З паклонам да дабрачынцаў. Стала нам роднай Надзейка

Грамадства Дабрачыннасць Нумары

3-02-2015-23

Радасная, з надзеяй і верай у вачах зайшла да нас Святлана Канашэнка. Сям’я яшчэ не паспела распакаваць чамаданы, а Святлана паспяшалася ў рэдакцыю, каб расказаць аб тым, што паездка за мяжу для лячэння яе дачкі, сямігадовай  Надзейкі, якая стала магчымай дзякуючы ахвяраванням жыхароў раёна, працоўных калектываў, людзей з добрым сэрцам, была паспяховай. Такі прыўзняты настрой Святланы Канашэнка настроіў на размову.

– Святлана, як Надзея перанесла дарогу, усё ж шлях да Італіі  няблізкі, ляжыць праз межы некалькіх краін?

– Дзякуем Богу, Надзейка добра перанесла дарогу, ела, спала, гуляла ў любімыя гульні. Першым нашым прыпынкам быў манастыр, куды пілігрымы прыязджаюць пакланіцца, папрасіць дапамогі ў Матачкі Божай Чанстахоўскай. І мы слёзна, з глыбокай верай прасілі ў Божай Маці благаславення на нашу паездку, на дарогу, на лячэнне. Мы пераначавалі ў Доме пілігрыма, нас сагрэлі сваім цяплом сёстры. Мы заказалі Імшу, богаслужэнне ў храме іконы Божай Маці Чанстахоўскай за ўсіх дабрачынцаў, хто дапамог сваімі ахвярамі здзейсніць нам паездку для атрымання кансультацыі спецыялістаў і назначэння далейшага лячэння нашай Надзейкі. Потым мы праехалі Чэхiю, Аўстрыю, якая сустрэла нас пранізлівым ветрам, дажджом. Міласць Божая да нас, вадзіцель наш падрыхтаваны, ён мае вопыт міжнародных рэйсаў. Мікалай – наш сябар, які выклікаўся дапамагчы мужу ў дарозе падчас нашай далёкай паездкі. Дзякуй Богу, і наша старэнькая машына нас не падвяла. Гэта ўсё па заступніцтве Божай Маці. Цяжка было праехаць дарогу-серпанцін у гарах, нас укачвала. Але прафесіяналізм Мікалая зноў нас не падвёў, няхай Гасподзь бэражэ гэтага чалавека, які стаў нам родным, за яго чуласць, дабрыню, самаахвярнасць. Вельмі гасцінна, ветліва нас сустрэлі ў Італіі. Адна з італьянак дапамагла нам адшукаць па адрасе гасцiнiцу, i дзякуючы ёй мы зарыентаваліся ў незнаёмай мясцовасці. Мы засяліліся ў гасцініцу, а назаўтра паехалі ў Інстытут.

– У чым заключалася абследаванне Надзі?

– З панядзелка да пятніцы з Надзяй працавалі вузкія спецыялісты, якія запоўнілі гісторыю развiцця Надзі па профілі. Кэці нас абрадавала, што наша Надзейка чытае на ўзроўні яе ўзросту – сямі гадоў. Гэта наша галоўная перамога! Нас зарыентавалі, каб мы давалі Надзі інфармацыю па развіцці інтэлекту для ўзросту 8-9 гадоў. Мы прайшлі заняткі, нас навучылі, як размаўляць з Надзяй, каб нам было прасцей яе разумець, каб аблегчыць нашы зносіны. Руслан, тата Надзі, у першай палове лютага адправіцца на курсы ў Маскву, каб прайсці навучанне – што рабіць бацькам, у дзіцяці якіх парушэнне мозга. Такія веды нам вельмі патрэбныя для работы па інтэнсіўнай праграме. На наступны дзень Надзейцы зрабілі неабходнае медыцынскае абследаванне, яе агледзела неўролаг-рэабілітолаг з Рыма. Нам склалі індывідуальную праграму – харчавання, фізіялогіі, трэнінгу,  масажу, рэжыму. Кожны спецыяліст склаў сваю частку праграмы для далейшага развiцця Надзейкi на наступныя шэсць месяцаў.

Мы мелі магчымасць сустрэцца з Розалінд Доман, Мілісай Доман,  Дугласам Доманам, якія ажыццяўляюць праграму рэабілітацыі.

– Святлана, далейшая праграма таксама такая ж напружаная, як і раней, і вы б з удзячнасцю прынялі валанцёраў, памочнікаў?

– Канешне, мы будзем вельмі ўдзячныя, калі хто зможа хоць на адну гадзіну прыходзіць да нас для правядзення масажу, практыкаванняў, заняткаў з Надзейкай. Мне, напрыклад, патрэбна за шэсць месяцаў паказаць Надзі паўтары тысячы слоў, 750 словазлучэнняў, падрыхтаваць 44 самаробныя кнігі. Гэта акрамя правядзення масажу і розных практыкаванняў для фізічнага развіцця. У Надзі спастыка звязак, гэта перашкаджае ёй гаварыць. Аднак італьянскія спецыялісты сказалі, што Надзя – інтэлектуальна развітая дзяўчынка. У працэсе работы па гэтай праграме Надзя зможа гаварыць. Спецыялісты канстатавалі, што ў Надзі ёсць станоўчыя зрухі па зроку, слыху, рухальнай дзейнасці. У гэтай паездцы мы змаглі набыць аксіметр для вымярэння кіслороду ў крыві, бірушы (вушкі для слыхавой праграмы), 40 масак. Спецыялісты італьянскага Інстытута ўдасканалення назначылі нам наступны візіт для абследавання, рэабілітацыі і карэкціроўкі індывідуальнай праграмы на 7 лiпеня 2015 года. Плата за медыцынскія паслугі, пражыванне і іншыя паслугі застаецца такой жа, як і цяпер, 3700 долараў  і 2475 еўра. Мы спадзяёмся, што добрыя людзі не пакінуць нашу Надзейку сваёй міласцю, зноў збярэцца патрэбная сума грошай для паездкі за мяжу для працягу лячэння. Усім, хто дапамог нам сродкамі, малітваю, шлём нізкі паклон. Дзякуем кiраўніцтву райвыканкама за вялікую падтрымку, разуменне нашай сітуацыі, калектывам арганiзацый, прадпрыемстваў i ўсiм добрым людзям. Няхай Гасподзь беражэ вашы сем’і, вашых дзетак. Спадзяёмся на міласць Божую і на міласэрнасць людзей, каб мы змаглі ажыццявіць наступную паездку для рэабілітацыі нашай Надзейкі, аблягчэння яе стану, што патрабуе ад нас вялікіх матэрыяльных затрат, фізічных і душэўных сіл.

Што ж, давайце ўсе разам парадуемся радасцю сям’і Канашэнкаў і не пакінем Надзейку ў яе праблеме са здароўем. За сем гадоў яе жыцця дзяўчынка стала нам роднай. Нас у раёне так многа, і сабраць неабходную суму грошай для правядзення чарговага этапу лячэння Надзі Канашэнка па праграме Доман, рэальна і пасільна.

Для валанцёраў, усіх добрых людзей пакідаем тэлефоны і адрас сям’і Канашэнкаў: 7-03-26, маб. 8-029-756-11-75, вул. Фрунзэ, 16.

Дабрачынныя рахункі адкрыты ў ААТ «Беларусбанк» у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы, вул. Цэнтральная, 6-б, УНП 100603596; МФО 153001601: беларускія рублі – транзітны рахунак № 3819382124015 на дабрачынны рахунак  № 000011 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624, дата заканчэння дзеяння дагавору дабрачыннага рахунку 19.09.2017; долары ЗША – транзітны рахунак № 3819382124871 на дабрачынны рахунак № 000040 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624, дата заканчэння дзеяння дагавору дабрачыннага рахунку 25.09.2015.

Назначэнне плацяжу: для залічэння на дабрачынны рахунак Канашэнка Святланы Браніславаўны для лячэння і рэабілітацыі дачкі Канашэнка Надзеі Русланаўны.

Для паштовых пераводаў: 222666, г. Стоўбцы, вул. Фрунзэ, д. 16, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь, Канашэнка Святлане Браніславаўне.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *