Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Багдан Ждановіч, Таццяна Вруноўская, Кірыл Кызынгашаў, Алякcандр Буйніцкі, Сямён Хвіцько, Раман Шаўчук і трайняты Сюркіны – Святаслаў, Софія і Святлана.

Зямны шлях закончыўся для 15-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі два пажары. У Сцяцках успыхнуў дачны дом, дзе агнём знішчаны жылы пакой. На гэтым жа падворку 17 студзеня ўжо гарэў хлеў. Узбуджаны крымінальныя справы. Пажар здарыўся і ў доме адзінока пражываючай пенсіянеркі з Белькаўшчыны. Гаспадыня не пацярпела. Да няшчасця, хутчэй за ўсё, прывяло парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Міліцыяй зарэгістравана 112 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджана сем крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазраваемыя. З кватэры ў пасёлку Нёман злодзей вынес партманет з грашыма, а таксама пластыкавую банкаўскую картку.  

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы па фактах парушэння прадпрыемствамі і арганізацыямі працоўнага заканадаўства. Устаноўлена, што ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі» дапусціла ў 2014 годзе нясвоечасовыя выплаты заработнай платы. Не была спагнана ў рэгрэсным парадку і матэрыяльная шкода з вінаватых. Па выніках аналізу дырэктару вынесена прадпісанне, для выканання якога дзевяць работнікаў прадпрыемства прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці на агульную суму 3 000 000 рублёў. 

Суд арыштаваў на 10 сутак 34-гадовага стаўбчаніна – за скандал з бацькам і непадпарадкаванне работнікам міліцыі пры затрыманні.

ДАІ выявіла 165 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў і дзевяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 13 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксаваны чатыры дарожныя аварыі. На шчасце, ніхто не пацярпеў. З 5 па 10 лютага праходзіла прафілактычная акцыя. Яе вынік — затрыманне пяці нецвярозых вадзіцеляў, у тым ліку двух стаўбчан, у ноч з 7 на 8 лютага, падчас вяртання з вечара сустрэчы з выпускнікамі.

Санэпідслужбай раёна ў выніку праверак забаронена рэалізацыя ў гандлёвай сетцы 17,6 кг харчовай прадукцыі з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці (магазін ПГУП «АнтоновкаТорг» у пасёлку Нёман, дырэктар –     А. А. Грамыка), 8,2 кг прадукцыі – без дакументаў, якія пацвярджаюць яе якасць і бяспеку (магазін ІП І. А. Уласік у Заямным). Парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на суму 9 900 000 рублёў.

«Хуткая» выязджала да хворых 271 раз, у прыватнасці дзевяць зваротаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *