Школа выходзіць на сваякоў

Адукацыя Нумары

У Засульскай школе ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі пераважае сямейна-арыентаваны падыход – своеасаблівая «палачка-выручалачка», якая пазбаўляе гэтых дзяцей дадатковых эмацыянальных і душэўных траўмаў.
Адабранне непаўналетніх дзяцей з сям’і, дзе бацькі п’юць, і далейшае іх часовае «перасяленне» ў дзіцячы сацыяльны прытулак –зразумела, гэта ўдар для неакрэплай псіхікі. Педагогі цудоўна разумеюць гэта і, у першую чаргу, шукаюць выхад на сясцёр, братоў і іншых сваякоў гора-бацькоў. Хтосьці з іх – цётка або дзядзька – як правіла, аказваецца ім талковым памочнікам, гатовым паўплываць на сітуацыю і словам, і справай.
Пытанняў з «сопаўскімі» сем’ямі, зразумела, шмат, але, калі брацца іх вырашаць, то вынік заўсёды ёсць. І часам падключэнне сваяцкага асяроддзя – адзіны шлях і рэальная магчымасць, каб выратаваць тую ці іншую сям’ю.
Пра гэтыя і іншыя ўзаемаадносіны, што усё больш развіваюцца і ўзбагачаюцца школай, і гаварыла ў сваёй справаздачы на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама дырэктар Засульскай школы Таццяна Гарановіч. Вопытны педагог, яна стараецца сама ўнікнуць у кожную сямейную сітуацыю і аказаць усямерную дапамогу і падтрымку сваім маладым калегам – педагогу сацыяльнаму, псіхолагу. З пераносам сельвыканкама з Засулля ў Рубяжэвічы, варта не аслабіць і тое моцнае ядро, якое ўтварылася тут у напрамку работы з соцыумам.
Усе – сельвыканкам, базавая гаспадарка, участковы інспектар міліцыі, школа і дзіцячы садок – працавалі адной камандай і адчувалі сябе ўпэўнена. У гэты пералік нельга не дабавіць святара Іаана Ляшкевіча. У школе праз гуртковыя заняткі і гутаркі з айцом Іаанам увасабляецца інавацыйны праект па духоўна-маральным выхаванні вучняў. Адметнай традыцыяй гэтай мясцовасці стала выступленне дзяцей на Ражджаство і Вялікдзень. Плануецца святкаваць разам і іншыя святы – Пакроў Прасвятой Багародзіцы, Дзень маці.
Вялікі выхаваўчы ўклад належыць пазакласнай рабоце і аб’яднанням дзяцей па інтарэсах. Балазе, Засульскай школай заключаны дагавор са спецыялістамі школы мастацтваў, Дома творчасці дзяцей і моладзі, і яны самі прыязджаюць да вучняў, усе заняткі праходзяць у школе.
Арганізуюцца рэйды ў сем’і, дзейнічаюць мабільныя педагагічныя групы па месцы жыхарства. Як вынік сумеснай работы – за мінулы навучальны год ніводзін з вучняў не ўчыніў правапарушэння. Адзін вучань, які стаяў на ўліку, быў зняты з яго. Прычыны для знаходжання яго на такім уліку – зніклі. Былі названы і адваротныя прыклады – напрыклад, у Цясноўскай школе, дзе падлетка знялі з уліку толькі за тое, што… ён паступіў у прафесійна-тэхнічны ліцэй, хоць заняткі там ён не наведвае. На ўліку адна сям’я, дзе становішча дзяцей па-ранейшаму застаецца сацыяльна небяспечным. «Наша работа мае міжведамасны падыход, па сутнасці – дапамагае ўвасобіць індывідуальны план рэабілітацыі сям’і», – дакладна вызначыла механізмы Таццяна Гарановіч.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, выказаўшы задаволенасць работай Засульскай школы з соцыумам, падвяла і такі вынік:
– Усе нашы намаганні накіраваны на захаванне сям’і для дзіцяці, а дзіцяці – для сям’і і, у будучым –для грамадства.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *