Наваселле ў хірургічным аддзяленні

Медыцына Нумары Факты, падзеi, людзi

У нашым невялікім горадзе навіны разносяцца хутка. Усе, хто па патрэбе наведаў хірургічнае аддзяленне, не ўтойвалі свайго прыемнага здзіўлення, радасці і дзяліліся ўражаннямі ад убачанага – аддзяленне не пазнаць і не параўнаць з тым, якім яно было раней.

Пацвярджаем гэта і мы, журналісты, пабыўшы на ўрачыстым адкрыцці пасля капітальнага рамонту хірургічнага аддзялення райбальніцы. І сапраўды, нечакана ўбачыць абноўленае памяшканне ў такой прыгажосці. Адчуванне, што з’явілася шмат прастору дзякуючы ўдала праведзеным дызайнерскім рашэнням. Даводзіцца яшчэ раз пераканацца, што многае можна зрабіць пры разнастайнасці будаўнічых матэрыялаў, якія прапаноўвае рынак, і прафесійным падыходзе да справы.

Для ўрачыстага адкрыцця аддзяленне было ўпрыгожана шарамі. Радасць чыталася на тварах усяго калектыву медыцынскіх работнікаў.

– Хачу павіншаваць усіх вас, – звярнулася да ўдзельнікаў урачыстасці галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка, – з паспяховым завяршэннем рэканструкцыі хірургічнага аддзялення. Мы знаходзімся ў прасторным новым холе, бачым, якія камфортныя цяпер палаты, якія ўтульныя медыцынскія пакоі і службовыя памяшканні для медыцынскага персаналу. Выканана вельмі няпростая работа. У кароткія тэрміны, за пяць месяцаў, праведзены вялікі капітальны рамонт гаспадарчым спосабам сіламі ведамаснай будаўнічай брыгады. Гэта дазволіла максімальна скараціць тэрміны правядзення рамонтных работ і зрабіць іх значна таннейшымі. На рэканструкцыю (рамонт і набыццё мэблі і мяккага інвентару) патрачана 1,8 мільярда рублёў. Па праекце на такую рэканструкцыю было б патрачана 9,5 мільярда рублёў. Вось колькі мы сэканомілі, правёўшы работы гаспадарчым спосабам. Хачу выказаць удзячнасць усім, хто працаваў над гэтым праектам, у першую чаргу будаўнічай брыгадзе, працаўнікам хірургічнага аддзялення, якія асабліва інтэнсіўна папрацавалі ў апошнія дні, рыхтуючыся да ўрачыстай прэзентацыі. У выніку створаны выдатныя ўмовы для работы медперсаналу, што будзе садзейнічаць аказанню якаснай эфектыўнай медыцынскай дапамогі.

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Шэсцель ад імя райвыканкама павіншаваў адміністрацыю цэнтральнай раённай бальніцы і медыцынскі калектыў хірургічнага аддзялення з такім наваселлем і адзначыў, што гэтая падзея значная для ўсіх жыхароў раёна, таму што пацыентам хочацца праходзіць лячэнне ў сучасных медыцынскіх карпусах. Сяргей Яўгенавіч падзяліўся сваімі ўражаннямі, парадаваўшыся таму, у якія светлыя ўтульныя памяшканні дзякуючы падтрымцы аблвыканкама і райвыканкама і паспяховаму выкананню рамонтных работ гаспадарчым спосабам ператварыліся былыя шэрыя, непрыглядныя калідоры і палаты хірургічнага аддзялення.

Пасля рэканструкцыі з’явіўся службовы пакой для медыцынскіх сясцёр, якія нясуць кругласутачную нялёгкую вахту ля бальнічных ложкаў.

Святлана Глебка зрабіла акцэнт на тым, што рэканструкцыя аддзялення дасць магчымасць больш актыўна рэалізаваць планы і інавацыйныя праекты.

Аб гэтым больш падрабязна мы просім расказаць загадчыка хірургічнага аддзялення Ігара Яхнаўца:

– Адкрыццё хірургічнага аддзялення пасля правядзення рэканструкцыі – падзея, якой з нецярпеннем чакалі не толькі медыцынскія работнікі, але і пацыенты раёна. Капітальны рамонт у аддзяленні не праводзіўся ўжо больш за 40 гадоў. Калектыў аддзялення выказвае вялікую ўдзячнасць усім, хто актыўна паўдзельнічаў у правядзенні рамонту, прыклаўшы шмат сіл і часу, – адміністрацыі бальніцы, гаспадарчай службе, усяму калектыву бальніцы і, зразумела, будаўнікам, якія працавалі днём і ноччу, імкнучыся выканаць работы як мага больш хутка і якасна. Асобная ўдзячнасць старшыні аблвыканкама Сямёну Шапіру за тое, што, нягледзячы на высокую зянятасць і напружаны графік, ён наведаў наша аддзяленне і ўзяў пад асабісты кантроль правядзенне будаўнічых работ. Гэта  дазволіла за некалькі месяцаў завяршыць іх і адкрыць аддзяленне. З галоўным урачом Святланай Глебка абмеркаваны перспектывы развіцця хірургічнай службы раёна з улікам патрэбнасцяў, якія ёсць, вызначаны асноўныя накірункі. Такімі з’яўляюцца развіццё флебалагічнай, траўматалагічнай дапамогі жыхарам раёна, пашырэнне аб’ёму аказання хірургічнай дапамогі.

Асаблівая ўвага будзе надавацца павышэнню даступнасці насельніцтву новых сучасных методык лячэння, у тым ліку і за кошт пашырэння спектра платных медыцынскіх паслуг. Няма сумнення, што дзякуючы сучасным і прагрэсіўным падыходам Святланы Здзіславаўны да вырашэння вытворчых пытанняў, яе невычэрпнай энергіі і жаданню пастаянна развівацца, рухацца наперад хірургічная служба раёна ў недалёкім будучым выйдзе на прынцыпова новы, яшчэ больш высокі ўзровень аказання медыцынскай дапамогі. Ёсць ужо плён актыўнай сумеснай работы хірургаў і адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы. З галоўным упраўленнем аховы здароўя Мінскай вобласці ўзгоднена пытанне аб стварэнні на базе Стаўбцоўскай раённай бальніцы міжраённага траўматалагічнага аддзялення. Неабходнасць стварэння такога наспела даўно. Па тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна ідзе аўтамагістраль М-1. У цэнтральную раённую бальніцу дастаўляюцца ўсе пацярпелыя ў дарожна-транспартных здарэннях на гэтым участку трасы. Траўмы пры гэтым маюць хуткаскорасны, спалучаны характар. Адлегласць ад Стоўбцаў і суседніх раёнаў да бліжэйшага траўматалагічнага аддзялення, размешчанага ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы, складае больш за 100 кіламетраў. У сувязі з гэтым мэтазгодным з’яўляецца павышэнне даступнасці аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі пацыентам з траўмамі. Акрамя таго, з’явіцца магчымасць разгрузіць траўматалагічныя аддзяленні абласной клінічнай бальніцы як за кошт перанакіравання часткі патоку пацыентаў з траўмамі, так і за кошт планавага аператыўнага лячэння пацыентаў з артрозам тазабедраных, а ў перспектыве – і каленных суставаў. Яшчэ адным накірункам удасканалення хірургічнай службы з’яўляецца развіццё флебалагічнай дапамогі пацыентам з паталогіяй вен. У бягучым годзе плануецца закупка сучаснага абсталявання для лазернай каагуляцыі вен. Гэта дазволіць выконваць карэкцыю паталогіі вен у амбулаторных умовах шляхам правядзення малаінвазійнага ўмяшальніцтва з высокім касметалагічным эфектам без правядзення разрэзаў скуры. На платнай умове ўжо арганізаваны кансультацыі загадчыка аддзялення па пытаннях лячэння хвароб вен, ультрагукавога даследавання вен, выканання склератэрапіі варыкознай хваробы. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць у рэгістратуры паліклінікі ці на сайце цэнтральнай раённай бальніцы.

Падагуліць матэрыял можна добрым словам аб калектыве хірургаў аддзялення, якія пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень для магчымасці якасна і эфектыўна асвойваць новыя сучасныя тэхналогіі ў паўсядзённай урачэбнай практыцы. Штат урачоў поўнасцю ўкамплектаваны. У аддзяленні праводзіцца лячэнне хірургічнай паталогіі з выкарыстаннем сучасных методык. Лапараскапічная халецыстэктамія выконваецца высокакваліфікаванымі спецыялістамі на абсталяванні фірмы Karl Storz. Пры грыжасячэнні выкарыстоўваюцца сучасныя сеткаватыя імпланты. Пасля правядзення рамонту аддзялення створаны камфортныя ўмовы прабывання пацыентаў, што дазволіла аказваць на платнай умове хірургічныя паслугі ўсім іншагароднім жадаючым і замежным грамадзянам.

У хірургічным аддзяленні ў сучасны момант выконваецца шырокі спектр аперацый пры пераломах касцей. Пры гэтым прымяняюцца сучасныя металаканструкцыі, пастаянна асвойваюцца і ўкараняюцца новыя методыкі лячэння. За студзень бягучага года выканана 75 працэнтаў гадавога плана па пратэзаванні тазабедранага сустава.

І для адкрыцця траўматалагічнага аддзялення ў цэнтральнай раённай бальніцы маецца дастатковы кадравы патэнцыял. Прайшлі спецыялізацыю па траўматалагогіі загадчык хірургічнага аддзялення ўрач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук Ігар Яхнавец, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Дзмітрый Пляскач, урач другой кваліфікацыйнай катэгорыі Андрэй Дудзінскі. Аператыўнае ўмяшальніцтва пры траўмах паспяхова выконвае таксама ўрач першай кваліфікацыйнай катэгорыі, ардынатар аддзялення Уладзімір Рачко.

Для калектыву хірургаў і ўсяго медыцынскага персаналу хірургічнага аддзялення стымулам для прафесійнага ўдасканалення з’яўляюцца цяпер і належныя ўмовы працы. Пажадаем калектыву паспяховай рэалізацыі намечаных планаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *