Навіны Стаўбцоўшчыны

Навіны Стаўбцоўшчыны Нумары Раённыя навіны

6-02-2015-4

ЛЯСНЫ ДАЗОР

Сачыць за парадкам у лясных абшарах, зберагаць іх ад пажараў у Апечкаўскім лясніцтве Стаўбцоўскага доследнага лясгаса дапамагае ўкаранёная камп’ютарная відэасістэма. Маленькая камера, што ўстаноўлена на вышцы, дазваляе назіраць за лесам у радыусе дзясяткаў кіламетраў. Памочнік ляснічага Дзмітрый Шаціла – адзін з тых, каму даводзіцца весці відэадзяжурства.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

ПРЫЗ ЗА ЎВАЖЛІВАСЦЬ

Галоўныя аграномы сельгаставарыстваў раёна прынялі ўдзел у семінары, які адбыўся ў сельскім Доме культуры п. Лясны Мінскага раёна. Спецыялісты праслухалі некалькі змястоўных лекцый вучоных «НПЦ НАН па земляробстве» на тэму: «Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур, рапсу». Рэкламавалі сваю прадукцыю і некалькіх фірмаў. У прыватнасці, навукова-прамысловае прадпрыемства «Сейбіт» – распрацоўшчык, вытворца і пастаўшчык хелатных формаў мікраўгнаенняў, прымяненне якіх дазваляе павялічваць ураджайнасць сельгаскультур, ЗАТ «Август-Бел», якое выпускае хімічныя сродкі аховы раслін у Рэспубліцы Беларусь. А таксама ізраільская кампанія ADAMA, якая таксама займаецца вытворчасцю сродкаў аховы насення і раслін. Прадстаўнік гэтай кампаніі напрыканцы прэзентацыі задаў прысутным пытанне на ўважлівасць. Сярод спецыялістаў сямі раёнаў вылучылася аграном-аграхімік ААТ «Дзераўное» Вольга Валадзько, якая правільна назвала дзеючае рэчыва аднаго з прэпаратаў і атрымала прыз – байку з лагатыпам фірмы.

ВЫЗНАЧЫЛІСЯ ЖАЦЕРАЎЦЫ

Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый да работы ў зімовых умовах і падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да веснавых палявых работ. Пераможцам прызнаны калектыў машыннага двара ААТ «Жацерава», які будзе браць удзел у абласным конкурсе. На другім і трэцім месцах – ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Дзераўное». Пераможцы і прызёры атрымаюць грашовыя прэміі.

ЦУКРОВЫЯ ПЛАНЫ

Буракасеючыя гаспадаркі раёна паспяхова справіліся з мінулагоднім планам паставак цукровых буракоў на Гарадзейскі цукровы камбінат. У лік дзяржзаказу адгружана 119230 тон прадукцыі. Сярэдняя цана рэалізацыі салодкіх каранёў склала 425 рублёў за кілаграм,  па вышэйшай цане прадалі  сыравіну перапрацоўшчыкам працаўнікі ААТ «Агранёманскі», «Жацерава» і «Радзіма Якуба Коласа». Самыя цукрыстыя буракі выраслі ў ААТ «Дзераўное» – працэнт утрымання цукру склаў 17,2 працэнта, а самыя чыстыя прывезены на перапрацоўку з ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Першае месца па ўраджайнасці за велікадворскімі буракаводамі – 533 цэнтнеры каранёў з гектара, другое за агранёманцамі – 503 цэнтнеры. Па выніках работы за мінулы год, і гэта папярэдне ўжо падлічана, цукровыя буракі ў вышэйназваных дзвюх гаспадарках рэнтабельныя. Сеяць гэтую культуру выгадна, і  сёлета ў сельгаставарыствах раёна будзе пасеяна 3300 гектараў цукровых буракоў, што больш, чым летась. Найбольш павялічаць плошчы  ААТ «Аталезь-агра», «Дзераўное» і «Каганец».

ДЛЯ ЗАХОЎВАННЯ КАРМОЎ

Вялікая ўвага ў раёне ўдзяляецца павелічэнню якасці нарыхтоўкі кармоў. Сёлета на тэрыторыях жывёлагадоўчых фермаў запланавана пабудаваць 60 новых сянажна-сіласных траншэй. Як адзначылі ў райсельгасхарчы, пры ўмове своечасовага завяршэння работ і выканання іх у поўным аб’ёме, жалезабетонныя канструкцыі абыдуцца сельгаспрадпрыемствам напалову танней. Выдаткі будуць пакрыты за кошт бюджэтных сродкаў. Дзевяць траншэй зараз знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва.

АБ’ЯЎЛЕНЫ ТЭНДАР

Сельспрадпрыемствам раёна аказана фінансавая дапамога на набыццё насення люцэрны. На разліковыя рахункі гаспадарак, згодна з патрэбнасцю, пералічана 1,4 мільярда рублёў. На гэтыя грошы можна набыць прыкладна 10 тон насення, што складае палову неабходнага для таго, каб пасеяць сёлета тысячу гектараў гэтай высокабялковай кармавой культуры. Агранамічным службам гаспадарак застаецца падабраць якаснае і недарагое насенне. Аб’яўлены тэндар. Фірмы прапаноўваюць сарты нямецкай, на якія звычайна і падае выбар, французскай і расійскай селекцый.

 

ДЗЯРЖЗАКАЗ ДЛЯ ЛЬГОТНІКАЎ

У Стоўбцах па дзяржзаказе будуецца першы жылы  60-кватэрны дом па вуліцы Міру.

На даны момант згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 215 ад 8 мая 2013 года аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама займаецца падрыхтоўкай праекта рашэння па ўключэнні грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у спіс пакупнікоў кватэр у даным доме.

Першачарговае права на пакупку жылля ў доме, які ўзводзіцца па дзяржзаказе, маюць шматдзетныя сем’і і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, інвалідаў з дзяцінства І і ІІ груп, а таксама грамадзяне, якія пражывюць не менш за 10 гадоў у інтэрнаце.

Як адзначыла начальнік аддзела ЖКГ Таццяна Юнцэвіч, па стану на 1 студзеня 2015 года на льготнай чарзе грамадзян, якія жадаюць купіць жыллё, знаходзяцца 50 шматдзетных сем’яў, сем сем’яў, якія маюць дзяцей-інвалідаў, і 15 сем’яў, якія не менш за 10 гадоў пражываюць у інтэрнаце.

Што датычыць характарыстык дома, які ўзводзіцца па дзяржзаказе, то ён складаецца з 30-ці двухпакаёвых і 30-ці аднапакаёвых кватэр. Пакуль на аб’екце гаспадараць работнікі ПМК-233. Будаўніцтва, распачатае імі ў 2014 годзе, вядзецца ў дакладным рэжыме і, як мяркуецца, у чэрвені бягучага года дом будзе здадзены ў эксплуатацыю. Унутраная аддзелка кватэр у гэтым доме не прадугледжана. Кошт 1 м2 агульнай плошчы на пачатак будаўніцтва дома з улікам здачы яго ў нарматыўны тэрмін складае 9 088 350 рублёў. 

УСЛЕД ЗА ЗАРЭЧЧАМ

Апошнімі днямі 2014 года атрымалі прыродны газ і жыхары вёскі Зарэчча Дзераўнянскага сельсавета.

Гэта адзін з трох спажывецкіх кааператываў раёна, якія закранула ў мінулым годзе газіфікацыя. Разам з Зарэччам у гэтым спісе значацца яшчэ два населеныя пункты – Баханы і Барок (Дзераўнянскі сельсавет). Работнікамі райгаза былі пабудаваны сеткі, па якіх у дамы вяскоўцаў пушчаны прыродны газ. У ліку самых вялікіх аб’ектаў сярод названых з’яўляліся Баханы.

– Планы па газіфікацыі на 2015 год пакуль не зацверджаны (ёсць толькі прапановы), але можна сцвярджаць, што працягласць аб’ектаў будзе не меншай, чым у 2014 годзе, – зазначае дырэктар РУ «Стоўбцырайгаз» Іван Шпілеўскі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *