Настаўнік – ён заўсёды малады

Адукацыя Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

3-02-2015-29

Са свайго школьнага дзяцінства (пачатак 70-х гадоў) я памятаю адзін немудрагелісты эпізод. Неяк на самым першым уроку, ідучы да спартыўнай залы, я ўбачыла, як да зачыненых у клас дзвярэй прытуліўся вучань прыкладна 7-8 класа. Хутчэй за ўсё, ён проста спазніўся да пачатку, а зараз не адважваўся ўвайсці ў клас падчас урока. (Гэта, як ні дзіўна, было нармальна ў той час). На мае запытальныя погляды (чаго, маўляў, ты «прыклеіўся» і падслухоўваеш?) хлапчук нервова махнуў рукой і  ўсхвалявана, умольна прашаптаў: «Цішэй! Не перашкаджай! Анастасія Максімаўна расказвае!»

Упэўнена, што той аповяд настаўніцы быў выслуханы ў такіх, не зусім звычайных умовах да канца, своеасабліва прадэманстраваў зацікаўленае і паважліва-кранальнае стаўленне вучня да таленту настаўніка. Гэты на першы (але толькі на першы!) погляд не варты ўвагі эпізод у чарадзе звычайных будзённых падзей мае ўсё ж нейкі незвычайны сэнс.

Ён запомніўся, стаў адным са звёнаў нябачнага ланцуга, які злучае  лёсы, ахопліваючы жыццё многіх людзей майго акружэння і асобнага чалавека, пра якога сёння хачу распавесці ўсім. Не ведаю, хто з нашых землякоў больш чым Анастасія Максімаўна Сіткевіч заслугоўвае гэтага. Чаму? Першая, але далёка не галоўная прычына – выдатны «салідны» юбілей любімай настаўніцы: яе 90-годдзе.

90 гадоў… Многа  гэта ці мала? Колькі шчаслівых і цяжкіх, страшных міжваенных, ваенных і напаўгалодных пасляваенных гадоў,  турботных і радасных  месяцаў і дзён за плячыма гэтай мудрай жанчыны з прамяністым поглядам і ўсё разумеючай усмешкай.

Анастасія Максімаўна нават пры першай сустрэчы выклікае  ўражанне чалавека інтэлігентнага і неардынарнага. Далейшыя зносіны толькі  ўзмацняюць гэтае ўражанне, дадаючы да яго душэўную, прыродную тактоўнасць,  эрудыцыю.

Яна настаўніца біялогіі, назаўсёды ўлюбёная ў свой прадмет і сваіх вучняў. Падчас працы на кожным уроку яна раскрывалася не толькі як дасведчаны рэтранслятар ведаў аб чалавеку і навакольнай прыродзе, але і як настаўнік з вялікім жыццёвым вопытам, якому многае ў жыцці давялося перажыць. Гісторыя яе жыцця – гэта гісторыя нашага краю.

90 гадоў назад у сям’і вядомай у суседнім мястэчку Мір акушэркі і яе мужа – бухгалтара  нарадзілася трэцяя дачка. Далі ёй «царскае» імя Анастасія. Было гэта ў лютым 1925 года, яшчэ, як у нас кажуць, «за польскім часам».  Калі дзяўчынка падрасла і скончыла шэсць класаў школы ў Міры, бацькі вырашылі даць ёй магчымасць паспрабаваць свае здольнасці і паступіць у гімназію, якая працавала ў Стоўбцах. 

Да ведаў маленькая Насця прагна цягнулася заўсёды, але той факт, што яна здала экзамены ў гімназію лепш, чым вучні, якія былі на некалькі гадоў старэйшымі за яе, толькі падкрэслівае апантанасць дзяўчынкі пазнаннем новага. Адна, без бацькоў і родных, на чужой кватэры, з незнаёмымі настаўнікамі і аднакласнікамі… Цяжка было спачатку! Да таго ж не вывучала ў сваёй школе французскую мову, якую выкладалі ў гімназіі, трэба было «даганяць» усіх, многа завучваць на памяць. Акрамя гэтага – польская мова, латынь, факультатыўна англійская мова. Ды і ўсе іншыя прадметы патрабавалі максімальных намаганняў. Але з часам, дзякуючы добрай памяці, таленавітым і патрабавальным выкладчыкам, вучоба наладзілася. Магчыма, дзякуючы высокаму прафесіяналізму настаўнікаў, з якіх Анастасія Максімаўна з асаблівай павагай вылучае лацініста Рудольфа Рамшу, яна ў свой час выбярэ тую жыццёвую дарогу, якая прывядзе яе ў гэты ж будынак гімназіі, у школу № 1, ужо ў якасці настаўніка. Але паміж вучобай у гімназіі і працай настаўніка стаялі такія гістарычныя падзеі, якія сёння нават успамінаць цяжка. Ваеннае ліхалецце сям’я Насці перажывала так, як і ўвесь беларускі народ: страх за жыццё блізкіх, голад, нястачы, надзея на тое, што акупаваная фашыстамі родная зямля хутка стане вольнай. 

Пасля вайны Анастасія працягвае вучобу спачатку ў стаўбцоўскай школе,  потым ва ўніверсітэце, а з 1951 года пачынае сваю педагагічную дзейнасць там, дзе вучылася сама. Сваёй школе яна застанецца вернаю да нашых дзён.  «Я першы раз пераступіла парог гэтага будынка ў далёкім 1937 годзе і з таго часу гэтую школу лічу сваім другім домам».  Між іншым, дом Анастасіі Максімаўны і яе мужа Леаніда Іосіфавіча Сіткевіча, цудоўнага настаўніка хіміі і аднадумца, з якім яны разам аж са студэнцкіх гадоў, пабудаваны ў непасрэднай блізкасці ад школы. Іх сад і ружоўнік нават пасля смерці мужа не згубілі сваёй унікальнасці. Калі дадаць да гэтай прыгажосці, за якой патрэбен быў спецыяльны догляд, хатнія клопаты па гаспадарцы, увагу, на якую разлічвалі муж і двое сыноў, то цяжка ўявіць як толькі хапала ў яе часу на новыя ідэі ў педагагічнай дзейнасці.

Нават на неўраджайнай зямлі прышкольнага ўчастка разам з вучнямі Анастасія Максімаўна праводзіла доследы, вырошчвала цэлыя калекцыі раслін.  Усё патрабавала ўвагі, сіл, часу.  І гэта далёка не ўсе памкненні самаахвярнага настаўніка.  З вучнямі – удзельнікамі гуртка «Юны біёлаг» у цокальным памяшканні школы арганізавалі «Жывы куток».  Частка яго жыхароў жыла не толькі ў пакоі з аднайменнай шыльдай, але і проста дома, у сям’і Сіткевічаў.  Калі людзі бачылі жывёлін, якія трапілі ў бяду, то першыя, да каго звярталіся па дапамогу, былі Сіткевічы. Так выхадзілі яны двух буслоў, якія трапілі ў смалу. Птушкі цудоўна перазімавалі  і прадоўжылі сваё жыццё на волі ў Бярэзінскім запаведніку. «Хатняя» галка, якая нават да крамы гаспадыню суправаджала, жыла ў іх таксама некалькі гадоў. Вось ён, рэальны прыклад адносін да ўсяго жывога!

На ўрокі з дому прыносілі вавёрку, лісіцу, вожыкаў, хамякоў, папугаяў, вужоў і гадзюк у якасці «наглядных сродкаў» . І не толькі дзякуючы такім «дапаможнікам» урокі біялогіі Анастасіі Максімаўны сталі незвычайнымі. Для іх была характэрна глыбіня зместу, лёгкасць успрымання, засвойванне нават самых складаных паняццяў. Крытычна ставячыся да перанасычэння навучальнага тэксту падручнікаў моднай (часам туманнай) тэрміналогіяй, Анастасія Максімаўна ўмела, што называецца «разжаваць» цяжкія месцы. Часам, не падпарадкоўваючыся цэнзурным забаронам, яна старалася праліць святло на заблытаныя моманты біялогіі, расставіць усе кропкі над «і». Ды і, як сёння кажуць настаўнікі, «праблемныя пытанні», якія яна выкарыстоўвала падчас урока, прымушалі вучняў шукаць адказы самастойна, мысліць творча,  развівалі цікавасць да навакольнага свету.

Здаецца, за што б ні бралася Анастасія Максімаўна – усё выдатна атрымлівалася. Гэта і ёсць прыкмета таленту. Для больш змястоўнага працэсу навучання настаўніца вырашыла аформіць прадметны кабінет. Вялікая колькасць дапаможнікаў, у якую ўваходзілі не толькі калекцыі раслін, гербарыі, сабраныя разам з вучнямі падчас вандровак па стаўбцоўскім наваколлі,  але і зробленыя па яе эскізах цікавыя прыборы, самаробныя мадэлі, тэкставыя дапаможнікі – усё спрыяла павышэнню ўзроўню ведаў па прадмеце.  Матэрыял аб рабоце кабінета, які быў прадстаўлены на абласны, а потым і на рэспубліканскі конкурс, паказаў, што кабінет біялогіі ў сярэдняй школе № 1 горада Стоўбцы лепшы ў Беларусі. Таму ў школу паехалі калегі па вопыт, якім Анастасія Максімаўна шчыра дзялілася.

Прыйшлі прызнанне і першыя ўзнагароды. У 1966 годзе яна атрымала значок «Выдатнік асветы БССР», а ў 1971 годзе – званне «Заслужаны настаўнік БССР». І ўсё гэта вынік самаадукацыі, усё той жа прагі ведаў, самаразвіцця, высокая патрабавальнасць да сябе.  Гэта прыклад тым сёняшнім настаўнікам, якія лічаць, што «вузаўскія» веды – вечныя.

У амаль неабсяжным дыяпазоне прафесійных інтарэсаў, тэм і праблем Анастасіі Максімаўны быў асаблівы цэнтр прыцягнення. Гэта яе вучні. Сярод яе выпускнікоў ёсць тыя, хто пайшоў па слядах сваёй любімай настаўніцы. Імі Анастасія Максімаўна асабліва ганарыцца. Гэта вучоныя, кандыдаты і дактары навук, выкладчыкі ВНУ, якія самі ўжо рыхтуюць новых спецыялістаў. Але ўсе яны памятаюць сваю настаўніцу, цэняць свае школьныя веды, якія сталі першай прыступкай для іх прафесійнага росту.

Анастасія Максімаўна і сёння  аптыміст, пазітыўна ўспрымае жыццё. Да яе, вельмі кантактнага чалавека, і сёння наведваюцца яе вучні, тэлефануюць калегі, пішуць лісты з далёкіх краін яе былыя гімназічныя аднакласнікі. Для кожнага з нас, яе вучняў, калег, сяброў, Анастасія Максімаўна мудры настаўнік, дарадца, аднадумца. У сэрцы кожнага з нас яна пакінула свой незабыўны след.

Паважаная Анастасія Максімаўна! Ад імя ўсіх вашых вучняў, калег, ад кіраўніцтва і калектыву стаўбцоўскай гімназіі дазвольце павіншаваць Вас з 90-гадовым юбілеем, пажадаць шчасця, моцнага здароўя, а таксама многіх юбілеяў у добрым настроі і коле сяброў, людзей, якія Вас любяць. І галоўнае пажаданне – сустрэць свой 100-гадовы юбілей!

Людміла НАЗАРАНКА, настаўніца гімназіі № 1 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *