Здатнасць

Нумары Спорт

БІЯТЛОН. ВЫЙДЗЕ НА СТАРТ І НАШ ЗЯМЛЯК

Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў, які будзе праводзіцца на трасах у прысталічных Раўбічах, – адметная падзея ў міжнародным спартыўным жыцці. І прызнанне заслуг спартсменаў нашай краіны ў гэтым папулярным відзе спорту. Праславіла Беларусь тройчы чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у Сочы Дар’я Домрачава. Новым перамогам яе, як і Надзеі Скардзіна, іншых членаў каманды рэспублікі, рады сотні тысяч балельшчыкаў, якія сочаць за тэлетрансляцыяй спаборніцтваў мацнейшых біятланістаў свету.

Праслаўленым спартсменам падрастае дастойная змена. І, публікуючы праграму спаборніцтваў «Біятлон-2015», спадзяёмся, што і ўвачавідкі (у Раўбічы ж трапіць няцяжка) убачым дастойнае выступленне нашага земляка. Так, Яўген Ліпай, які браў першыя ўрокі майстэрства ў Эдуарда Варывоцкага, Валерыя Кузняцова – трэнераў, якія шчыруюць у Наваколасаве, з’яўляецца членам юніёрскай каманды рэспублікі.

Яўген Ліпай мае вопыт удзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Як і Максім Рудніцкі, які ўжо трэніруецца ў рэспубліканскай зборнай дарослых спартсменаў. Няхай жа нашы землякі памнажаюць спартыўную славу Беларусі!

Дарэчы, чэмпіянат свету абяцае быць цікавым, захапляльным відовішчам. Заяўлены для ўдзелу каманды 42 краін свету. У іх складзе юныя таленавітыя спартсмены, будучыя зоркі вялікага біятлона. Як мы ўдакладнілі, да месца спаборніцтваў з Мінска (арыенціровачна ДС Карбышава) будуць курсіраваць аўтобусы. Так што, падтрымаем біятланістаў! Няхай хуткай будзе лыжня і дакладнымі выстралы ў мішэні.

Спаборніцтвы, тым больш такога высокага ўзроўню, дэманструюць плён напружанай працы і спартсменаў, і трэнераў. Удзел у іх нашых землякоў з’яўляецца яскравым сведчаннем таго, што на Стаўбцоўшчыне ёсць выдатныя традыцыі і сапраўдная школа біятлона.

 

НА КАНДЫДАЦКУЮ ПРЫСТУПКУ

Віншаванні ад трэнераў, сяброў прымаў Дзмітрый Казацкі. Ён заняў другое месца на першынстве па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў, якое праводзілася ў спартыўным манежы Магілёва. Сярэбраны медаль – гэта адно, а не менш важнае і іншае. Паказаны ім вынік у бегу на 800 метраў, які склаў мінуту 57 секунд, з’явіўся нарматыўным для звання кандыдата ў майстры спорту.

Дарэчы, кандыдатамі ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы сталі таксама выхаванцы Стаўбцоўскай ДЮСШ Кірыл Луцэвіч у бегу на 600 метраў, Кірыл Борыс (400 метраў) і Антон Васілеўскі (600 метраў). Гэтыя хлопцы займаюцца цяпер у вучылішчы алімпійскага рэзерву. А Дзмітрый Казацкі павышае веды і спартыўнае майстэрства падчас вучобы ва Універсітэце фізічнай культуры.

 

ДЗЕСЯЦЬ ЛАЎРЭАТАЎ

Дзесяць прызавых узнагарод прывезлі са сталіцы навучэнцы Стаўбцоўскай ДЮСШ, хлопцы і дзяўчаты 1998-99 гадоў нараджэння. Найбольшага поспеху ў спаборніцтвах юніёрскага першынства вобласці дабілася Аліна Навіцкая. Яна перамагла на бегавой дыстанцыі 1500 метраў і была трэцяй на фінішы забегу на 800 метраў. Удача спадарожнічала і Ягору Сычу, у якога другія вынікі ў бегу на 60 і 200 метраў, прытым з выкананнем нормаў першага спартыўнага разраду.

Другія месцы адпаведна ў бегу на 400 і 3000 метраў у Паўла Базарэўскага і Дзмітрыя Мароза. Трэція прызавыя прыступкі занялі Павел Ліпніцкі (бег на 400 метраў), Мікіта Таўстуха (трайны скачок), Максім Верабей (скачкі ў даўжыню), Ігар Пахадня (спартыўная хадзьба на тры кіламетры). Як бачна, паспяхова асвойваюць нашы юныя лёгкаатлеты розныя спартыўныя дысцыпліны.

Асвойваюць, вядома, з дапамогай умелых трэнераў, вопытных педагогаў. Найбольшы ўклад у падрыхтоўку юнай лёгкаатлетычнай змены ўносіць трэнер ДЮСШ Анатоль Турчановіч, які вядзе заняткі ў СШ № 3 г. Стоўбцы. Дабіваюцца поспехаў выхаванцы Аляксандра Чарняўскага, Юрыя Кручка, Вольгі Арлоўскай, Андрэя Вяршыны, Вольгі Ярашэвіч, Дар’і Варывоцкай.

 

ДРУГІЯ ПАСЛЯ ВІЦЕБСКА

У спаборніцтвах рэспубліканскай спартакіяды па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў у Брэсце прыняла ўдзел 21 каманда ДЮСШАР і ДЮСШ. Прадстаўніцтву папярэднічаў адбор у абласных спаборніцтвах. Такім чынам гонар Міншчыны абаранялі і выхаванцы Стаўбцоўскай ДЮСШ. Гэта Валянцін Бугроў, Павел Гармаза, Станіслаў Баханкоў, Вікторыя Кожыч, якія займаюцца і ў агульнаадукацыйнай сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы. А таксама навучэнка гімназіі № 1 г. Стоўбцы Ксенія Гацура і Аляксей Вяршынін, вучань Вішнявецкай СШ.

Усе яны ў сваіх спартыўных дысцыплінах не падвялі. У выніку каманда ДЮСШ заняла другое агульнакаманднае месца пасля віцяблян. А нашы здольныя лёгкаатлеты зацікавілі сваімі магчымасцямі і патэнцыялам вядучых трэнераў рэспублікі.

Прыемна адзначаць плён працы нашых трэнераў. Сведчаннем з’яўляецца і тое, што ў спаборніцтвах вызначаюцца ўсё новыя юныя лёгкаатлеты, загараюцца спартыўныя зорачкі.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

ПОСПЕХІ ЮНЫХ СПАРТСМЕНАЎ

У нашым аграгарадку Дзераўная на базе ФАКа «Меліяратар» адбыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе і валейболе, у якіх прымалі ўдзел каманды школ раёна. Нашыя юныя спартсмены занялі першыя месцы ў гэтых відах спорту. Сваімі поспехамі навучэнцы абавязаны настаўніку фізічнай культуры і спорту Дзераўнянскай СШ Г. Ч. Канановічу, дырэктару спартыўнай школы А. І. Бураку, трэнерам В. Н. Гаптару, Т. К. Панамаровай. А цяпер усе рыхтуюцца да абласных спаборніцтваў па настольным тэнісе і валейболе.

Ілья СУПРАНОВІЧ, вучань Дзераўнянскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *