У Мхаянаў работа ладзіцца

Людзі і лёсы Нумары

мхаян

Ва ўсе часы прафесія будаўніка была і застаецца запатрабаванай.  Літаральна на ўсіх вытворчых прадпрыемствах і ў арганізацыях спецыялісты будаўнічай галіны ўведзены ў штатны расклад. І ў  ААТ «Вішнявецкі-агра» створана будаўнічая брыгада, у якой пастаянна працуюць шэсць чалавек, а ў сезон рабочых становіцца ўдвая больш.

– Летась  на вытворчых аб’ектах  таварыства працавалі  трынаццаць чалавек, якія займаліся ў асноўным рамонтам і рэканструкцыяй жывёлагадоўчых  фермаў, – гаворыць майстар-будаўнік Галіна Смалярова. – Гаспадарка вялікая,  збудаванняў дастаткова і работы таксама. Да таго ж, усе будынкі ранейшыя  і патрабуюць некаторай перапланіроўкі для таго, каб там магла працаваць новая тэхніка. Старым фермам даём другое жыццё. Рукамі нашых працаўнікоў адрэстаўрыравана былая канюшня ў Вязаўцы.  Выкананы ўсе будаўнічыя работы, акрамя ўстаноўкі тэнтавага даху.   Жывёлаводам зручна працаваць у гэтым памяшканні. Такая ж рэканструкцыя завяршаецца на малочнатварнай ферме ў Вішняўцы.  Робім індывідуальныя домікі і групавыя клеткі для цялят. Заліваем выгульныя бетонныя пляцоўкі для буйной рагатай жывёлы і пляцоўкі для складзіравання гною. Ставім  бетонныя платы ўласнай вытворчасці, агарадзілі сеткай-рабіцай сад,  перакрываем дахі. Адным словам, работы хапае круглы год.

Галіна Паўлаўна на гэтай пасадзе восем гадоў. Угаварылі яе прыняць будаўнічую брыгаду. Згадзілася і не шкадуе, хоць спачатку было і нялёгка, бо спецыяльнай адукацыі  жанчына не мела.  Пасля заканчэння Маладзечанскага політэхнікума  была накіравана на працу на Віцебшчыну,  затым вярнулася ў родныя мясціны. Працавала ў бухгалтэрыі, на складзе, у дыспетчарскай. Асаблівасці ж  будаўнічай спецыяльнасці спасцігла на практыцы. Людзі ў брыгадзе розныя, у кожнага свой характар, але агульную мову яна знаходзіць з усімі, таму працуецца ёй камфорта і спакойна. Галоўнае для майстра –  забяспечыць падначаленых  работай і неабходным інструментам, пракантраляваць  выкананне даручанага.

Асаблівай стараннасцю ў брыгадзе вылучаюцца Грачык Мхаян і яго сын Артак.  Армяне па нацыянальнасці, яны ўжо даўно жывуць у Беларусі, а апошніх дзесяць гадоў –  у Вішняўцы.

–  Прыехалі мы да родных   у госці, спадабалася  тут, таму і вырашылі застацца, – патлумачыў Грачык Пятросавіч. – Работа і заробкі задавальняюць. Атрымалі жыллё. Сын ажаніўся, двое ўнукаў нарадзіліся.  Прыжыліся  тут і пераязджаць нікуды не збіраемся.

Бацька і сын будаўнікі не ў першым пакаленні.  Навучыліся гэтаму рамяству  на сваёй радзіме.  Пабудуюць  дом з нуля пад ключ.

–  Мы не толькі будаваць можам, а і разбураць, – жартуе Артак Грачыкавіч. –  Зараз вядзём рэканструкцыю на ферме ў Крамцы, дзе трэба бетон разбіваем, а затым заліваем новы.

Галіна Паўлаўна хваліць Мхаянаў, гаворыць, што старання і ўмення ім не займаць. Любую даручаную работу выканаюць якасна і своечасова. Пабольш бы такіх работнікаў. Яны і пляцоўку пад новую сушылку  ў Мархачоўшчыне зрабілі, і дах накрылі. У дырэктара Уладзіміра Палазкова таксама толькі станоўчыя водгукі пра бацьку і сына Мхаянаў, маўляў, заслугоўваюць пахвалы за сваю шчырую працу.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: (злева направа) будаўнікі Грачык і Артак Мхаяны разам з майстрам Галінай Смаляровай абмяркоўваюць фронт работ.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *