Грамадства

Нумары Соцыум

ВЫРАШАЮЦЦА І ВЫТВОРЧЫЯ ПЫТАННІ, І САЦЫЯЛЬНЫЯ

Прафсаюзная арганізацыя ААТ «Стаўбцоўская ПМК» адна з лепшых у шматлікай кагорце раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Па ўсіх пазіцыях тут вядзецца мэтанакіраваная работа. На працягу пяці гадоў узначальвае пярвічку Вольга Дземідовіч.

– На ўліку ў нашай прафсаюзнай арганізацыі 64 члены прафсаюза, расказвае Вольга Вікенцьеўна. – Галоўная задача прафсаюзнага камітэта  –  клопат аб людзях. Выручка, якую атрымлівае таварыства ад рэалізацыі прадукцыі, накіроўваецца не толькі на развіццё вытворчасці, а і на вырашэнне сацыяльных задач. Варта адзначыць, што на гэтыя мэты на рахунак прафсаюза адміністрацыяй пералічваюцца немалыя сродкі.

– Важным накірункам у рабоце прафсаюза з’яўляецца стварэнне работнікам належных умоў працы і быту. А як данае пытанне вырашаецца ў вашай арганізацыі?

– На прадпрыемстве абсталяваны раздзявалкі, адрамантаваны душавыя. Зроблены касметычны рамонт у адміністрацыйным будынку, майстэрнях, прахадной, заліта падлога ў вытворчых памяшканнях. Закуплена мэбля, абсталяваны санітарныя пакоі, для прыёму ежы і адпачынку. Адрамантавана актавая зала. Завершаны работы па асфальтаванні і добраўпарадкаванні тэрыторыі.

– Добраўпарадкаванню ў вашым таварыстве і сапраўды ўдзяляецца вялікая ўвага, і гэта відавочна.

– Так. Мы пастаянна ўдзельнічаем у раённых конкурсах, да якіх рыхтуемся. Аформлена ў нас і прылеглая тэрыторыя. На стэндах на пярэднім плане рэкламуецца выпушчаная прадукцыя, зроблены металічныя кветачніцы, урны. Штогод займаем прызавыя месцы па афармленні навагодняй ілюмінацыі. У гэтым плане пастаянна ўносім нешта новае.

– Як вядома, адна з галоўных задач прафсаюзнай арганізацыі – ахова здароўя  работнікаў.

– У нас наладжана работа па санітарна-курортным лячэнні і аздараўленні працуючых. Ды і нашы работнікі стараюцца весці здаровы лад жыцця. Жадаючыя наведвалі басейн у Гарадзеі.  Многія займаюцца спортам. Рэстаўрыраваны більярдны і тэнісны сталы, пастаянна набываецца новы спартыўны інвентар. Правялі спаборніцтвы па настольным тэнісе, пераможцаў заахвоцілі. Пастаянна ўдзельнічаем у спартакіядах. Вядзём барацьбу з такой заганнай звычкай, як курэнне. На тэрыторыі прадпрыемства наогул курыць забаронена, дзеля гэтага адведзена спецыяльнае месца.

– А як займаеце вольны час работнікаў?

– На ўзроўні ў нас пастаўлена культурна-масавая работа. Калектыў малады, таму ўсе з задавальненнем прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца. Пастаянна заказваем экскурсіі па гістарычных гарадах Беларусі. За апошнія гады наведалі Гродна, Ліду, Магілёў, Брэст і Віцебск. Апошняя паездка была ў сталіцу, дзе пабывалі ў батанічным садзе і Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выязджалі на футбольныя матчы, на чэмпіянат свету па хакеі. Дзецям работнікаў набываем білеты ў цырк і на спектаклі. Цікава праводзім прафесійнае свята, традыцыйна ладзім канцэрт з удзелам артыстаў з раёна. Запрашаем на яго і ветэранаў вытворчасці, якім аказваем матэрыяльную дапамогу. Ладзілі фотаконкурс «Я і маё дзіця». На навагодняе свята падрыхтавалі сцэнарый і ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі выязджалі і віншавалі дзяцей нашых работнікаў, уручалі ім падарункі.

Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца, адлюстроўваем у насценнай газеце. А яшчэ ў нас створаны куток з фатаграфіямі «Гісторыя развіцця ПМК».

– Якія меры заахвочвання прадугледжаны для працуючых?

– На Дзень жанчын, 23 лютага, да Дня маці, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, Дня аўтамабіліста работнікі атрымліваюць прэміі. Згодна з калектыўным дагаворам прадпрыемства аказвае матэрыяльную дапамогу юбілярам і работнікам, якія ідуць на пенсію. Заахвочваюцца работнікі, якія доўгі час адпрацавалі ў арганізацыі. Выдзяляецца грашовая дапамога пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзіцяці і ў сувязі з прызывам у армію. Штогод, і гэта стала традыцыяй, кожны працаўнік атрымлівае пэўную суму грошай на набыццё гародніны. Для ўласных патрэб работнікаў на льготных умовах выпісваецца аўтатранспарт.

– Робіцца для людзей у вашай арганізацыі нямала, а ці ўсе праблемы вырашаны?

– Жыццё не стаіць на месцы, і розныя пытанні ўзнікаюць штодзень. Напрыклад, з забеспячэннем спецадзеннем, па аплаце працы. Але ў цэлым адміністрацыі і прафсаюзу праблемы ўдаецца вырашаць. Толькі пажадана, і я на гэта скіроўваю калектыў, каб члены прафсаюза праяўлялі больш  ініцыятывы і яшчэ актыўней удзельнічалі ў грамадскім жыцці.  

 Гутарыла Надзея БАТАЛКА

 

ДЫЯЛОГ З ВУЧНЯМІ

Спецыялісты самых розных раённых службаў прыехалі на гэты раз на сустрэчу з вучнямі дзяржаўнай установы адукацыі «Засульская сярэдняя школа».

З 96-ці дзяцей, якія навучаюцца ў гэтай сельскай школе, двое знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Але, разам з тым, 22 вучні, ці 84 працэнты старшакласнікаў, з’яўляюцца членамі БРСМ. Многія навучэнцы наведваюць царкву і заняткі са святаром. Агучаныя дырэктарам школы Таццянай Гарановіч гэтыя і іншыя лічбы яшчэ раз пацвярджаюць, што з дзецьмі трэба працаваць зацікаўлена і рознабакова, каб заахвоціць іх да сапраўднай грамадскай актыўнасці, а не якіх-небудзь сумніўных вулічных «эксперыментаў».    

Гасцей, якія прыехалі ў Засульскую школу на дзень прафілактыкі негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, адразу ўразіў яе дабратворны мікраклімат. Вучні такія розныя, але ўсе – уважлівыя, вітаюцца з кожным дарослым, настаўнікі дапамагаюць у рэалізацыі намечанай праграмы акцыі і, пры неабходнасці, гатовы расказаць пра кожнага са сваіх вучняў.

Вучням было цікава. Для чацвёртакласнікаў спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра падрыхтавалі занятак з элементамі гульні «Свет вакол нас». Пяці-, шасці- і сямікласнікаў сабрала разам мультымедыйнае ток-шоу пад эгідай двух інспектараў – Вольгі Салей (раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях) і Івана Някрасава (аддзел ДАІ). З васьмі- і дзевяцікласнікамі засядаў круглы стол «Рэальная небяспека ў віртуальным свеце», а пасля быў трэнінг па прафілактыцы камп’ютарнай залежнасці, якія арганізавалі педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына Міхнавец і псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Кацярына Кураева. Самую адказную сустрэчу – са старшакласнікамі – прызначылі начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Азановіч і валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская. Размова была скіравана на тое, каб папярэдзіць маладых людзей ад магчымых памылковых крокаў – ужывання спіртнога і спайсаў, ранняга палавога жыцця і т. п.  Традыцыйна дзень прафілактыкі закончыўся спартландыяй «Мы выбіраем здароўе!»

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *