Прадавец – ён жа і вопытны псіхолаг

Гандаль Нумары Эканомiка

3-02-2015-24

У прыгарадным Новым Свержані на дзве тысячы жыхароў фактычна прыходзіцца шэсць прадуктовых магазінаў (два дзяржаўныя, тры камерцыйныя і адзін фірменны магазін ААТ «Вішнявецкі-агра»). Таму  для таго, каб прыцягнуць пакупніка, трэба асабліва пастарацца.

Калектыву магазіна № 61 райспажыўтаварыства, размешчаным у самым цэнтры паселішча, гэта ўдаецца. Нягледзячы ні на якія эканамічныя цяжкасці ды метамарфозы, грашовая выручка яго з кожным годам упэўнена паўзе па нарастаючай. Месячны тавараабарот перасягнуў рубеж у 300 мільёнаў рублёў. І такі вынік дасягнуты сіламі дзвюх увішных і вопытных працаўніц – загадчыцы Марыны Баўдзей і прадаўца Ніны Ярашэвіч. За больш чым дзясятак гадоў сумеснай працы ў іх склалася стабільная каманда, да нядаўняга часу ў якой –  і гэта нельга не згадаць – шчыравала і іх калега Ганна Краўчанка. Усе рабочыя пытанні ім прыемна вырашаць у супрацоўніцтве з начальнікам гарадской зоны Святланай Майзель. 

Магазін за апошнія год-два істотна абнавіўся. «Хочацца ісці на працу!» –  шчыра прызнаюцца яго работніцы. У летнюю спёку ў магазіне прахалодна, бо устаноўлены кандыцыянер, а цяпер, зімою, – цёпла дзякуючы старанням качагара Міхаіла Леўшакова. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства абяцае ў бліжэйшы час яшчэ і кацёл замяніць на сучасны. Пакупнікі прызвычаіліся, што разлічыцца можна таксама з дапамогай банкаўскай карткі.

Аднак не толькі за гэта палюбілі магазін свержанцы. У першую чаргу раздольна тут іх спажывецкаму густу, пакупніцкаму попыту: на вітрынах і паліцах – багаты выбар тавару, у дачыненні да многіх дзейнічаюць добрыя скідкі і «чырвоная цана». У працяглыя навагодне-ражджэственскія выхадныя пакупнікі ішлі сюды па так званыя святочныя, непаўсядзённыя пакупкі – торты, пірагі і іншыя прысмакі.

– Нашы пакупнікі любяць літаральна ўсё, – падкрэслівае Марына Баўдзей. –  Два разы на тыдзень мы атрымліваем каўбасныя вырабы з Барысаўскага і Мінскага мясакамбінатаў, з прадпрыемства «Мясапрадукт» (вёска  Скамарошкі). Усё свежае, на прылаўку не залежваецца, і цэны – прымальныя. Людзі прывыклі да гэтага.

Прывязаліся людзі да тых, хто іх абслугоўвае. І як не адгукнуцца на добразычлівасць прадаўцоў?! У магазін ідуць не толькі што купіць, а і пагутарыць, расказаць пра дзяцей, унукаў. Адчуваюць людзі, што  прадаўцы – своеасаблівыя псіхолагі. Умеюць падтрымаць і паспачуваць, даць слушную параду. Да таго ж, у абедзвюх жанчын –  уласныя прыстойныя сем’і, у іх ёсць чаму павучыцца, ёсць за што ім давяраць. Каб і хацелі, то ад людскіх вачэй нічога не ўтоіш, бо і Марына Мікалаеўна, і Ніна Іосіфаўна жывуць у Новым Свержані.

Таваразнаўца па адукацыі Марына Баўдзей нядаўна адзначыла жыццёвы юбілей. Да яе з віншаваннямі прыехала і кіраўніцтва райспажыўтаварыства. За юбілейным хваляваннем, калі аказана столькі знакаў увагі, вастрэй адчуваецца сэнс жыцця. Гэта, безумоўна, дачушка Карына. Дзяўчынка вучыцца ў дзявятым класе гімназіі, радуе матулю мастацкімі здольнасцямі,  разам яны задумваюцца пра Карыніну будучую прафесію. Акрамя сямейных клопатаў, Марына Мікалаеўна апякуецца над пажылымі бацькамі – Мікалаем Аркадзьевічам і Галінай Васільеўнай, разам з якімі ў 1997 годзе вярнулася з Казахстана ў Новы Свержань, на бацькаву малую радзіму… 

У вачах Ніны Ярашэвіч – свая нагода для радасці: аддала замуж дачку. Дачка самастойная, сын падрастае, ад чаго Ніна Іосіфаўна становіцца больш упэўненай у сабе, у сваім прафесійным выбары. Так склалася, што ў свой час закончыла вучылішча харчавікоў, але ніводнага дня не працавала па спецыяльнасці. Перапробавала розныя прафесіі – паштальёна, кантралёра на заводзе, але, закончыўшы курсы прадаўцоў, затрымалася менавіта ў гэтай прафесіі. Нейкі час працавала ў прыватніка і для сябе зрабіла адназначную выснову: стабільную зарплату, усе прадугледжаныя законам сацыяльныя гарантыі можна атрымаць толькі на гандлёвым прадпрыемстве дзяржаўнай формы ўласнасці.          

Калектыў свержанскага магазіна, каб не губляць напрацаваны аб’ём тавараабароту, мае толькі адзін выхадны дзень. Крыху разгрузіла прадаўцоў тое, што па суседству быў адкрыты тарны ларок. Прыёмшчыцай тары працуе Валянціна Жывень. Работніцы магазіна і ларка жывуць як адна сям’я, а рабочае месца для іх, прызнаюцца,  –  другі дом.

НА ЗДЫМКУ: загадчыца магазіна № 61 у Новым Свержані Марына Баўдзей (злева) і прадавец Ніна Ярашэвіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *