«Дыялог быў шчырым…»

Грамадства Нумары Соцыум

29 студзеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з беларускімі і замежнымі журналістамі.

Прапануем уражанні ад прэс-канферэнцыі рэдактара газеты і нашага чытача.

Нэлі Астрэйка, рэдактар дзяржаўнай установы «Рэдакцыя газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы», дэпутат раённага і абласнога Савета дэпутатаў:

– Адкрыты дыялог Прэзідэнта з журналістамі выклікаў вялікі інтарэс у грамадстве. Да яго далучылася ўся краіна, бо размова ішла аб нашым жыцці. Сапраўды, гэта была не прэс-канферэнцыя, а абмен думкамі ў адкрытым фармаце. Дыялог быў шчырым і цікавым. Аляксандр Рыгоравіч вельмі ўважліва выслухаў думку кожнага суразмоўцы, адказваў шчыра і адкрыта. Упэўнена прагучала тэма нацыянальнай бяспекі. У мяне было адчуванне, што ўсе мы такія розныя па поглядах раптам адчулі агульнае: усіх хвалюе лёс краіны. І мы бачым, што ў Беларусі робіцца ўсё, каб зберагчы нашу краіну ад «майданаў», каб мы жылі мірна і спакойна.

Вельмі спадабалася адкрытасць Прэзідэнта, які гатовы быў адказаць на любое пытанне, а А. Р. Лукашэнка аргументавана выказаўся амаль па ўсіх асноўных пытаннях, якія хвалююць большасць грамадзян нашай краіны.

Парадавала, што Прэзідэнт шмат увагі ўдзяліў і рэгіянальнай прэсе. Думаю, што даны дыялог журналісты змогуць выкарыстоўваць як практычны матэрыял у далейшай рабоце, у тым ліку праз прызму свайго раёна.

У сваю чаргу Прэзідэнт таксама сказаў, што такія сустрэчы з журналістамі цэнтральных і рэгіянальных СМІ даюць і яму нямала карыснай інфармацыі. Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў шмат увагі і пытанням удасканалення практыкі ўзаемадзеяння афіцыйных структур Рэспублікі Беларусь са СМІ, а таксама адказаў на пытанні, якія насілі асабісты характар. Адкрыты дыялог атрымаўся вельмі змястоўным і даверлівым. Гэта пацвердзілі і шчырыя журналісцкія апладысменты, якія прагучалі ў адрас Прэзідэнта.

На сустрэчу з Прэзідэнтам былі акрэдытаваны 260 журналістаў, якія прадстаўлялі 152 газеты, 16 інфармацыйных агенцтваў, тры інтэрнэт-выданні, 26 тэлеканалаў, 41 радыёстанцыю. За сем гадзін працы было зададзена каля 40 пытанняў.

ЗА СТАБІЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ

Сваімі ўражаннямі ад прэс-канферэнцыі Прэзідэнта нашай краіны падзяліўся Сяргей Васільеў, стралок ваенізаванай аховы на станцыі «Стоўбцы»:

– Прэс-канферэнцыю я слухаў па радыё ад пачатку і да канца, усе сем гадзін. Слухаў яе ўдзельнікаў вельмі зацікаўлена, таму што была магчымасць не толькі пытання-адказу, а ішло абмеркаванне, узнікла ажыўленая дыскусія. Меркаванняў было выказана сапраўды шмат. Як галаве маладой сям’і, мне ўсе ўзнятыя тэмы падаюцца актуальнымі. Будаўніцтва жылля, адукацыя, стан эканомікі, павышэнне заробкаў і т. п. У палітычным плане ішло абмеркаванне пытанняў дзейнасці Мытнага саюза, увядзення адзінай валюты. Слухаючы разважанні Прэзідэнта, я ў большасці быў з ім згодзен. Нам патрэбна стабільная Беларусь. Калі стабільнасць захаваецца ў краіне, то яна будзе і ў кожнай сям’і. Гэта – галоўнае.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *