На сваіх плячах яны вынеслі вайну

Грамадства Людзі і лёсы Нумары

6-02-2015-9

Жыхары Стоўбцаў Нона Васілеўская, Ірына Лапко, Леанід Матрунчык звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай выказаць вялікую ўдзячнасць старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву за яго садзейнічанне ў выкананні просьбы групы стаўбчан. Просьба заключалася ў тым, каб на праваслаўных могілках у горадзе спілаваць старыя аварыйныя дрэвы. Вялікую арганізатарскую работу правёў наглядальнік за парадкам на могілках Аляксандр Гракаў. Ён пракантраляваў, каб галлё было прыбрана, звезена. Як жа інакш? Нашчадкі тых, хто спачывае ў магілах пад векавымі дрэвамі, самі ўжо людзі немаладыя, некаторыя маюць інваліднасць.

Мы едзем да Ноны Васілеўскай, таму што яна заінтрыгавала нас цікавай гісторыяй з часоў вайны, вельмі цёпла, з любоўю гаварыла аб тым, што ўсе магілы, на якіх быў наведзены парадак, адметныя тым, што тут пахаваны ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. У кожнага з іх свой лёс, свае ваенныя дарогі, але ўсе яны – патрыёты сваёй Айчыны, на чыіх плячах быў вынесены цяжар вайны.

Уладзімір Фёдаравіч Матрунчык у памяці многіх стаўбчан, а таксама працаўнікоў сферы адукацыі раёна. Заслужаны настаўнік Беларусі, ён узначальваў калектыў СШ № 2 г. Стоўбцы, меў не толькі працоўныя, але і баявыя ўзнагароды. Уладзімір Матрунчык партызаніў на Стаўбцоўшчыне. Жонка яго, заслужаны ўрач Беларусі, Ніна Марцінаўна, служыла людзям на пасадзе стаматолага, а ў ваенны час была ўрачом у партызанскім атрадзе.

 Таццяна Антонаўна Шкода – вязень фашысцкага канцлагера. У мірны час яна ўзначальвала раённую дзіцячую бібліятэку. Муж яе Іван Аляксандравіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў дырэктарам Слабадской базавай школы. Муж і жонка Генадзь і Ванда Бурновічы, былыя настаўнікі СШ № 1 г. Стоўбцы, – таксама ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

Бацька Ноны Барысаўны Барыс Дзіянаў, карэнны масквіч, у складзе асобых часцей НКВД быў у абароне Масквы падчас вайны, з фронтам вызваляў многія краіны, у ліку іх рэспублікі Прыбалтыкі. Ён прымаў удзел і ў вызваленні Стоўбцаў. Яго часць затрымалася тут на два дні – 2-3 ліпеня. Гэтага часу было дастаткова, каб сустрэць тут свой лёс. Ён пазнаёміўся з маці Ноны Барысаўны, Таісай Калбаска. І сказаў, што вернецца. Фронт накіраваўся на Літву. Вярнуўся Барыс Дзіянаў толькі ў 1949 годзе.  Ён не думаў, што для яго вайна працягнецца – пасля Вялікай Перамогі ён ваяваў з бандытызмам на Украіне, у рэспубліках Прыбалтыкі. Таіса з Барысам  зарэгістравалі шлюб і абвянчаліся. Усё іх жыццё прайшло ў Стоўбцах. Барыс Дзіянаў многія гады быў дырэктарам стаўбцоўскага мясакамбіната, у яго працоўнай біяграфіі – і пасада старшыні калгаса імя Пушкіна. Адносна ваеннага часу Нона Барысаўна захоўвае ў памяці шмат гісторый, звязаных з яе бацькам, і, як сама гаворыць, гэта матэрыял для цэлай кнігі.

Побач з магіламі ўсіх ветэранаў вайны, якіх мы ўспомнілі, пахаваны і продкі Ноны Васілеўскай. Да Вялікай Айчыннай вайны яны таксама маюць асабістыя адносіны, і не толькі тым, што мелі сувязь з партызанамі і дапамагалі ім.

Жылі Калбаскі на вуліцы Маякоўскага ў Стоўбцах. Яна была інтэрнацыянальная. Нямала было яўрэйскіх дзяцей, з якімі сябравалі і дзеці Калбаскаў. Калі Стоўбцы акупіравалі гітлераўскія захопнікі, было створана гета. Яўрэяў расстрэльвалі ў тры этапы. На ахвярах фашызму была адметная вопратка з жоўтымі зоркамі на грудзях і спіне. У гісторыю нашага горада ўвайшоў урач, які выратаваў нямала яўрэяў. Тых, якія траплялі ў лазарэт, ён ноччу, калі была магчымасць, выпускаў. Так была вызвалена яўрэйская 14-гадовая дзяўчына. Ноччу ёй не было куды ісці, і яна пастукалася ў дом да Сцяпана і Веры Калбаскаў. Бабуля Ноны Барысаўны абамлела – на «палацях» было трое сваіх дзяцей. Яна ведала, што калі факт выплыве, іх сям’я будзе расстраляна, але ўпусціла дзяўчынку і хуценька накінула ёй на плечы вялікую хустку. Знакі на адзенні былі прыкрыты. У дом пастукаліся нямецкі афіцэр і двое канваіраў. Увайшлі, афіцэр застаўся, а двое ваенных пакінулі дом. За час акупацыі людзі крыху авалодалі нямецкай мовай і мелі магчымасць зносін з нямецкімі захопнікамі. Афіцэр затрымаўся ў доме, гутарыў з Верай Калбаска. Яўрэйская дзяўчынка не прыдала значэння таму, што хустка з’ехала, і адкрыўся знак на адзенні. Афіцэр ускочыў, пабялеў і закрычаў: «Найн! Не!» Ён не выдаў сям’ю Калбаскаў. Дзед Сцяпан зарэзаў кабана, выняў вантробы, запхнуў туды дзяўчынку і ноччу адвёз у партызанскі атрад.

…У 1994 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла на месцы пахавання больш як трох тысяч стаўбцоўскіх яўрэяў у лясным масіве бліз Стоўбцаў. На ўрачыстасць былі запрошаны старажылы горада. У ліку іх і сям’я Барыса і Таісы Дзіянавых. Прыехалі дэлегацыі эмігрантаў з многіх краін. Падкаціў і апошні аўтобус з замежнымі гасцямі. За сваімі плячыма Таіса Дзіянава пачула: «Рая!» Так звалі Таісу ў дзяцінстве. Праз многія гады яе пазнала тая дзяўчынка, якую выратавала сям’я Калбаскаў. Эстэр Зінгер жыве цяпер у Ізраілі. Які ж цесны свет Божы! Трэба ж здарыцца такому супадзенню: у тым жа горадзе – Хайфа, жыве і дачка Ноны Барысаўны Вера са сваёй сям’ёй. Яна носіць імя сваёй прабабулі, якая выратавала Эстэр. Сувязь нашчадкаў Калбаскаў з Эстэр Зінгер стала яшчэ больш цеснай.

А для Ноны Барысаўны, праваслаўнага веруючага чалавека, усе гэтыя падзеі – знак Божы, Промысел Божы.

Сагрэлася сэрца, што Нона Васілеўская малітвенна помніць усіх сяброў сваіх бацькоў, беражлівая да іх магіл, лічыць сваім абавязкам захоўваць аб усіх іх памяць як аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *