З дыпломам і кубкам вярнуліся стаўбцоўскія лесаводы з зімовай спартакіяды работнікаў Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
Спартакіяда з’яўляецца традыцыйнай, штогадовай, і праходзіць стабільна на адной і той жа пляцоўцы – у Лагойску, на лыжна-біятлонным комплексе «Заечая паляна». У саставе нашай каманды выступалі шэсць работнікаў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса. Некаторыя з іх маюць паспяховы вопыт удзелу ў зімовых відах спаборніцтваў. Сярод іх, несумненна, – вадзіцель Мікалай Гацура. І на гэты раз у індывідуальнай лыжнай гонцы на 5 км ён заняў у сваёй узроставай групе другое месца, чым ізноў заваяваў пуцёўку на рэспубліканскую спартакіяду работнікаў лесу.
– Нядрэнна выступіла ўся наша мужчынская каманда – заваявала трэцяе месца, за што і была ўзнагароджана дыпломам і кубкам спартакіяды, – адзначыў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.
Акрамя Мікалая Гацуры, імклівага вадзіцеля-лыжніка, за гэтае прызавое месца змагаліся разам на розных этапах майстар лесу Апечкаўскага лясніцтва Вячаслаў Біруля і навальшчык-звальшчык Аляксандр Янькоў. У жаночай зборнай на старт выйшлі інжынер па лесааднаўленні Ганна Крысь, дыспетчар Таццяна Бернатовіч і бухгалтар Прудскога доследнага лясніцтва Жанна Міхно.