Наша бяспека

Ахова правапарадку На кантролі Нумары

6-02-2015-19

У супрацоўнікаў аддзела ДАІ ёсць юныя памочнікі – рабяты, якія дасканала вывучаюць Правілы дарожнага руху і перадаюць гэтыя веды сваім равеснікам.  Самыя смелыя могуць публічна прадэманстраваць свае навыкі падчас конкурсу фігурнага ваджэння веласіпеда і атрымаць карысны прыз – флікер.

Каб на нашых дарогах было больш дысцыплінаваных удзельнікаў дарожнага руху, дарослыя і дзеці не абмяжоўваюцца толькі відовішчнымі акцыямі. На працягу вучэбнага года ў школах ладзяцца рэгулярныя сустрэчы, на якіх інспектары знаёмяць навучэнцаў з тэхнікай і прыборамі, што дапамагаюць ім у нясенні службы, паказваюць відэафільмы.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

З ЧЫМ ВЫЯЗДЖАЦЬ НА ДАРОГУ

З 28 студзеня па 1 лютага прайшла прафілактычная акцыя «Зімовыя шыны». У рамках акцыі, у апошнюю пятніцу студзеня, ладзіўся і адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам – «У новы год – па абноўленых правілах!» 

19 студзеня каля 08.30 на вуліцы Дземідовіча ў Вялікім Двары вадзіцель аўтамабіля «Аўдзі», які рухаўся ў напрамку аўтадарогі Р-2, няправільна выбраў бяспечную хуткасць руху, не ўлічыў дарожныя і пагодныя ўмовы, у выніку чаго не справіўся з кіраваннем і ўчыніў наезд на пешахода. Пешаход атрымаў цяжкія траўмы. Як высветлілася, на  «Аўдзі» былі ўстаноўлены летнія шыны…              

За мінулы год на дарогах Мінскай вобласці зарэгістравана 971 дарожна-транспартнае здарэнне, у якім 215 чалавек загінулі, 1001 – паранены. На вялікі жаль, сярод іх ёсць і дзеці: восем – загінулі, 93 – траўміраваны. Трывожнай застаецца абстаноўка і ў пачатку 2015 года. Асноўнымі прычынамі аварый па-ранейшаму застаюцца няправільны выбар хуткасці ў наяўных пагодна-дарожных умовах, недысцыплінаванасць пешаходаў і няўважлівасць вадзіцеляў пры пераездзе скрыжаванняў і манеўраванні. Праверкі, праведзеныя пасля ДТЗ, паказалі, што цяжкасць іх наступстваў напрамую звязана з выкарыстаннем рамянёў бяспекі і ўтрымліваючых устройстваў.

Нагадваем, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13.10.2014 № 483 унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў ва Указ ад 28.11.2005 № 551 «Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху», якія ўступілі ў законную сілу з 16 студзеня 2015 года.

Так, пункт 178 Правіл дарожнага руху выкладзены ў наступнай рэдакцыі: «Перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых устройстваў, адпаведных вазе і росту дзіцяці, – ва ўзросце да пяці гадоў; дзіцячых утрымліваючых устройстваў, адпаведных вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй данага транспартнага сродку, – ва ўзросце ад пяці да 12 гадоў. Дапускаецца перавозіць дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў без выкарыстання згаданых у частцы першай данага пункта ўстройстваў у выпадку, калі рост дзіцяці перасягае 150 см, а таксама ў аўтамабілі таксі.

Забаронена перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых устройстваў, адпаведных вазе і росту дзіцяці, спінка якіх развернута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны».

Варта адзначыць, што заканадаўствам прадугледжаны абавязак выкарыстання не толькі так званых дзіцячых крэслаў, але і іншых устройстваў, якія дазваляюць бяспечна прышпільваць дзіця з дапамогай штатных рамянёў бяспекі. Адказнасць за невыкарыстанне дзіцячага ўтрымліваючага ўстройства прадугледжана ч. 5 арт. 18.14 КоАП і цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь, пры паўторным на працягу года факце – ад дзвюх да васьмі базавых велічынь.

Таксама ўнесены змены ў пункт 207-1 Правілаў дарожнага руху, у адпаведнасці з якім пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да пяці тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Зімовыя шыны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны мець рэшткавую вышыню малюнка пратэктару не менш за 4 мм. У якасці зімовых шынаў будуць прымацца шыны, маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі са сняжынкай унутры яе або знакамі «М+S», «М&S» , «M.S», «M S» або «All seasons «.

Адказнасць за невыкарыстанне зімовых шын на транспартным сродку прадугледжана ч. 5 арт. 18.22 КоАП і цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 0,5 базавай велічыні. Калі зімовыя шыны маюць рэшткавую вышыню малюнка пратэктара менш за 4 мм, адказнасць наступае па ч. 3 арт. 18.12 КоАП (кіраванне транспартным сродкам з няспраўнасцямі) і цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да адной базавай велічыні, пры паўторным факце на працягу года – у памеры ад дзвюх да пяці базавых велічынь.

Аляксандр ТРАЦЯК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

АДЗІН НА АДЗІН

З 30 студзеня па 23 лютага на тэрыторыі раёна праводзіцца комплекс дадатковых мер па павышэнні ўзроўню індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў, п’янства, цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін.

Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў супраць жыцця і здароўя грамадзян, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач у рабоце органаў унутраных спраў. Дадатковыя меры прызначаны для таго, каб забяспечыць эфектыўны ўплыў на стан крымінагеннай абстаноўкі, ухіленне прычын і ўмоў, якія фарміруюць негатыўныя тэндэнцыі. Меры індывідуальнай прафілактыкі накіраваны ў першую чаргу на грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, вядуць асацыяльны лад жыцця.

З пачатку года на тэрыторыі раёна ўчынены два цяжкія злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносін. Так, 2-га студзеня жыхар Сцяцкоў Я. В. Лодачкін, 1989 года нараджэння, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, падчас сваркі патрабаваў ад маці грошай, але, атрымаўшы адмову, абліў яе лёгказагаральнай вадкасцю і падпаліў. Жанчына, агонь на якой патушыў коўдрай яе сужыцель, атрымала цялесныя траўмы ў выглядзе тэрмічных апёкаў твару, кісцяў рук, грудной клеткі 1-3 ступеняў. 17 студзеня жыхарка Стоўбцаў Л. І. Анашкіна нанесла свайму мужу удар нажом у вобласць грудной клеткі, ад чаго апошні памёр на месцы здарэння…

Аналізуючы факты, устаноўлена, што як пацярпелыя, так і тыя, хто ўчыніў злачынствы, напярэдадні ўжывалі спіртныя напіткі.

Кожны дзень у аператыўна-дзяжурную службу райаддзела міліцыі паступаюць шматлікія выклікі на сямейныя скандалы. А колькі іх застаецца схаванымі за дзвярамі дамоў і кватэр! Многія баяцца яшчэ большай агрэсіі з боку шалапутных дамачадцаў, а іншыя проста саромеюцца «выносіць смецце» з дому. Пераважная большасць тых, хто ў адчайнай сітуацыі рашаецца на зварот з заявай у міліцыю, напрыклад, на мужа-скандаліста, на наступны дзень, астудзіўшы пачуцці, адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій. Прычына гэтага крыецца ў тым, што самай распаўсюджанай мерай уздзеяння на дамашняга хулігана з’яўляецца штраф. І выплачваць яго прыходзіцца менавіта жонцы, з агульнага бюджэту, як правіла, і так не вельмі багатага.

Тым не менш, маўчанне – не выйсце з сітуацыі. Насільнік і дэбашыр, упэўніўшыся ў сваёй беспакаранасці, становіцца яшчэ больш нахабным і ідзе на больш цяжкія злачынствы.          

Гэта праблема для грамадства, і датычыць яна не толькі міліцыі. З-за чаго часцей за ўсё ўзнікаюць канфлікты ў сям’і? П’янства, беспрацоўе, безграшоўе і, безумоўна, псіхалагічныя асаблівасці. У ролі ахвяры дамашняга насілля можа аказацца і дзіця, і стары чалавек. Прадстаўнікі розных міністэрстваў, ведамстваў і грамадскіх аб’яднанняў прапануюць самыя розныя спосабы барацьбы з дамашнім насіллем, пачынаючы ад абмежавання выпуску і продажу спіртнога.

Ірына ДЗЯРЖАЎСКАЯ, інспектар прафілактыкі райаддзела міліцыі  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *