Аптымістычны погляд у будучае

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

16

З кожным годам Хатаўское лясніцтва прырастае аб’ёмамі вытворчасці і развівае сваю матэрыяльна-тэхнічную базу.

Мінулы год выдаўся асабліва плённым для лясніцтва. У лістападзе закончыўся капітальны рамонт яго адміністрацыйнага будынка,  праведзены за ўласныя сродкі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса, і лесаводы справілі наваселле. Цяпер умовы іх працы і быту адпавядаюць самым сучасным стандартам.

З улікам патрабаванняў вядзецца і лесагаспадарчая дзейнасць. Прадукцыя адпраўляецца не толькі на ўнутраны рынак, а і на знешні.

– За мінулы год лясніцтвам нарыхтавана каля 10 тысяч м3 драўніны на высечках догляду і прамежкавага карыстання, а таксама каля 1,5 тысячы м3 на высечках галоўнага карыстання. Попытам карыстаюцца і дровы, – адзначае ляснічы Анатоль Бычкевіч і акрэслівае перспекутыўныя накірункі на 2015 год: – Сёлета працэсы нарыхтоўкі стануць значна больш механізаванымі. Ставіцца задача – да 75 працэнтаў іх праводзіць з дапамогай «Харвестараў».

З пашырэннем механізацыі часткова вызваліцца ад вытворчых клопатаў лясная ахова, якая зможа больш увагі ўдзяліць сваім непасрэдным абавязкам, а менавіта адводам, лесаахоўным і супрацьпажарным мерапрыемствам, агароджванню мурашнікаў і т. п. Як падкрэслівае ляснічы, разам з механізацыяй будзе развівацца і падсобная вытворчасць.

Аптымістычны погляд у будучае дае тое, што ў Хатаўскім лясніцтве склаўся стабільны і прафесійны калектыў. Для многіх яго работнікаў лясная галіна стала не проста прафесіяй, а часткай жыцця, лёсам. Так, ляснічы Анатоль Бычкевіч  летась узнагароджаны памятным знакам «Ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь», нагрудным знакам «30 гадоў у лясной гаспадарцы». Поруч з ім працуе майстар лесу Мечыслаў Ламака, не менш дасведчаны і вопытны работнік. Больш за два дзясяткі гадоў стажу ў лясной галіне і ў сённяшняга памочніка ляснічага – Мікалая Бурака. Мікалай Станіслававіч калісьці пачынаў лесніком. Летась ён паступіў на завочнае аддзяленне Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Другая вышэйшая адукацыя перспектыўнаму лесаводу не пашкодзіць. Вось нядаўна вярнуўся з першай сесіі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: майстар лесу Мечыслаў Ламака (злева) і памочнік ляснічага Мікалай Бурак.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *