Шчырая праца павінна дастойна аплачвацца

Нумары Сельская гаспадарка

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень і група тэхнікаў-асемянатараў адкрытых акцыянерных таварыстваў раёна ў складзе 14 чалавек сустракаліся ў аблвыканкаме з губернатарам вобласці Сямёнам Шапірам.

– Юрый Мікалаевіч, а чым папярэдне было выклікана правядзенне гэтага мерапрыемства?

– Ідэя належала старшыні Мінаблвыканкама. Справа ў тым, што прадстаўнікам гэтай прафесіі апошнія гады не ўдзялялася належная увага. Хоць тэхнікі-асемянатары ўносяць вялікі ўклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны гаспадарак, ад іх работы залежыць і стан эканомікі ў сельгасвытворчасці. Зразумела, чым больш прыплоду, тым больш атрымаем малака і мяса. Летась на пасяджэннях мы неаднойчы ўзнімалі пытанне аб тым, што праца данай катэгорыі работнікаў павінна дастойна аплачвацца. Было прынята рашэнне перагледзець заработную плату тэхнікаў-асемянатараў, бо людзі кожны дзень, практычна без выхадных (такая спецыфіка работы) працуюць, і работа ў іх нялёгкая. Менавіта на гэтым акцэнтавала ўвагу і кіраўніцтва вобласці.

На сустрэчу запрасілі лепшых і дастойных прадстаўнікоў гэтай прафесіі – па адным з кожнай гаспадаркі. Са сваімі прапановамі выступілі супрацоўнікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Было дадзена слова і тэхнікам-асемянатарам. Сярод калег ад нашага раёна сваю слушную думку выказала і падзялілася вопытам Галіна Канатка з ААТ «Каганец». Дарэчы, за шматгадовую і плённую працу Галіна Іванаўна прадстаўлена да ўрадавай узнагароды.

– Які асноўны крытэрый будзе прымяняцца ў налічэнні зарплаты? 

– Папярэдне губернатар даручыў нашаму раёну і мне асабіста распрацаваць сістэму аплаты працы тэхнікаў-асемянатараў і ўмовы спаборніцтва сярод работнікаў гэтай прафесіі. Нам аказаны давер таму, што сёння мы ў кагорце тых раёнаў, дзе дасягнутыя паказчыкі ў рабоце па ўзнаўленні статка буйной рагатай жывёлы знаходзяцца ў ліку самых высокіх. Будзем і надалей павялічваць вынікі, бо ёсць нявыкарыстаныя рэзервы.

Мы сістэму распрацавалі. Аплата будзе налічвацца кожнаму тэхніку-асемянатару індывідуальна, згодна з паказчыкам – выхадам прыплоду цялят. Па выніках года прадугледжваецца прэмія. Думаю, будзе стымул плённа працаваць. 

Як падкрэсліў Сямён Барысавіч, у далейшым будуць перагледжаны падыходы да аплаты працы ветэрынарным урачам і іншым катэгорыям работнікаў, якія задзейнічаны ў галіне жывёлагадоўлі і працуюць на канчатковы вынік.

– Юрый Мікалаевіч, мяркуючы па вашых адказах, мерапрыемства спадабалася і прайшло на ўзроўні, людзі засталіся задаволенымі ад сустрэчы з губернатарам.

– Безумоўна. Спецыялістам гэтай прафесіі і сапраўды была аказана вялікая ўвага. Як падкрэсліў адзін з прысутных, тэхнік-асемянатар з Дзяржынскага раёна, на яго памяці апошні раз вось так разам, для шчырай размовы, тэхнікаў-асемянатараў збіралі амаль тры дзесяцігоддзі назад. Шмат было зададзена пытанняў, на якія Сямён Барысавіч даў змястоўныя адказы. І пакінуў кожнаму спецыялісту нумар свайго мабільнага тэлефона на выпадак узнікнення праблем у аплаце працы. Персанальная адказнасць у іх вырашэнні ўскладзена на старшынь райвыканкамаў.

– І апошняе пытанне. Як у нашым раёне пастаўлена работа па падрыхтоўцы тэхнікаў-асемянатараў і стварэнні для іх належных умоў працы?

– Вучоба спецыялістаў праводзіцца ў Сенніцы, арганізоўвае яе Мінскае племпрадпрыемства. Пытанняў няма. Дарэчы, і гэта важны момант, старшыня аблвыканкама прапанаваў абменьвацца думкамі і вопытам і тэхнікам-асемянатарам падчас аб’ездаў фермаў па пытаннях прытрымлівання тэхналогіі, добраўпарадкавання вытворчых аб’ектаў і прыфермскіх тэрыторый. У лютым улічым даную прапанову. Што тычыцца ўмоў працы, а такое пытанне таксама ўзнімалася на сустрэчы, то работу ў гэтым накірунку мы пачалі летась. Мною дадзена даручэнне за месяц прывесці ў парадак адну ферму. Распрацаваны графік. Глабальнай рэканструкцыі зімою мы не правядзём, а вось сацкультбыт, ветаптэкі, пункты штучнага асемянення будуць адноўлены. Такая работа шпаркімі тэмпамі зараз вядзецца на МТФ «Скамарошкі» ААТ «Агранёманскі», дзе вясною будзе праведзена свята вёскі. Для людзей ствараюцца ўмовы, каб яны з настроем ішлі на работу і вярталіся дамоў.  

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *