Правапарадак

Ахова правапарадку Нумары

САЦЫЯЛЬНЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ ІНСПЕКЦЫІ

Адну з вядучых роляў у прафілактычнай рабоце з моладдзю іграе інспекцыя па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі. Яе невялікі калектыў на чале з Міхаілам Азановічам шукае «ключык» як да падлетка, так і да яго бацькоў. Работа з сям’ёю ў цесным супрацоўніцтве з соцыумам – той інструмент, умелае выкарыстанне якога дазваляе кардынальна паўплываць на сітуацыю.

У вырашэнні актуальных задач істотную дапамогу аказвае ў тым ліку і прафілактычная акцыя «Сям’я без насілля». Як правіла, арганізуецца яна сумесна з усімі зацікаўленымі ведамствамі – міліцыяй, бальніцай, школамі, сацыяльнай абаронай, установамі культуры, службай выратавання. Летась у рамках акцыі было ажыццёўлена 47 рэйдавых мерапрыемстваў, у ходзе якіх наведана 221 сям’я раёна. Да каго ішлі члены рэйдавых груп? Да 84-х сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі, дзе зафіксаваны правапарушэнні на сямейна-бытавой глебе. Да 113-ці сем’яў, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Яшчэ да 24-х сем’яў, дзе бацькі дажыліся да часовага адабрання дзяцей і змяшчэння іх на дзяржаўнае забеспячэнне, а самі, згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18, набылі статус  абавязаных асоб.

– Дэкрэт № 18 «Аб дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» закліканы аб’яднаць намаганні ўсіх службаў і падраздзяленняў райаддзела міліцыі і райвыканкама на папярэджанне і спыненне насілля ў сям’і, прыняцце мер для ўхілення прычын і ўмоў сямейнай нядобранадзейнасці, а таксама для своечасовага выяўлення непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З гэтай мэтай на тэрыторыі раёна на працягу 2014 года праходзіла прафілактычная акцыя «Сям’я без насілля», – абагульняе начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Азановіч.

Пра вынікі гэтай акцыі расказала спецыяліст інспекцыі Марта Кардзіс: 

– Падчас рэйдаў бацькам даводзяцца асноўныя палажэнні Дэкрэта № 18 і Кодэкса аб шлюбе і сям’і, якія датычаць выхавання дзяцей. Спецыялісты імкнуцца распавесці дарослым пра несумяшчальнасць супрацьпраўных дзеянняў са статусам бацькі або маці. Невыпадкова, што Закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» прадугледжвае за правапарушэнні на глебе сямейна-бытавых адносін, а таксама ў выпадку прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 17.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пастаноўку грамадзян на прафілактычны ўлік. Бацькам, схільным да ўжывання спіртных напіткаў, указваецца на мэтазгоднасць праходжання лячэння ад алкагольнай залежнасці і, пры неабходнасці, праводзіцца іх дастаўка ва ўстановы аховы здароўя для кансультацыі ўрача-нарколага.

Акрамя таго, планамерная работа праводзіцца па накіраванні асоб, якія ўчыняюць правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін, у лячэбна-працоўны прафілакторый. На працягу мінулага года ў ЛПП накіраваны 32 чалавекі, у тым ліку 12 абавязаных асоб.          

Бацькі павінны ведаць, што ў інспекцыі па справах непаўналетніх скрупулёзна збіраецца ўся інфармацыя аб выяўленай сямейнай нядобранадзейнасці пры выкліку супрацоўніка міліцыі на сямейны скандал, вынікі праверак па гэтых фактах. Інфармацыя аб сямейна-бытавых скандалах  у сем’ях, дзе ёсць непаўналетнія дзеці, накіроўваецца ў камісію па справах непаўналетніх і ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Па выніках сацыяльнага расследавання, праведзенага педагогамі, школьны савет прафілактыкі пры наяўнасці падстаў упаўнаважаны прыняць рашэнне аб прызнанні становішча дзяцей сацыяльна небяспечным. У такім выпадку школа распрацоўвае індывідуальны план дапамогі непаўналетнім і іх бацькам, скіраваны на нармалізацыю сямейнай абстаноўкі.

Так, за 2014 год райаддзелам міліцыі накіраваны ў зацікаўленыя ведамствы раёна 122 паведамленні аб магчымай нядобранадзейнасці ў сем’ях, у адносінах да 215 бацькоў, на ўтрыманні якіх знаходзіліся 223 непаўналетнія. 28 са 122-х знайшлі сваё пацвярджэнне, у выніку чаго становішча 36-ці непаўналетніх было прызнана сацыяльна небяспечным.

З улікам эфектыўнасці прафілактычнай акцыі «Сям’я без насілля» ў 2014 годзе, раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне аб працягу гэтай акцыі і ў 2015 годзе.    

НА ЗДЫМКУ: супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх: Вадзім Гарохавік, Марта Кардзіс, Міхаіл Турко і Міхаіл Азановіч (начальнік інспекцыі).

 

АДКАЗНАСЦЬ ЗА НАРКОТЫКІ – УЖО З 14 ГАДОЎ

З мэтай абароны жыцця і здароўя грамадзян нашай краіны, стварэння ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спынення распаўсюджання наркаманіі як пагрозы дэмаграфіі і здароўю нацыі з 1 студзеня 2015 года ўступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў».

Даным дэкрэтам вызначаны жорсткія падыходы па асноўных, прынцыповых пазіцыях, якія ставяць заслон распаўсюджанню наркотыкаў. У сувязі з гэтым многія грамадзяне цікавяцца, да якога часу працягнецца дзеянне дэкрэта.

З гэтага пытання мы і пачалі гутарку са старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі райаддзела міліцыі Яўгенам КУРЫЛАМ.

– У Дэкрэце № 6 пра тэрмін яго дзеяння сказана адназначна: дзеянне яго працягнецца да прывядзення ў адпаведнасць Крымінальнага  і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканальніцкага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

– Яўген Віктаравіч, наркатычная сфера, да якой адносяцца і навамодныя спайсы, курыльныя сумесі, закранае ў першую чаргу моладзь. Менавіта яна імкнецца зарабіць на збыце гэтай атруты і менавіта яна – яе патэнцыяльны спажывец. Гэта азначае, што з абодвух бакоў дэкрэта стаіць моладзь. Наша моладзь. І тая, якая можа пацярпець ад рашэння суда, і тая, якая, магчыма, пасля ўжывання наркотыку акажацца інвалідам або ўвогуле пазбавіцца жыцця. На якія важныя моманты дэкрэта неабходна ў першую чаргу звярнуць увагу маладых людзей, іх бацькоў?

– Хацеў бы нагадаць, што незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, захоўванне, перавозка, перасылка ці незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, воінскай часці, у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і т. п., а таксама непаўналетняму караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў. Падобныя дзеянні, ад якіх па неасцярожнасці наступіла смерць чалавека ў выніку ўжывання ім наркатычных сродкаў, будуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў. І ў першым, і другім выпадку можа быць прыменена і канфіскацыя маёмасці. Вельмі важны нюанс – да крымінальнай адказнасці за вышэйназваныя дзеянні цяпер можа быць прыцягнута асоба, якая дасягнула 14-гадовага ўзросту.

У мінулым годзе, да прыняцця Дэкрэта № 6, намі былі перакрыты два каналы пастаўкі наркатычных сродкаў (амфетаміну і гераіну) з Расійскай Федэрацыі. Грамадзяне, датычныя да гэтых злачынстваў, панеслі адказнасць толькі за іх збыт. Цяпер дзейнічаюць больш жорсткія санкцыі, вазіць наркотык з Расіі стала небяспечна, таму што пры перасячэнні межаў Мытнага саюза гэта з’яўляецца прыкметай кантрабанды.

– Колькі злачынстваў па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлена вашай групай у мінулым годзе?

– Усіх – 30 злачынстваў (у 2013 годзе – 14), у прыватнасці 10 звязаны са збытам наркатычных сродкаў. Спынены тры каналы паставак. Пра два з іх я ўжо сказаў, а трэці… Акурат напярэдадні навагодніх святаў намі быў затрыманы ў Мінску жыхар Стоўбцаў, які пры сабе меў 15 грамаў гашышу. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа, вядзецца следства.

– Многіх хвалюе пытанне: на тэрыторыі раёна ёсць факты збыту, ужывання спайсаў? Колькі іх?

– Сярод наркотыкаў, выяўленых на тэрыторыі раёна, пераважаюць менавіта спайсы. За мінулы год было 22 такія факты. Вынесены прыгаворы суда. Напрыклад, двое маладых людзей, якія распаўсюджвалі іх, асуджаны да 8 і 9 гадоў зняволення. Для іх гэта трагедыя, зламаны лёс… Скажу, што спайсаў, іншых наркотыкаў няма ў нас у школах, на дыскатэках і т. п.       

– Прынятымі жорсткімі нормамі дзяржава прызнае, што наркотык тоіць грамадству небяспеку, як, напрыклад, і алкаголь?

– Дэкрэтам № 6 уведзена новае паняцце так званага наркатычнага ап’янення. Яно, таксама як і алкагольнае або таксічнае, прызнана абражаючым чалавечую годнасць і грамадскую мараль, калі чалавек у такім стане з’яўляецца ў грамадскім месцы. Невыпадкова, што за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 10 базавых велічынь. Па аналогіі з мерамі барацьбы з алкагалізацыяй грамадства, у рэспубліцы прыняты меры па арганізацыі спецыялізаваных лячэбна-працоўных прафілакторыяў для хворых на наркаманію і таксікаманію.  

 

З ВЫКРЫЦЦЁМ САМАГОНШЧЫКАЎ

Першы ў новым годзе дзень цвярозасці, які прайшоў 22 студзеня, адзначыўся выкрыццём самагоншчыкаў. 

Участковы інспектар міліцыі Яўген Сянько разам з супрацоўнікам крымінальнага вышуку Паўлам Даўнаровічам натрапілі на запасы самагону пры аглядзе гаспадарчых пабудоў у Налібаках. Яны належалі жыхарцы аграгарадка, 1964 года нараджэння, якая нідзе не працуе. Міліцыянеры канфіскавалі ў гаспадыні шэсць літраў самаробнага напою і склалі пратакол. Яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы былі складзены ў адносінах да жыхароў Заямнага і Слабады, якія выраблялі і захоўвалі па месцы свайго жыхарства спіртаўтрымліваючую вадкасць. 

У новым годзе на Стаўбцоўшчыне працягнецца практыка правядзення дзён цвярозасці. Графік іх зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам да канца 2015 года і прадугледжвае часовае абмежаванне продажу спіртнога ў гандлёвых кропках на тэрыторыі раёна кожны трэці чацвер месяца.

Маніторынг, які праводзіцца, сведчыць, што работнікі гандлю прытрымліваюцца гэтага рашэння і не дапускаюць парушэнняў, – адзначае інспектар прафілактыкі райаддзела міліцыі Ірына Дзяржаўская.

У дзень цвярозасці на прафілактычныя мерапрыемствы прыцягваюцца ўсе службы міліцыі. Падобны масіраваны наступ на п’янства і алкагалізм дае свае вынікі.  Пра тое, якія негатыўныя факты выяўлены, расказвае Ірына Дзяржаўская:

– Складзены адзін адміністрацыйны пратакол на грамадзяніна за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. На шчасце, нідзе на рабочым месцы не выяўлена ніводнага падобнага факта. Інспектары ДАІ затрымалі на працягу сутак наступных парушальнікаў: чатырох пешаходаў, якія рухаліся ў цёмны час сутак без святлоадбівальных элементаў, і столькі ж вадзіцеляў, якія рухаліся з парушэннем правіл эксплуатацыі транспартных сродкаў; яшчэ двое вадзіцеляў дапусцілі невыкананне патрабаванняў сігналаў рэгулявання дарожнага руху і парушэнне правіл перавозкі пасажыраў. Дарожна-транспартных здарэнняў у дзень цвярозасці не зафіксавана.         

Нягледзячы на здаровы пасыл гэтага дня, не абышлося без інцыдэнту на глебе п’янства. Пасля скандалу з сынам аднаго нецвярозага стаўбчаніна прыйшлося змясціць у ізалятар часовага ўтрымання. На жаль, падобныя канфлікты ў гэтай сям’і не адзінкавыя.

Акурат у гэты дзень былі ўзбуджаны і дзве крымінальныя справы: першая – у адносінах да жыхаркі вёскі Старына, якая з карыслівых мэтаў аформіла крэдыт на суму 4,5 мільёна рублёў па чужым пашпарце, другая – у адносінах да стаўбчаніна, які выцягнуў з кішэні «прылёгшага» на тратуары пешахода партманет з дакументамі. Калі ў першым выпадку спіртное нібыта не фігурыруе, да крымінальнай справы давяла чалавечая сквапнасць, імкненне вырашыць свае праблемы за нечый кошт, то ў другім – назіраецца двайная сувязь з алкаголем. Абвінавачваны (ён знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі) шукаў у чужой кішэні тое, за што можна без праблем выпіць і закусіць, пацярпелы – ужо быў добра «цёплёнькі», бо не дайшоў дадому і ўклаўся спаць прама на вуліцы. Алкагольнае замкнёнае кола?.. Задача соцыуму – перарваць яго, не даць грамадству спаўзці ў багну маральнай дэградацыі.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *