю. Ужо і бабуляй з дзядулем яны сталі дзякуючы дачцэ Анастасіі, урачу. А малодшы Валерый пакуль не жанаты, але, падзяліўся, таксама мае сур’ёзныя намеры на стварэнне сям’і. З Вольгай, з якой займаліся на адным факультэце, сябруюць на працягу ўсіх гадоў студэнцтва. Дзяўчына родам з Гомельшчыны і пакуль працуе на сваёй радзіме. «Плануем з Вольгай узяць шлюб і працаваць на Стаўбцоўшчыне», – пасвячае ў сваё патаемнае Валерый.

– Бацькі задаволены вашым прафесійным выбарам? – цікавімся ў маладога дзяржінспектара.

– Бацька – так, а мама – не вельмі… Ёй хацелася б, каб у мяне выхадных было больш. Працаваць прыходзіцца і ноччу, і днём. Але я сваёй працай задаволены.               

– Як прынялі вас у калектыве Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі?

– Начальнік інспекцыі Уладзімір Аляксандравіч Лойка ведае нашу сям’ю. Пастараюся не падвесці яго, апраўдаць давер. Удзяляе мне вялікую ўвагу як маладому спецыялісту. З’яўляецца маім настаўнікам. Вучыць, як граматна браць тлумачэнне, як афармляць адміністрацыйны пратакол і т. п.

– Інспектарская работа – спецыфічная, патрабуе і ведаў, і вопыту, і навыкаў…

– Безумоўна. Ад мяне патрабуецца дакладнае веданне нарматыўнай базы, звязанай з правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, лясной галіной. Парушальнікі, як правіла, людзі падкаваныя, пры затрыманні задаюць шмат пытанняў, спрабуючы пазбегнуць адказнасці.

– А вы, малады чалавек, якому віду адпачынку самі аддаяце перавагу?

– Люблю прыроду, цішыню, таму сваім хобі лічу рыбалку. Для гэтага нідзе далёка не выязджаю. Баўлю вольны час з вудачкай у сваім раёне, недалёка ад роднай вёскі, на азёрах Ляжанец, Місюра. Зімой на іх добра ловіцца шчупак, летам –  акунь. Мая будучая жонка таксама, як і я, любіць адпачынак на рыбалцы.   

– Вы выхаваны Налібацкай пушчай, з душой заўзятага аматара прыроды. Што асэнсавалі для сябе з першых месяцаў інспектарскай дзейнасці на Стаўбцоўшчыне?      

–  Запомніўся адзін характэрны выпадак. Браканьер паляваў на зайца ў зоне спакою, і нам разам з егерам прыйшлося праследаваць яго па лясным гушчары. Гонка доўжылася кіламетраў 5-6. Дагналі і затрымалі. Парушальнікам аказаўся жыхар Мінска, які быў з забароненай зброяй, патронамі, заражанымі карцеччу… Паразіла яго псіхалогія: усё ён цудоўна ведаў, што можна і чаго нельга, але спадзяваўся на тое, што з інспектарам не сустрэнецца… 

–  Вытрымкі і цярпення ў вашай інспектарскай службе! 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

БРАКАНЬЕРАЎ АСУДЖАЮЦЬ ЛЮДЗІ

Кожныя два паведамленні з трох, якія паступаюць да інспектараў па тэлефоне даверу, знаходзяць сваё пацвярджэнне 

Спыніцеся і азірніцеся навокал – прырода маўкліва творыць для нас геніяльнае. Намаляваныя ёю зімовыя пейзажы – гэта сапраўдная казка, цуд, непадуладны чалавечай фантазіі. Па сіле чалавеку, у яго ж інтарэсах зберагчы гэты храм натуральнай велічы і прыгажосці, пакінуць яго нашчадам з жывым і квітнеючым светам флоры і фаўны.   

Кантрольна-інспекцыйную дзейнасць па гэтым напрамку ажыццяўляе Стаўбцоўская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Не так даўно інспекцыя падвяла вынікі работы за мінулы год. Начальнік інспекцыі Уладзімір Лойка расказаў, як выконваецца прыродаахоўнае заканадаўства ў зоне адказнасці інспекцыі, што робіцца для захавання і прымнажэння жывёльнага і расліннага свету нашага краю і інш.     

– Супрацоўнікамі інспекцыі праведзена значная работа па выяўленні фактаў браканьерства, – зазначыў Уладзімір Лойка. – Арганізаваныя 108 кантрольных палявых мерапрыемстваў паслужылі таму, каб папярэдзіць і спыніць факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства ў розных сферах, такіх як паляванне, рыбалоўства, лесакарыстанне. У ходзе іх  выяўлена 196 парушэнняў, у тым ліку 56 –  правілаў лесакарыстання, 57 – правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, 45 – правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Большасць названых паказчыкаў, за выключэннем сферы паляўнічай гаспадаркі і палявання, вырасла ў параўнанні са статыстыкай  2013 года. У браканьераў канфіскавана 17 адзінак агнястрэльнай зброі.     

– Уладзімір Аляксандравіч, колькі крымінальных спраў было ўзбуджана супраць браканьераў?

– Супрацоўнікамі інспекцыі выкрыта 16 правапарушэнняў з прыкметамі крымінальна караемых дзеянняў. Па ўсіх іх раённым аддзелам Следчага камітэта  ўзбуджаны крымінальныя справы. Іх фігурантам суд вынес заслужанае пакаранне.

– Якія «трафеі» папалі пад канфіскацыю?

– За мінулы год было канфіскавана і здадзена 1 885 кілаграмаў незаконна здабытага мяса дзікіх жывёлін і 63 кілаграмы незаконна здабытай рыбы. Намі выяўлена і 795 м3 драўніны, якая таксама была нарыхтавана з парушэннем закона. У 2013 годзе лічбы па драўніне былі куды больш сціплыя, складалі каля 500 м3. Інспекцыяй прад’яўлена для кампенсацыі нанесенай шкоды і кошту незаконна здабытай прадукцыі сума ў 4,6 мільярда рублёў.     

–  Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі прагучала шмат гучных спраў браканьерства ў лясах Беларусі. Відавочна, што спосабы і метады  незаконнага палявання ці рыбалоўства становяцца больш вытанчанымі, «удасканаленымі» ад выкрыцця. Дапамогу ў барацьбе з імі аказваюць і неабыякавыя да прыроды людзі, якіяі падказваюць падобныя факты.

– За мінулы год на тэлефон даверу інспекцыі паступіла 58 паведамленняў ад грамадзян. Не ўсе з іх знайшлі сваё пацвярджэнне, але большасць, а менавіта кожныя два паведамленні з трох, сапраўды аказалі нам неацэнную дапамогу. Інфармацыю аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства можна паведаміць па тэлефоне даверу –  5-10-27. Акрамя таго, па гэтым жа нумары можна атрымаць неабходную інфармацыю іншага характару. Напрыклад, як граматна і без парушэння закона весці ў нашай краіне прыродаахоўную дзейнасць. Усё, што нас акружае і чым прырода дае магчымасць карыстацца, трэба любіць і берагчы. Менавіта такі падыход характэрны для цывілізаванага грамадства.

– Акрамя тэлефона даверу, у інспекцыі вядзецца і прыём грамадзян?

– Так. Прыём грамадзян ажыццяўляецца мною, начальнікам інспекцыі, у першы панядзелак месяца (з 08.00 да 13.00) і ў чацвёртую суботу месяца (з 10.00 да 12.00). Намеснік начальніка інспекцыі Дзмітрый Анатольевіч Цярэшка вядзе прыём у другі панядзелак месяца з 08.00 да 20.00.  

– Летась адбыліся змены ў прыродаахоўным заканадаўстве. Як гэта адбілася  на грамадзянах?

– З сярэдзіны мінулага года ўступілі ў сілу змяненні ў правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, а таксама ў правілах вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Акрамя таго, з 17 лістапада 2014 года пачалі дзейнічаць у новай рэдакцыі артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія вызначаюць адказнасць за незаконныя паляванне і рыбалоўства. Усе гэтыя змяненні ўзмацнілі адказнасць за парушэнні  ў сферы прыродаахоўнага заканадаўства.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НА ПАЎГОДА БЕЗ УГОДДЗЯЎ

Уладзімір, 45-гадовы жыхар горада Мінска, лічыў сябе заўзятым паляўнічым, аднак на бліжэйшыя паўгода яму загадана забыць пра гэта.

Менавіта такое адміністрацыйнае спагнанне вынес яму суд раёна на мінулым тыдні. Адначасова з пазбаўленнем спецыяльнага права на паляванне тэрмінам на шэсць месяцаў у яго канфіскавана  і  паляўнічая  зброя з патронамі. Неабходна  аддаць  у  даход  дзяржавы яшчэ  і  немалы  штраф  –  памерам  у 3 600 000 рублёў, але ён, відаць, самае лёгкае ў параўнанні з тым, на што накладзена забарона. З забаронай змірыцца заўзятару цяжка…

…Мінчанін ірвануў у лес акурат пасля Новага года, адгуляўшы падараваныя сёлета чатыры святочныя дні сярод гарадскога тлуму. А калі канкрэтна, то пацягнула яго на Мікалаеўшчынскую паляўнічую дачу, дзе не раз бываў раней. Пуцёўка на паляўнічых жывёлін ненарміруемых відаў у яго была аформлена, аднак спосаб палявання (зброя, патроны) ён выбраў забаронены, не адпаведны правілам вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Падобная саманадзейнасць і каштавала яму такіх істотных непрыемнасцяў.   

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *