Памяць павінна жыць у нашых сэрцах

Вялікай Перамозе прысвячаецца Год моладзі Нумары

Маладыя спецыялісты аграпрамысловага комплексу пабывалі з экскурсіяй у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мы пацікавіліся, якія ўражанні атрымалі маладыя людзі ад наведвання новай экспазіцыі.

6-02-2015-13

Сяргей Санько, бухгалтар ААТ «Радзіма Якуба Коласа»:

– Абсалютна інакш, чым раней, успрымаю цяпер той час. Бліжэй да сэрца  тое, што бачыш сваімі вачыма. Вельмі спадабалася, як эмацыянальна праводзіў экскурсію наш гід. Мурашкі прабягалі па ўсім целе ад пачутага і ўбачанага. У экспазіцыйнай зале, дзе прадстаўлены матэрыялы пра бітву савецкіх войскаў на Курскай дузе, успомніў свайго прадзеда, які прымаў удзел у гэтай пераломнай ваеннай аперацыі. Вялікі дзякуй яму і ўсім,   хто вызваляў нашу краіну ад фашысцкіх захопнікаў, за светлую будучыню і шчаслівае дзяцінства. Нашы равеснікі трымалі ў руках зброю, і я ўяўляў сябе на іх месцы. Яны з гонарам выканалі свой доўг. Многія аддалі за свабоду свае жыцці і засталіся назаўсёды маладымі. Памяць аб іх увекавечана ў бюстах і фотаздымках. Наша пакаленне перад героямі вайны ў неаплатным даўгу. Думаю, што разам з жонкай абавязкова прыеду сюды яшчэ раз.

6-02-2015-11

Юлія Ермаковіч, галоўны інжынер па ахове працы, старшыня прафкама ААТ «Вішнявецкі-агра»:

– У такім сучасным музеі была ўпершыню. Усё вельмі спадабалася. Уражанні атрымала вельмі моцныя. За паўтары гадзіны экскурсіі мы быццам бы самі прайшлі дарогамі вайны, якая доўжылася чатыры гады. Мой дзядуля, Рыгор Таяноўскі, расказваў мне, як ваяваў, але словамі не перадаць таго, што ўбачыш насамрэч. З цікаўнасцю слухала расказ аб аўтамашыне, якая выстаўлена ў першай экспазіцыйнай зале. Гэта рарытэт. Здзівіла яе даволі багатая біяграфія – «палутарка» прайшла ўсю вайну, працавала затым у мірны час і знялася ў некалькіх фільмах. Цяпер стала экспанатам, але дагэтуль на хаду. Мы з дзяўчатамі і рабятамі вярнуліся сюды пасля экскурсіі, бо проста не маглі не сфатаграфавацца на яе фоне. А асаблівае, ні з чым не параўнальнае ўражанне ад залы Перамогі. Упэўнена, яе велічнасць і прыгажосць не пакідаюць раўнадушнымі нікога, хто сюды заходзіць.

6-02-2015-12

Яўген Кутас, загадчык машынна-трактарнага парку і майстэрань ААТ «Шашкі»:

– Бываў ў розных музеях, і неаднойчы, але такой маштабнай і прыгожай экспазіцыі бачыць дагэтуль не прыходзілася. Практычна ўсе экспанаты – самалёты, танкі, гарматы, зброя – прадстаўлены ў натуральную велічыню. Гэта  вельмі відовішчна! А колькі сабрана гістарычных звестак аб героях вайны, іх асабістых рэчаў і ўзнагарод, і шмат чаго іншага. Прачытаць пра вайну ў кнігах, пабачыць у кіно – гэта непараўнальна з тым малюнкам, які ўбачыў, пабываўшы ў такім сучасным музеі. Шчыра кажучы, нялёгка было ўявіць сябе на месцы абаронцаў Радзімы. Ёсць жаданне вярнуцца сюды летам, каб прайсціся і па экспазіцыі, якая прадстаўлена вакол будынка музея. Дарэчы, мы з калегамі  рады, што наведалі не толькі музей, а і адначасова пабывалі ў сталіцы. Усё вельмі спадабалася. Дзякуй за гэта райкаму прафсаюза. Спадзяёмся  на далейшыя змястоўныя паездкі.

6-02-2015-14

Таццяна Кацуба, эканаміст ААТ «Жацерава»:

– Гэта проста здорава! Незабыўнае ўражанне асабіста ў мяне пакінула «жывая» экспазіцыя. Мы на свае вочы пабачылі як нялёгка прыходзілася нашым байцам на фронце і народным мсціўцам у партызанскіх атрадах, як здзекаваліся фашысты з людзей у канцлагерах, якой жахлівай была акупацыя. І як бы перажылі разам з імі той страшны час.  Такія экскурсіі для нас, маладых, – напамінак аб гадах ваеннага ліхалецця, пра якія мы не павінны забываць, аб салдатах, якія падарылі нам магчымасць жыць пад мірным небам. Вайна незагойнай ранай стала і для нашай вялікай сям’і. Частка родных, асабліва з боку бацькі, не вярнуліся з поля бою. І я, на жаль, змагла пабачыць іх толькі на фотаздымках. Рана пайшлі з жыцця бабуля з дзядулем. Яны расказвалі пра вайну, але я тады была зусім маленькая і практычна нічога не памятаю. Таму вельмі ўдзячна арганізатарам паездкі за экскурсію.

6-02-2015-10

Дзяніс ПУЗАНАЎ, ветурач-эпізаатолаг ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя»:

– Тое, што ўбачыў у музеі, словамі не перадаць, бо ўся экспазіцыя разлічана на стварэнне для наведвальнікаў эфекту прысутнасці. Ды і сама атмасфера адразу заварожвае і паглынае твае думкі. У кожнай залы свая тэматыка, унікальныя экспанаты, спецэфекты. Пастаянна з табою гукавое  і відэасуправаджэнне. Мультымедыйныя прыстасаванні дазваляюць самім выбіраць фільмы з ваеннай кінахронікі. Усё ўражвае і дае адчуць, як многа мы яшчэ не ведаем аб такой, здавалася б, вядомай вайне. А зала Перамогі, такая высокая і прасторная, уся ў залатым абрамленні, выклікае сапраўднае пачуццё гонару за наш народ, за атрыманую перамогу. Абавязкова вярнуся сюды, каб падрабязна усё вывучыць і разгледзець. Калі хто яшчэ не быў у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, абавязкова яго наведайце. Гэта цікава і павучальна не толькі для нас маладых. Памяць аб вайне павінна жыць у нашых сэрцах.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *