Ёсць перспектыва

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Уладзімір Парфімовіч працуе інжынерам па эксплуатацыі ў машынна-трактарным парку ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Выпускнік Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта прыйшоў на працу ў гаспадарку паўгода назад. 

– Гэтае таварыства выбраў сам, – расказвае Уладзімір, – бо хацелася ў свой раён, бліжэй да дому. І задаволены, бо калектыў спецыялістаў інжынернай службы ў нас малады. Працуюць у таварыстве і мае знаёмыя.

Малады спецыяліст расказвае, што яго заўсёды вабіла тэхніка, таму і выбраў такую спецыяльнасць. І дадае, што ў свой час яго бацька таксама скончыў гэтую навучальную ўстанову.

Пражывае Уладзімір Парфімовіч у Новым Свержані, разам з бацькамі. Кожны дзень ездзіць на работу. Але гэта яго асабліва не турбуе, бо ёсць уласная аўтамашына, і ў калег таксама. Задаволены, што пераразмеркаваўся сюды, а практыку праходзіў у адной з гаспадарак Магілёўскай вобласці.

– Мне падабаецца тут працаваць, бо і таварыства моцнае, і кіраўнік добра ведае інжынерную справу, – працягвае гаворку суразмоўца. – З ім можна абмеркаваць любую праблему. Дапамагаюць набірацца вопыту галоўны інжынер і загадчык майстэрань. Такім чынам увасабляю тэорыю на практыцы.

У абавязкі інжынера ўваходзіць, у асноўным, работа з гарантыйнай тэхнікай. Уладзімір Парфімовіч пільна сочыць за яе эксплуатацыяй і афармляе патрэбныя паперы. Калі ёсць неабходнасць, то ездзіць у розныя фірмы па запчасткі. У кіраўніцтва таварыства добрыя водгукі аб маладым спецыялісту. З даручэннямі Уладзімір спраўляецца, таму пастараюцца замацаваць яго ў гаспадарцы. Тым больш, што ёсць перспектыва кар’ернага росту.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *