Мая гімназія

Адукацыя Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны

6-02-2015-17

З акна школьнага класа нам адкрываліся неабсяжныя далягляды. Гімназія была пабудавана больш чым сто гадоў таму на высокім месцы – жыццё горада як на далоні. Да навучальнай установы з такой багатай гісторыяй далучаны сучасны «дызайн» – школа новага тыпу. Яна дае магчымасць вучням быць даследчыкамі, творцамі, вынаходнікамі, артыстамі… А галоўнае, мы – вялікае братэрства, супольнасць, далучанасць да якой шмат што азначае. Прынамсі, так мне, тагачаснай гімназістцы, падаецца маё школьнае жыццё.

Першае выпрабаванне – уступныя экзамены. У 2003 годзе пасля пачатковай школы я прыйшла паступаць у гімназічны клас. На той час школа № 1 горада Стоўбцы толькі атрымала свой асаблівы, адказны статус.

Самая першая і значная падзея ў жыцці нашага класа – дзень пасвячэння ў гімназісты. Запомніўся гімн «Гаудэамус» у выкананні старшакласнікаў, наша дзіцячая адкрытасць, клопат пра нас класных кіраўнікоў і, канешне, наказ дырэктара. У той дзень калектыву гімназіі прадставілі новапрызначанага дырэктара – Васіля Антонавіча Курака. Яго шчырая ўсмешка, даверлівы, нібыта бацькоўскі, погляд суправаджалі нас усе сем гадоў навучання. Іх нельга забыць…

У вучнёўскія будні дырэктар прыходзіў да нас на ўрокі. Прадмет, які ён выкладаў, – «Прыродазнаўства». Як заўсёды, падручнікі ляжалі на партах закрытымі, а свой аповед Васіль Антонавіч вёў не па параграфе. Вобразамі і параўнаннямі, вельмі даступна і эмацыянальна  маляваў ён у нашым уяўленні такія складаныя з’явы як сонечная сістэма, кругазварот вады ў прыродзе, сістэма ўладкавання зямлі, раскрываў таямніцы сушы, акіянаў, нябёсаў… Заўсёды напярэдадні святаў ён знаходзіў магчымасць, каб зайсці ў кожны клас і павіншаваць нас.

Упэўнена, многія з тагачасных вучняў пагодзяцца: да дырэктара можна было падысці ў любы час з самым сур’ёзным пытаннем. Параіцца, папрасіць падтрымкі… Цяпер мне цяжка ўявіць, як яго на ўсіх хапала. Вучняў – сотні, а Васіль Антонавіч – адзін, і ўсіх нас, між іншым, ведаў не проста «ў твар»… Дырэктар бачыў у кожным з нас асобу, індывідуальнасць  і размаўляў з намі на роўных. Нават калі нехта ў нечым правініўся – ці мала што бывае ў пераходным  узросце?! – дырэктар умеў дакараць неяк па-бацькоўску, з цярпеннем і любоўю. Памятаю, што «вінаваты» выходзіў з яго кабінета не абражаным і прыгнечаным, не азлобленым на ўвесь свет, а ўзнёслым і перакананым у тым, што тут, у школе, яго любяць і прымаюць такім, які ён ёсць.

Стаўбцоўская гімназія для мяне – штосьці высокае і святое. У сваёй адукацыйнай велічы яна нагадвае старажытны намолены храм, дзе многія пакаленні настаўнікаў нясуць службу вечным ісцінам і духоўным каштоўнасцям, дзе іхняй уласнай малітвай становіцца клопат пра будучае сваіх вучняў і дзе гэтым самаахвярным, з дня ў дзень, з году ў год, служэннем рыхтуецца заўтрашні дзень краіны.

За 105 гадоў існавання гімназіі (векавы юбілей мы разам адзначалі ў 2009 годзе) тут склалася асаблівая аўра. Гэта месца, дзе шануюць інтэлігентнасць, паважаюць эрудыцыю, развіваюць творчасць, заахвочваюць наватарства. Таму ўрокі – толькі аснова школьнай праграмы. На факультатывах, навуковых лабараторыях, занятках з выкладчыкамі ВНУ, якія прыязджалі да нас у суботні дзень, мы атрымлівалі тое, што называецца перспектывай. Цікава зазірнуць у гэты шчаслівы і пазнавальны час, прыгадаць, як наш дырэктар даваў устаноўку на перамогу камандзе алімпіяднікаў перад ад’ездам. І як мы маглі яго падвесці, прыехаць з «вобласці» ці «рэспублікі» без дыпломаў?!

Нашых гімназістаў ведалі і на навуковых канферэнцыях. Аматары літаратуры выяўлялі сябе праз клуб «Прыстанька». Прыхільнікі музаў мастацтва не маглі жыць без пасяджэнняў клуба «Ніка». Здольныя да гумару знаходзілі сябе ў камандзе КВЗ… Гімназія стала ўдзельніцай міжнароднага праекта, які, акрамя ўсяго, падружыў нас з равеснікамі з польскага горада Яроцын. Падчас летніх канікулаў мы адпраўляліся ў летнік «Зялёны крыж». Пра самыя яркія моманты свайго жыцця пісалі ў гімназічны часопіс «Паруса»…

Зараз я разумею, што гімназія, у якой мне пашчасціла вучыцца, была цэльным і зладжаным арганізмам. Настаўнікі былі адной камандай, якую ва ўсім падтрымліваў і стымуляваў дырэктар. Яго паважалі за далікатнасць, уменне папярэдзіць канфлікт і кансалідаваць людзей розных поглядаў вакол сваёй запаветнай мары і сэнсу жыцця: стварыць такую гімназію, якая была б  ідэалам і дасканалым прыкладам сучаснай школы, школы новага тыпу.

Дзеля гэтай высакароднай мэты Васіль Антонавіч жыў гімназіяй і – у гімназіі, бо думкамі ён заўсёды быў тут, незалежна ад пары года ці часу сутак.  Пакуль у школе не пачаўся рабочы дзень, ён асабіста абыходзіў усе класы і памяшканні, гутарыў з тэхперсаналам, каб пераканацца, што ўсё на месцы і ў парадку.

Памятаю, прыйшлі пасля летніх канікулаў на заняткі – і не пазналі сваю школу. Абноўленыя фасад і дах, сучасныя вокны і дзверы, парты і школьныя дошкі, камп’ютарныя класы… Шмат гадоў ішла праца над прыбудовай да асноўнага будынка. Васіль Антонавіч не раз і не два пахадзіў па чыноўніцкіх кабінетах, каб «выбіць» фінансаванне на гэты значны праект.

Так здарылася, што больш як год Васіля Антонавіча Курака няма з намі, але зробленае ім засталося і нагадвае нам пра яго лепш за любыя высакамоўныя словы.   

 …Сёння я іду на вечар сустрэчы выпускнікоў, на свой першы, пяцігадовы, юбілей. Іду з пачуццём удзячнасці сваёй гімназіі, калектыву настаўнікаў.

Вікторыя ПЯТКЕВІЧ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

ПРА РОДНУЮ ШКОЛУ З ВЯЛІКАЙ ЛЮБОЎЮ…

У першую суботу лютага ў школах нашага раёна традыцыйна праводзяцца вечары сустрэч выпускнікоў. У былых вучняў ёсць цудоўная магчымасць убачыць старых сяброў, успомніць незабыўныя моманты школьнага жыцця, яшчэ раз падзякаваць настаўнікам, а таксама падзяліцца сваімі дасягненнямі і парадавацца поспехам і ўдачам іншых. Я папрасіла выпускнікоў нашай школы розных гадоў даслаць свае ўспаміны.

Яўген Жыбуль, выпуск 2001 года:

– Калі я быў школьнікам, я наведваў урокі з задавальненнем, нягледзячы на тое, што даводзілася рана ўставаць. Усё таму, што кожны дзень у раскладзе абавязкова быў урок, дакладней не ўрок, а настаўнік, які расказваў намнога больш цікава за прачытаны дома падручнік. І, перш за ўсё, хацелася б сказаць дзякуй Ларысе Іванаўне Блінкоўскай, нашаму класнаму кіраўніку! Яна заўсёды працавала не па шаблоне, не шкадавала на нас свайго часу і сіл. Чаго вартыя паездкі па Беларусі. Вядома, іх няма ў школьнай праграме, але мы з класам наведалі ўсе асноўныя славутыя месцы Беларусі, музеі, тэатры … Ларыса Іванаўна выхоўвала ў нас адукаваных, культурных людзей. Нельга не адзначыць і прафесіяналізм Галіны Іванаўны Сідаровіч. Атрыманая ў школе база па англійскай мове (як і па беларускай літаратуры ў Ларысы Іванаўны), дазволіла мне пяць гадоў атрымліваць выдатныя адзнакі на журфаку БДУ. Курс школьнай хіміі мне не спатрэбіўся ў прафесіі, але гэта былі вельмі цікавыя і займальныя заняткі. Дзякуй Наталлі Аляксандраўне Рачко. Зараз здзіўляю бяскрыўднымі хімічнымі вопытамі сваіх дзяцей. Прыемна, што школа на вышыні і сёння. Перыядычна сустракаю яе ў высокіх радках рэйтынгаў навучальных устаноў і заўсёды радуюся яе поспехам. Успамінаю словы былога дырэктара школы Міхаіла Іванавіча Лянцэвіча: «Лепшая адзнака школы – гэта калі ў яе накіроўваюць вучыцца сваіх дзяцей нашы выпускнікі». А для трэцяй школы гэта не рэдкасць.

Наталля Годыль, выпуск 2002 года:

– Хачу выказаць словы падзякі М. В. Камёнку за лепшыя ўрокі матэматыкі і інфарматыкі. Прыходзіць на яго заняткі было задавальненнем. Гэты чалавек выдатна тлумачыў тэму ўрока і заўсёды мог разрадзіць абстаноўку ў класе сваімі жартамі. Ён выдатна знаходзіў агульную мову з моладдзю. Шчаслівыя тыя вучні, якія атрымлівалі ў яго веды. Яшчэ хачу адзначыць любімага і лепшага класнага кіраўніка Л. П. Вярбіцкую. Хацелася б сказаць ёй асобнае дзякуй за тыя гады, што яна вучыла нас, за яе цярпенне да нас. Працу настаўнікаў мы павінны шанаваць і паважаць.

Ягор Каспяровіч, выпуск 2014 года:

– Школу я любіў за суботнікі, за перапынкі, за атрыманыя веды, якія мне дапамагаюць, за настаўнікаў, якія нас не стамляліся вучыць. Школа, як дом, толькі тут ты атрымліваеш усё неабходнае для жыцця і далейшай вучобы. Тут ты знаходзіш і сяброў, з якімі побач ідзеш 11 гадоў. Мой самы першы класны кіраўнік – Таццяна Яраславаўна Нарановіч. Я ўдзячны ёй за тое, што яна заўсёды была з намі як з роднымі дзецьмі, трывала нас (мы былі не з самых ціхіх). Потым я трапіў у клас В. М. Грыб. Напэўна, дружней, чым яе клас, я не бачыў.  Удзячны Вераніцы Мікалаеўне за ўрокі рускай мовы і літаратуры. Дзякуй Вам за тое, што я прачытаў шмат цікавых твораў. Апошнім маім класным кіраўніком стала З. І. Нагорная. Яна стаяла за наш клас гарой, нават магла з дырэктарам з-за нас паспрачацца. Вялікі  Вам дзякуй.

Алена Аранж, выпуск 1986 года:

– Аб школе і настаўніках засталіся самыя цёплыя і далікатныя ўспаміны. Вучэбны працэс, як і ўсюды: урокі, дом, заданні і яшчэ спартыўная секцыя. Наш 10 «А» быў самым шумным, спартыўным і няўрымслівым класам. Класны кіраўнік Уладзімір Антонавіч Рачко – унікальны чалавек, наватар многіх ідэй у той застойны час 80-х. Гэта яму належала ідэя ў класе фізікі павесіць пяць школьных дошак і адначасова запрасіць да дошкі 8 чалавек. Гэта дзякуючы яму ў нашай школе прайшла першая дыскатэка са святламузыкай. Усё гэта здаецца сучаснаму пакаленню і наіўным, і смешным, а для нас гэта быў «вецер перамен». А нашы паездкі на возера Свіцязь, дзе мы, седзячы ля вогнішча, сустракалі світанак! А паездка ў Вільнюс! Ні адна сустрэча аднакласнікаў не праходзіць без гэтых успамінаў.Только праз гады разумееш, колькі цяпла, любові і дабра нам аддавалі нашы педагогі. Любоў Давыдаўна Ткачова – выкладчык гісторыі. У яе было немагчыма не любіць і не ведаць прадмет.  Многія яе вучні маглі паступаць на гістфак і здаваць уступныя экзамены нават без падрыхтоўкі. Галіна Іосіфаўна Грэкава вяла ў нас у 9-ым класе рускую мову і літаратуру. Якія канспекты яна нам давала! Можна цяпер прызнацца, што мы нават крытыку не чыталі, рыхтуючыся да яе ўрокаў па канспектах і чытаючы творы. Ужо стаўшы дарослымі, калі нашы дзеці выраслі і нават скончылі ВНУ, мы разумеем і шануем тую любоў, клопат, тое самае чыстае і светлае, што закладвалі нам у сэрцы нашы настаўнікі.

Уладзімір Каробка, выпуск 2001 года:

«Успаміны пра школу – гэта  тыя моманты, якія немагчыма забыць, яны прыгадваюцца з асаблівай цеплынёй. Думаючы пра сваіх настаўнікаў, не магу не адзначыць маю першую настаўніцу  Т. С. Палуеву. Гэта чалавек, які правёў нас за руку ўсю пачатковую школу. Дзякуй вялікі Вам і самыя цёплыя словы. Гэтак жа хачу падзякаваць свайму класнаму кіраўніку Л. І. Блінкоўскай. Менавіта Ларыса Іванаўна паказала і расказала, што такое жыццё і як мы павінны сябе ў ім весці.

 Вераніка Грыб, выпуск 2002 года:

– Здаецца, што яшчэ ўчора я сядзела за школьнай партай… У памяці засталіся цікавыя ўрокі, шумныя перапынкі, вясёлыя аднакласнікі, строгія, але ў той жа час разумеючыя нас настаўнікі. Школа – гэта той падмурак, на якім будуецца наша дарослае жыццё. У школе мы вучыліся сябраваць, разумець адзін аднаго, быць адказнымі за свае ўчынкі. Я ўдзячная ўсім сваім настаўнікам і класнаму кіраўніку Хрысціне Чаславаўне Бельскай за веды, якімі яны шчодра дзяліліся, за душэўную цеплыню, за разуменне. Час ляціць непрыкметна… І сёння я сама працую настаўніцай у роднай трэцяй школе. Не верыцца, што за плячыма ўжо першы выпускны клас, мой 11 «Б». Гэта тыя хлопцы і дзяўчаты, якія вучыліся і сталелі на маіх вачах. Гэта тыя юнакі і дзяўчаты, якіх сёння я смела магу назваць сваімі сябрамі. І няма нічога даражэй у маёй прафесіі, чым удзячныя вочы і ветлівыя ўсмешкі маіх вучняў.

Падрыхтавала Алена БУДНІК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, выпускніца 2001 года СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *