Падзеі і здарэнні

Навіны Стаўбцоўшчыны Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Алеся Кучынская, Аляксей Сапожнікаў, Іван Бялоў, Лізавета Дарашэвіч, Дарына Бар’ясь, Цімафей Бурлачэнка, Ксенія Жук, Вікторыя Прыбытка і Дзіяна Сініцкая.

Зямны шлях закончыўся для 19 жыхароў раёна.

Міліцыяй зарэгістравана 106 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 10 крымінальных спраў, ва ўсіх іх устаноўлены падазраваемыя. Грошы прапалі з двух дамоў у Цеснавой. У Старыне абрабаваны два дачныя дамы, з аднаго з іх злодзей вынес… флакон з французскімі духамі. Грамадзянін, які кіраваў аўтамабілем «Аўдзі-80» і рухаўся па вуліцы ў Вялікім Двары, учыніў наезд на пешахода, нанёс яму цяжкія траўмы.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету вечарам 31 студзеня быў спынены на дарозе паміж Аколавам і Каралінай аўтамабіль з двума жыхарамі Мінска. Пры іх былі незарэгістраваная паляўнічая зброя і патроны, заражаныя карцеччу. Пры затрыманні браканьеры спрабавалі ўцячы, выкінуўшы зброю ў фортку аўтамабіля. На месца была выклікана следча-аператыўная група райаддзела міліцыі, а таксама нарад ДАІ,  бо вадзіцель, як і яго пасажыр, быў у нецвярозым стане. На даны момант вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле «Незаконнае паляванне».

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі аддзела ДАІ па фактах парушэння ўладальнікамі аўтамабільных дарог правіл дарожнага руху. Устаноўлена, што 14 снежня 2014 года начальнік ЛДД-621 філіяла «ДЭУ № 62» РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр», будучы адказным за ўтрыманне дарогі Р-54 Івянец – Пяршай – Нясвіж, не прыняў меры да своечасовай апрацоўкі супрацьгалалёдным матэрыялам участка праезджай часткі, што стварыла пагрозу бяспецы дарожнага руху. У адрас начальніка ДЭУ № 62 вынесена пастанова аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці, па выніках разгляду якой начальнік участка прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. 

Суд асудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі 41-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, за крадзеж у будынку аўтастанцыі рукзака з рэчамі. 31-гадовы новасвяржанін ухіляецца ад выплаты аліментаў на дваіх непаўналетніх дзяцей, за што прыгавораны да выпраўленчых работ на адзін год з утрыманнем 10 працэнтаў заробку.  

ДАІ выявіла 132 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра нецвярозых вадзіцеляў і два вадзіцелі-бяспраўнікі, 22 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксаваны чатыры дарожныя аварыі. На шчасце, ніхто не пацярпеў. 

Санітарнай службай раёна забаронена рэалізацыя ў гандлёвай сетцы 10,4 кг харчовай прадукцыі па прычыне сышоўшага тэрміну прыдатнасці (магазін ІП Ж. В. Кедышка ў Стоўбцах, ПГУП «СпутникТоргСервис» у Дзераўной), 1,2 кг – з-за адсутнасці поўнай інфармацыі для пакупнікоў і 10,1 кг – дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку. Парушальнікі аштрафаваны на 18 млн руб.  

«Хуткая» выязджала да хворых 278 разоў, у прыватнасці сем зваротаў былі да асоб з алкагольным ап’яненнем. У сувязі з галалёдам медыкі канстатуюць рост вулічных траўмаў.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ                          



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *