Любоў перамагае хваробы

Медыцына Нумары

Мэтай праведзенай акцыі  «Сто пытанняў да кардыёлага» стала абмеркаванне сярод насельніцтва пытанняў своечасовага выяўлення і лячэння хвароб сістэмы кровазвароту, азнаямленне з функцыянаваннем і дасягненнямі сістэмы кардыялагічнай службы раёна і матывацыі насельніцтва да вядзення здаровага ладу жыцця. У рамках гэтай акцыі прайшлі гутаркі з пацыентамі, была праведзена прамая лінія.

Актуальныя пытанні былі закрануты ў інтэрв’ю з  кардыёлагам Ірынай ЛуцІк.

– Сардэчна-сасудзістыя захворванні па-ранейшаму стаяць на першым месцы сярод асноўных прычын смяротнасці ў нашай краіне. Як вы можаце пракаменціраваць становішча ў нашым раёне?

– У нашым раёне смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў за мінулы год склала 52,2 працэнта ў структуры ўсіх прычын. Гэта крыху ніжэй, чым у 2013 годзе. Дарэчы, і агульная смяротнасць знізілася. Мы не маем росту гэтага паказчыка сярод працаздольнага насельніцтва. Аднак і гэтыя лічбы дастаткова высокія. Таму адной з задач кардыялагічнай службы з’яўляецца зніжэнне смяротнасці ад сардэчна-сасудзістай паталогіі.

– Што новага адбылося ў развіцці кардыялагічнай службы раённай бальніцы?

– Апошнія пяць гадоў у раёне робіцца акцэнт на кардыяхірургічную дапамогу насельніцтву. Пры гэтым вырасла колькасць пацыентаў, якія перанеслі кардыяхірургічнае ўмяшальніцтва на сэрцы. У нас  з 2008 года створаны рэгістр такіх пацыентаў па раёне. Цяпер у ім 59 чалавек са штучнымі вадзіцелямі рытму, 27 – з праведзенымі аперацыямі пратэзавання сардэчных клапанаў, 50 – з перанесенымі рэканструктыўнымі аперацыямі на сэрцы. Гэта новая вяха ў развіцці кардыялогіі раёна. Яшчэ гадоў пяць назад кардыястымулятары ў раёне былі адзінкавымі, а сур’ёзныя паласныя аперацыі недаступнымі. На сучасны момант на імплантацыю штучнага вадзіцеля рытму бяруць на працягу некалькіх дзён, а правядзенне аперацыі стэнціравання сасудаў сэрца з’яўляецца абавязковай працэдурай пры выяўленні адзінкавых участкаў іх звужэння пры каранараграфіі.

– Што, на ваш погляд, часцей за ўсё прыводзіць да развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў? І як можна ўберагчы сябе ад іх?

– Асноўныя нядобранадзейныя фактары – стрэсы, маларухомы лад жыцця, курэнне, высокі ўзровень халестэрыну, цукровы дыябет, павышэнне ціску. Гэта хваробы цывілізацыі. І тут, у першую чаргу, дапамогуць не лекі. Акцэнт трэба зрабіць на мінімізацыі гэтых фактараў рызыкі ў жыцці кожнага. Асабліва ў мужчын пасля 40 гадоў і жанчын пасля 45-50 гадоў. У якасці мер прафілактыкі рэкамендую сачыць за сваім харчаваннем, уключаць у рацыён мяса, агародніну, фрукты, крупы, хлеб з натуральнага збожжа, не злоўжываць алкаголем, курэннем, часцей бываць на свежым паветры і весці рухомы лад жыцця. Трэба сачыць за сваім ціскам і штогод праходзіць абследаванне.

– Пры якіх сімптомах патрэбна звяртацца да ўрача кардыёлага?

– Своечасовае наведванне кардыёлага дазваляе выявіць захворванне на ранняй стадыі, распрацаваць індывідуальную тактыку лячэння і прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Прычынай звяртання да кардыёлага, у роўнай ступені і да тэрапеўта, з’яўляецца павышэнне ціску больш за 140/90 мм рт. сл., болі і непрыемныя адчуванні ў вобласці сэрца і за грудзінаю, якія ўзнікаюць пры фізічнай нагрузцы, часты пульс – больш за 100 удараў у мінуту, і рэдкі – менш за 50 у мінуту, ацёкі на нагах.

– Чым небяспечны артэрыяльны ціск, калі яго не лячыць?

– Павышэнне артэрыяльнага ціску – гэта прадугледжаны прыродай сігнал арганізму аб небяспецы, якая пагражае здароўю і жыццю. Атрымаўшы яго, чалавек павінен зрабіць усё, каб папярэдзіць гэтую пагрозу. Небяспека захворвання ў тым, што яно можа не выклікаць якіх-небудзь суб’ектыўных адчуванняў на працягу доўгага часу. Хоць у арганізме ўжо адбываюцца змяненні шэрагу органаў, якія называюцца органамі-мішэнямі: сэрца, галаўны мозг, вочы, ныркі.  Устаноўлена, што артэрыяльная гіпертэнзія з’яўляецца асноўнай прычынай інсульту і інфаркту міякарда. Важна адзначыць, што найбольш разбуральнае дзеянне аказваюць перапады артэрыяльнага ціску. Большасць інсультаў адбываецца пры так званай «мяккай» ці ўмеранай артэрыяльнай гіпертэнзіі. Ужо праз некалькі гадоў некантралюемага павышэння ціску можа развіцца адслойка сятчаткі. Такім чынам, агульныя прынцыпы лячэння павышанага ціску зводзяцца не толькі да нармалізацыі яго, але і да змяншэння сардэчна-сасудзістых ускладненняў.

– Што вы можаце параіць сваім пацыентам?

– Навучыцца любіць сябе і сваіх бліжніх, таму што хваробы сэрца – гэта, у большасці выпадкаў, вынік няправільнага ладу жыцця і адносін да сябе. Атуліўшы сябе любоўю, чалавек запаўняе ёю прастору, якую могуць займаць хваробы.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *