Здароўе б не падводзіла

Людзі і лёсы Нумары

мароз

Аператар машыннага даення Людміла Мароз з ААТ «Рочавічы» нядаўна адзначыла свой самы адметны жыццёвы юбілей. Сёння яна працягвае працаваць і адначасова атрымлівае пенсію.

– Трыццаць гадоў споўнілася з таго часу, як прыйшла на ферму, – гаворыць Людміла Міхайлаўна. – Спачатку ўладкавалася лабаранткай, але зарплата была невялікай, таму перайшла даіць кароў. Здароўе пакуль не падводзіць, яшчэ гадкоў з пяць можна папрацаваць.

Людміла Мароз не мясцовая, прыехала ў Рочавічы за мужам. Свёкар застаўся ў хаце адзін, ды яшчэ і прыхварэў – трэба было яго даглядаць. Але жанчына не шкадуе, што так склаўся  лёс. Хоць бацькі яе і былі супраць, каб ехала, па іх уяўленні, у гэткую глуш. Бацькоўская ж хата стаіць побач з горадам Беразіно.

– Жыву годна, муж харошы, дрэннага слова ад яго не чула, заўжды дапамагаў мне на ферме, бо працаваў слесарам, – працягнула размову Мароз. – Дачка  добра  выйшла замуж. Тры ўнучкі ў нас. Сёлета дзеці кватэру трохпакаёвую атрымалі ў Мінску, у мікрараёне Лошыца.

Людміла Міхайлаўна пачынала працаваць на ферме, калі яшчэ малако даілі ў бачкі. Гэта потым ужо ўстанавілі малакаправод, стала лягчэй. Яна пастаянна была ў перадавіках, бо работу заўжды выконвала  сумленна і паказчыкі мела высокія – атрымлівала ад кожнай каровы сваёй групы каля шасці тысяч кілаграмаў малака.

–  Толькі сёння столькі не надойваю, –  з сумам канстатуе жанчына. – Асноўная прычына ў кармленні. Не тыя кармы, што былі раней. Няма сакавітых і розных дабавак. А менш прадукцыі – і зарплата ніжэйшая. Застаецца спадзявацца, што ўсё наладзіцца ў таварыстве і мы зноў выйдзем на ранейшыя рубяжы.

У групе Людмілы Міхайлаўны 56 кароў. Праца нялёгкая. Трэба рана прыйсці на ферму і ўбраць з-пад кароў. Затым падаіць іх. Як целіцца рагуля, то і роды прыняць. Балазе, цяляткі нараджаюцца здаровенькія, і захаванасць іх добрая.

Вельмі занепакоена Людміла Міхайлаўна і тым, што моладзь не ідзе працаваць на ферму. Маўляў, як выйдуць на пенсію жанчыны, то хто іх заменіць.

Варта адзначыць, што фотаздымак руплівіцы раней упрыгожваў раённую Дошку гонару. Яна і зараз па выніках у ліку  лепшых працаўнікоў  у таварыстве. І ферма займае першае месца па надоях сярод іншых вытворчых падраздзяленняў у гаспадарцы.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *