Мы ўмеем сустракаць гасцінна

Год гасцiннаcцi Нумары

год гасциннасци
Гасціннасць – нацыянальная рыса характару беларуса. Госці з далёкага, а як цяпер сталі адрозніваць, і блізкага замежжа, нават дзівяцца такой нашай уважлівасці і павазе. Душой жадаем, каб госць не пакрыўдзіўся, думаем, дзе лепш пасадзіць і як лепш прывеціць.
Нагода для размовы пра гэта сёння асаблівая. 2014 год у Беларусі аб’яўлены Годам гасціннасці. Указам Прэзідэнта падкрэсліваюцца асноўныя мэты: развіццё турызму, каб усе маглі пазнаёміцца з прыроднымі, гістарычнымі і культурнымі багаццямі Беларусі. І выхаванне ў нашых грамадзян патрыятычнай гордасці і павагі да Айчыны. Адметнасць жа наступіўшага года ў тым, што набліжаюцца юбілейныя даты. У сёлетнім ліпені будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а праз год, у маі – такая ж гадавіна Вялікай Перамогі. Сённяшняму мірнаму небу мы абавязаны сынам розных народаў. Прыйдзем зноў нізка пакланіцца, аддаць даніну памяці, ускласці вянкі і кветкі да помніка і стэлаў воінам-вызваліцелям на плошчы Бессмяротнасці. І будзем вельмі рады, калі можа ўжо і не самі ўдзельнікі вызвалення Стаўцоўшчыны, а іх сыны і ўнукі прыедуць да нас адзначыць разам вялікае свята – Дзень Рэспублікі.
А ў сёлетнім маі таксама падзея міжнароднага значэння. На спартыўных арэнах Мінска пройдуць матчы чэмпіянату свету па хакеі. Гэтая папулярная спартыўная гульня ўступае хіба толькі футболу і мае мільёны прыхільнікаў. Актыўна прадаюцца білеты, чакаецца прыезд балельшчыкаў, турыстаў з многіх краін. Спрыяе гэтаму і бязвізавы рэжым, устаноўлены для замежных гасцей на перыяд сусветнага першынства.
Калі ласка, прыязджайце, хварэйце за свае любімыя каманды. І знаёмцеся з нашай сталіцай, іншымі гарадамі, аграгарадкамі і вёскамі, на свае вочы пераканайцеся, як жывуць беларусы. Камусьці ж вельмі не хочацца, каб ведалі праўду аб Беларусі, не падабаецца незалежны курс нашай краіны. І на жаль яшчэ, каламуціць ваду прыкормленая доларамі ды еўра дамарошчаная апазіцыя. Падлівае жоўтай патакі пэўных напрамкаў прэса, падсыпае шэрага пылу інтэрнэтнае павуцінне. Памятаем, што і гэты спартыўны форум адпаведныя колы хацелі сарваць, зноў жа з сумам адзначаем, з дапамогай нашых «свядомых». І вы, шаноўныя, жадаеце дабра сваёй краіне, родным і блізкім, якія вас гадавалі і вывелі ў свет? Рады спробам эканамічнай, палітычнай ізаляцыі? Тут жа справа не толькі ў тым, што пазбавілі б рэспубліку спартыўнага відовішча, а і ў іншых наступствах – як маральным, так і эканамічным уроне.
Як бы ні было, а перамог здаровы сэнс. І амаль на працягу ўсяго мая інтарэс мільёнаў будзе прыцягнуты да Мінска. А прамая дарога з Захаду ляжыць праз Стаўбцоўшчыну. Яшчэ з гісторыі раёна вядома, што паўз станцыю Стоўбцы праходзіў цягнік Парыж – Уладзівасток. Ад Брэста да мяжы з Расіяй цягнецца магістраль рэспубліканскага значэння нумар адзін. Турысты, якія накіроўваюцца на спартыўны форум, могуць на нейкі тэрмін спыніцца і ў нас.
Што яны ўбачаць, што захочуць пачуць? Жывуць і ў аддаленых малых вёсках, як гаворыцца, не горш за людзей. У каго больш шыкоўна ў кватэры, у каго сціпла, але звычайна чыста, акуратна. Бытавая тэхніка, тэлевізары, камп’ютары. Уласны аўтамабіль ужо не раскоша, а сродак руху для многіх. Самі ўсе гэта ведаем, а некаторым іншаземцам можа і дзіва, што ў гэтай загадкавай Беларусі цалкам цывілізаванае жыццё. Няхай цікавяцца, адкрываюць, што па многіх напрамках наша прамысловасць займае перадавыя пазіцыі ў свеце, што сельгаспрадукцыяй і сябе кормім, і шмат што маем на экспарт.
Гасцям паказваюць свае адметнасці ў розных сферах. Наш родны кут на ўвесь свет праслаўлены Якубам Коласам. Філіялы музея заўсёды гатовы прыняць наведвальнікаў. Тут толькі трэба не адчуць ніякаватасці, як гэта здарылася на юбілейных Каласавінах, калі знакамітым пісьменнікам не змаглі прапанаваць набыць на радзіме народнага песняра яго выданні. Значкі, паштоўкі, буклеты, іншая сувенірная прадукцыя, пажадана з асаблівым стаўбцоўскім брэндам, – усё гэта будзе запатрабавана.
Асаблівая ўвага – аб’ектам харчавання, адпачынку, сэрвісу. Вядома, што райспажыўтаварыства робіць захады па абнаўленні сваіх «кропак», асабліва тых, што паблізу магістралі. Уся прастора для творчага пошуку і прыватнаму бізнесу. Збітасць, шаблон, яшчэ горш, калі абыякавасць і няўвага да кліентаў, сапсуе настрой чалавеку, які настроіўся на пазітыўны лад. З іншага боку, якія б мы ні былі альтруісты, а першы прынцып таго ж капіталістычнага Захаду: здзівіць, каб і зарабіць.
З магчымых многіх іншых інтарэсаў гасцей, што кіруюцца на хакейны форум, вядома ж, зацікавіць іх спартыўнае жыццё нашай, не крыўдна калі так палічаць, глыбінкі. На самой справе ці сапраўды спартыўны народ краіны, дзе сам Прэзідэнт па-майстэрску гуляе ў хакей. Пахваліцца можам спартыўнай базай. Зялёнае круглы год поле стадыёна, блізіцца да завяршэння будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры. Добрыя спартыўныя збудаванні і традыцыі ў Дзераўной, Наваколасаве. А ці лічым мы пастаянныя заняткі фізкультурай здаровай звычкай, першай неабходнасцю? Задумаемся…
Урэшце рэшт усе здабыткі, шчыраванні па абнаўленні – для нас саміх. А госці, якіх цёпла сустрэнем і прымем, ацэняць гэта і зробяць вывады. І наконт шчырасці прыёму, і адносна прыгажосці, чысціні, добраўпарадкавання, якія з’яўляюцца пастаянным клопатам улады.
Фінішуе чэмпіянат свету. Спартсмены атрымаюць свае прызы, балельшчыкі, поўныя ўражанняў, вернуцца дамоў. Няхай жа ім зноў захочацца прыехаць у нашу Беларусь, дзе і прыгожыя краявіды, і добрыя, шчырыя людзі. А гасціннасць, уласцівая нам, не абмяжуецца пэўным перыядам – месяцам, годам. Абвешчаны год сярод шматлікіх іншых надзённых накірункаў акцэнтуе ўвагу і на наступным. Развіваць турызм, спрыяць развіццю аб’ектаў аграэкатурызму, усёй структуры абслугоўвання, сэрвісу, каб усе адчулі добрую душу нашага народа. Бо праз сімпатыі і давер ідзе пашырэнне інвестыцый, умацаванне дзелавых і іншых важных сувязяў. Наша Беларусь – у цэнтры Еўропы.
Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *