Аўталаўка прыехала!

Гандаль Нумары Эканомiка

image_pdfimage_print

Бываючы ў творчых камандзіроўках па нашым раёне, у аддаленых населеных пунктах мы не адзін раз звярталі ўвагу на збор вяскоўцаў. Такое нечакана ўбачыць прыезджаму чалавеку, бо вуліцы маланаселеных вёсак звычайна пустыя. Аказваецца, пакупнікі чакаюць аўталаўку. Перакідваюцца словам, дзеляцца навінамі. Лепшы вадзіцель-прадавец аўтамагазіна райспажыўтаварыства Міхаіл Шастак сваіх «падапечных» ведае ў твар. А ў яго ж на абслузе 29 маланаселеных вёсак. Згодна з графікам тры разы на тыдзень курсіруе яго магазін на колах у Ініцу, Кругліцу, Атцэду, Суднікі, Зуберава, Хутар-Барок…

Як расказвае сам Міхаіл Іванавіч, нават у свой выхадны дзень яму даводзіцца вечарам выйсці на працу, каб загрузіцца загадзя і не згубіць час заўтра, а адразу ж адправіцца ў рэйс. 15 гадоў нязменна працуе ён за рулём аўтамагазіна. Лепшаму вадзіцелю-прадаўцу прысвоены шосты разрад. Сярод сямі (а летам – васьмі) аўтамагазінаў райспажыўтаварыства ў Міхаіла Шастака самы высокі паказчык па тавараабароце, які  ў сезон складае больш за 300 мільёнаў рублёў у месяц.

Любяць свайго ветлівага прадаўца ў вёсках. Яшчэ б – ён і сумку з прадуктамі дапаможа ў дом занесці, калі каму не хапае на гэта сілы. Не забудзецца прывезці тое, што заказвалі ў  яго мінулы прыезд. Цяжка ўпакаваць у фургон усё, што хочацца, але вадзіцель-прадавец мае вопыт захоўваць асартымент і максімальна яго абагачаць. Спецыяльнае халадзільнае абсталяванне дазваляе даставіць вяскоўцам усё, што яны маглі б купіць і ў горадзе, нават марожанае летам. Асабліва ўдзячныя за такія прысмакі разбалаваныя дэсертамі гараджане-дачнікі. Аўталаўкі райспажыўтаварыства абслугоўваюць каля 50 садовых таварыстваў з колькасцю насельніцтва больш за чатыры тысячы чалавек.

Міхаіл Шастак клапоціцца аб ідэальным парадку ў сваім магазіне – у яго ёсць і абавязкі прыбіраць фургон. Робіць ён усё з толкам, няспешна, з задавальненнем. Глядзіш на гэтага абаяльнага чалавека і ніколькі не сумняваешся ў тым, што ён любіць сваю работу і тых, каго ён абслугоўвае.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *