Адбылася чарговая прамая тэлефонная лінія, якую, згодна з графікам райвыканкама, праводзіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень. Дзяніс Сяргеевіч прыняў восем тэлефонных зваротаў, на якія даў кампетэнтныя адказы.
Ніна Таўстуха, якая пражывае ў шматкватэрным доме па вуліцы Трактарнай у Новым Свержані, паскардзілася на адсутнасць у кватэрах у летні перыяд гарачай вады. І зімою гарачая вада падаецца толькі на тры гадзіны. Зварот прыняты да ведама і будзе разглядацца абслуговай арганізацыяй.
Даволі эмацыянальным па змесце было тэлефанаванне ад І. П. Радзівановіча, які пражывае ў райцэнтры па вуліцы Свярдлова, дом 37, кв. 6. Гэтага чалавека таксама хвалюе водная праблема. Ён скардзіўся на пастаянныя перабоі з паступленнем у кватэру гарачай вады. Зварот пераадрасаваны аб’яднанню камунальных службаў, якое кантралюе і вырашае гэтыя пытанні.
Жыхарка з Кондратавічаў паскардзілася, што практычна два гады не можа вырашыць праблему з выдзяленнем ёй суседняга ўчастка для будаўніцтва лазні. Гэтае пытанне будзе дэталёва вывучана і вырашана згодна з заканадаўствам. А ў яе аднавяскоўкі Раісы Мосінай просьба спілаваць вялікае дрэва, якое стаіць каля яе хаты і ад моцнага ветру можа ўпасці на збудаванне. Жанчыне было прапанавана звярнуцца ў сельвыканкам.
У гаспадара аграсядзібы Мікалая Варэніка са Старыны жаданне ўзяць у арэнду дзве сажалкі, якія знаходзяцца паблізу вёскі. Пытанне гэтае будзе вырашацца разам з начальнікам інспекцыі па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя, з выездам на месца.
Слушны сігнал ад жыхаркі Рубяжэвічаў Л. У. Сідарэнка аб неабходнасці добраўпарадкаваць, а дакладней, падсыпаць гравіем дарогу на праваслаўныя могілкі. Зварот гэты прыняты да ведама, дарога ў бліжэйшы час абавязкова будзе прыведзена ў парадак.
Сяргей Мельнікаў з вуліцы Ленінскай, дом 39, запытаўся, чым абумоўлена рэканструкцыя вуліцы, на якой ён пражывае, і ў якія тэрміны яна будзе праведзена. А таксама цікавіўся крыніцай фінансавання праекта, кампенсацыяй домаўладанняў. Маўляў, на стэндзе, які ўстаноўлены ў фае райвыканкама, такія даныя адсутнічаюць. Грамадзяніну было паабяцана даць абгрунтаваны адказ. А ўвогуле 16 лютага бягучага года ў раённым Цэнтры культуры адбудзецца грамадскае абмеркаванне запланаванай рэканструкцыі, на якім людзі змогуць задаць пытанні, што іх хвалююць.
Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА