Моладзь Стаўбцоўшчыны

Год моладзі Нумары

МАЙСТАР, ЁН ЖА САКРАТАР

На фоне вытворчага рытму маладых работнікаў філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы нельга ўявіць без грамадскай актыўнасці.

Фактычна кожны пяты работнік гэтага самага буйнога ў раёне прадпрыемства – малады чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў да 31 года. Моладзь працуе ва ўсіх падраздзяленнях, але найбольш яе занята на асноўнай вытворчасці – у аўтаматна-тэрмічным цэху. Акурат у гэтым цэху працуе майстрам і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Дзмітрый Пазняк. 

– Маладых неабходна зацікавіць, аб’яднаць, дапамагчы ім раскрыць свае здольнасці, – лічыць спецыяліст па інфармацыі і рабоце з моладдзю на філіяле Аксана Мачоная. – Сёлета, у Год моладзі, нададзім ім асаблівую ўвагу, і з улікам запытаў маладых акрэслім планы работы на бягучы год.

На філіяле існуе нямала добрых традыцый, якія нельга губляць. З ліку ініцыятыўнай моладзі створаны каманда вясёлых і знаходлівых,  свой валанцёрскі атрад. Іх склад, безумоўна, сёлета абновіцца і папоўніцца, як і склад пярвічнай арганізацыі БРСМ. Кіраўніцтва завода падтрымае правядзенне ўнутрызаводскіх турысцкага злёту і спартакіяды. Як правіла, моладзь прадпрыемства ў ліку першых на суботніках, на агульнараённых акцыях і мерапрыемствах. Сёлета сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама запланавана арганізаваць на базе філіяла раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых токараў.          

Шмат моладзі пражывае ў заводскім інтэрнаце. Для яе адпачынку адкрыты тэнісны і дзіцячы гульнявы пакоі. Жадаючых склікаюць танцавальныя заняткі. Ёсць і задумка – з дапамогай моладзі аднавіць у інтэрнаце трэнажорны пакой, які раней таксама карыстаўся ў работнікаў вялікай папулярнасцю.    

СУСТРЭНЕМСЯ «ВКОНТАКТЕ»

Без сацыяльных сетак сёння нельга ўявіць зносіны моладзі, а таксама фарміраванне яе свядомасці. 

Каб зразумець гэта, варта адкрыць маладзёжныя старонкі ў такіх сацыяльных сетках, як «ВКонтакте». «Одноклассники», Twitter, Facebook. Напэўна, тут кампактна сабраны ўсе навіны аб тым, чым жыве моладзь Стаўбцоўшчыны. У гэтым віртуальным асяроддзі ёсць эмацыянальныя водгукі і падрабязныя фотасправаздачы, нераўнадушныя каментарыі на тыя акцыі, канцэрты або іншыя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў нас аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённым камітэтам БРСМ. Акрамя абмену інфармацыяй на такім інтэрактыўным узроўні, вартасцю сацыяльных сетак з’яўляюцца шматлікія апытанні, анкетаванні сярод моладзі, даныя якіх дазваляюць пачуць думку нашых сучаснікаў і максімальна ўлічыць яе пры планаванні работы ў напрамку рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Калі параўноўваць кантэнт сацыяльных сетак, то самай наведваемай з’яўляецца старонка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте». На яе падпісана 480 маладых жыхароў Стаўбцоўшчыны. Адначасова нельга не сказаць і пра іншыя, не менш папулярныя сярод моладзі, крыніцы інфармацыі, такія, напрыклад, як наша раённая газета «Прамень», радыё «Минская волна» і інш. Безумоўна, моладзь заходзіць на наш сайт і афіцыйныя сайты райвыканкама, раённага камітэта БРСМ, каб быць у курсе самых свежых навін, атрымліваць кампетэнтную інфармацыю.           

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

З НОВЫМІ ІМЁНАМІ

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з 16 лютага па 22 мая праводзіць рэспубліканскі маладзёжны вакальны конкурс «Новыя імёны Беларусі».

Мэта конкурсу – выявіць таленавітых выканаўцаў ва ўсіх раёнах Беларусі, садзейнічаць развіццю маладзёжнай аматарскай творчасці, прыцягненню іх да актыўных формаў арганізацыі вольнага часу.

Да конкурсу запрашаецца таленавітая моладзь пярвічных арганізацый галіновых прафсаюзаў ва ўзросце ад 16 гадоў да 31 года.

Праграма конкурсу падзелена на тры этапы. Да 12 лютага праходзіць адбор таленавітай моладзі на прадпрыемствах і ў арганізацыях для ўдзелу ў конкурсе. У адрас тэрытарыяльнага раённага аб’яднання прафсаюза высылаецца заяўка ад удзельніка за подпісам старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. З 16 лютага па 1 сакавіка ў кожным раёне краіны пройдзе адборачны тур з прыцягненнем маладых людзей аграгарадкоў і вёсак. У нашым раёне адборачны тур пройдзе 27 лютага ў раённым Цэнтры культуры.

Па выніках гэтага туру кожны з 118 раёнаў Беларусі выбера трох удзельнікаў, якія з 19 сакавіка па 15 красавіка прадставяць свой раён на абласным фінале, дзе і вызначацца самыя таленавітыя спевакі. Па выніках абласных тураў у Мінск будуць запрошаны 49 маладых выканаўцаў. Ім трэба будзе прайсці рэспубліканскі адбор, у выніку якога журы выбера 30 удзельнікаў.

З 27 красавіка па 10 мая на працягу двух тыдняў маладыя таленты будуць займацца з прафесійнымі вакалістамі, харэографамі і стылістамі ў адукацыйным цэнтры, прымуць удзел у канцэртах, прысвечаных юбілею Вялікай Перамогі. А 22 мая ў дзень правядзення VІІ З’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на базе рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў яны прадэманструюць свае таленты ў рамках фінальнага шоу-конкурсу на адной сцэне з народнымі і заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь.

Жаданым падарункам для кожнага пераможцы рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» стане ўдзел у здымках тэлевізійнай версіі конкурсу на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі, ратацыя песень у іх выкананні на папулярнай радыёстанцыі «Новае радыё». Іх заахвоцяць таксама і каштоўнымі падарункамі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Галіна Шапецька, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *