Вернасць воінскаму доўгу

Дзякуй, салдат! Нумары

image_pdfimage_print

Жыццё працягваецца, усё далей ад нас тыя падзеі, якія засталіся ў народнай памяці пад назвай «афганская вайна». Без малога дзесяць гадоў яна была горам і болем вялікай, тады яшчэ адзінай, шматнацыянальнай краіны. І вось ужо заўтра спаўняецца дваццаць шэсць гадоў з таго часу, як абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў быў выведзены з Афганістана. Але ў памяці былых воінаў-інтэрнацыяналістаў ваенныя дзеянні, у якіх яны прымалі ўдзел, застануцца назаўсёды.

Аліка Крывашэя прызвалі на тэрміновую службу ў армію восенню 1981 года. З інтэрнацыянальнай місіяй савецкія войскі знаходзіліся ў Афганістане ўжо амаль два гады.

– Я здагадваўся, што мяне адправяць служыць у Афганістан, – пачынае гаворку Алік Канстанцінавіч. – Усведамляў, што гэта небяспечна, але страху не было. Малады быў і многага тады яшчэ не разумеў. З прызыўнога пункта нас адправілі ў вайсковую часць у Мар’іну Горку, дзе мы знаходзіліся тыдзень, а затым поездам пераправілі ў Ашхабад. Курс маладога байца праходзіў у Ілатані. Нас вучылі страляць і рукапашнаму бою. А 23 снежня верталётам даставілі ў Кундуз. Трапіў ў мотастралковую брыгаду, у разведроту.

Чужыя людзі, чужая краіна, чужыя звычаі… Вайна. Салдацкі лёс на ёй не прадказальны. Закінула яна вясковага хлопца за тысячы кіламетраў ад роднага дому. Навошта? На гэтае пытанне Алік Канстанцінавіч дакладнага адказу не можа даць і сёння. Гаворыць, такім быў загад. А загады ў арміі, як вядома, не абмяркоўваюцца. Яны выконваюцца. 

Не любяць воіны-інтэрнацыяналісты ўспамінаць аб той не аб’яўленай вайне, дзе ў суровых умовах правяраліся вернасць воінскаму доўгу, гатоўнасць ахвяраваць сабою, сцвярджалася баявое братэрства. І Алік Крывашэй гаворыць неахвотна. Нічога, маўляў, гераічнага не здзейсніў, ваяваў як і ўсе.

– Хадзіў у разведку, і пераважна ноччу. Правадніком у нас быў разведчык «зялёных», так называлі мы між сабою афганскіх ваенных, – расказвае  Алік Канстанцінавіч. – Ён паказваў нам месцы ў гарах, дзе павінны былі знаходзіцца душманы. Даведаўшыся аб іх дыслакацыі, мы дакладвалі інфармацыю камандзірам. Затым прыцэльная артпадрыхтоўка. Горы гарэлі агнём, але гэта мала дапамагала, бо ўся тэхніка і боепрыпасы былі схаваны ў пячорах. І калі нашы байцы ішлі ў наступленне, то іх сустракаў шквальны агонь. Мне пашанцавала, за ўвесь час службы куля нават не зачапіла. А многія мае сябры не вярнуліся. Праслужыў 23 месяцы. А акурат перад самым «дэмбелем», было гэта ў лістападзе, моцна захварэў, і мяне з вялікай тэмпературай эвакуіравалі самалётам у шпіталь, у Самарканд. Прыйшоў дадому толькі 7 лютага 1984 года.

Да службы ў арміі Алік працаваў рабочым у ПМК-74. Вярнуўся, было жаданне знайсці добрую работу і стварыць сям’ю. Усё атрымалася. Скончыў курсы кранаўшчыкоў і два гады ездзіў вахтавым метадам з будаўнікамі па гарадах Беларусі. Затым пайшоў працаваць у калгас. І вось ужо больш за чвэрць стагоддзя шчыруе механізатарам у ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Вырасцілі з жонкай дзвюх дачок. Цешаць дзядулю два ўнукі і ўнучка.

Служыў Алік Крывашэй з рускімі, сібіракамі, украінцамі, таджыкамі, узбекамі. Рота была інтэрнацыянальнай, і адчуванне локця, узаемавыручка былі вышэй за ўсё, бо кожны разумеў, што  заўтра можа не вярнуцца з задання. Спачатку Алік Канстанцінавіч перапісваўся з сябрамі, а потым, як Саюз разваліўся, сувязі страціліся. Але і сёння ён памятае ўсіх. І нярэдка чуе ў сне, праз грукат узрываў, галасы сваіх баявых таварышаў, якія склалі галовы на той чужой вайне.

Будуць балець афганскія раны, а падзеі тых далёкіх гадоў будуць доўга хваляваць людзей. Але ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што подзвіг савецкіх воінаў на скатаванай бандамі зямлі Афганістана будзе вечна служыць прыкладам патрыятычнага, інтэрнацыянальнага выхавання моладзі, новых пакаленняў абаронцаў Айчыны.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *