Імя лейтэнанта Князева

Дзякуй, салдат! Нумары

За выкананне інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане лейтэнант Валерый Князеў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пасмяротна…

З біяграфіяй працягласцю ўсяго 22 гады яго жыццё – гэта вялікая геаграфія. Народжаны ў сям’і кадравага ваеннага, ён калясіў з бацькамі па былым СССР, а потым і сам выбраў такую ж, як і ў бацькі, суровую прафесію. Выбраў не проста прафесію – выбраў свой лёс.

Служба кідала сям’ю Князевых паўсюдна, але ў гэтай «кругасветцы» знайшлося месца і Стоўбцам. У нашым горадзе нарадзілася маці Валерыя, і таму нейкі час яны жылі тут. Хлопчык займаўся ў школе № 1. Быў спартыўны і, можна сказаць, не вылазіў са стадыёна. Сюды, у дарагія сэрцу мясціны дзяцінства, і вярнуўся… назаўсёды, у цынкавай труне. На стаўбцоўскіх могілках, побач са сваёй рана памёршай матуляй, лейтэнант Валерый Князеў знайшоў вечны супакой. 2-га лютага, у дзень яго нараджэння, на магілы двух блізкіх людзей спяшаецца з Мінска асірацелы бацька і муж Віктар Сямёнавіч Князеў, палкоўнік у адстаўцы.

У памяць пра адзінага сына ён змог сабраць і захаваць шмат чаго. Школьныя дзённікі (у іх адны пяцёркі), пісьмы з арміі, лейтэнанцкую форму, узнагароды… Паехаў у чачэнскае сяло, да аднапалчан Валерыя, каб распытаць пра сына. І ўсюды, дзе б ні даводзілася бываць, настойліва шукаў якія-небудзь сляды, нітачкі. І – знаходзіў іх, такія танюсенькія і, парой, жахлівыя, у самых неверагодных месцах.

Летам мінулага года Віктар Сямёнавіч асабіста ўдзельнічаў у адкрыцці ў Стоўбцах абноўленага помніка воінам-інтэрнацыяналістам – нашым землякам. Палкоўнік у адстаўцы быў у поўным абмундзіраванні (яго вы бачыце на здымку) і, нягледзячы на шаноўны ўзрост, вылучаўся падцягнутасцю, ваеннай выпраўкай. У размове ён выказаў сваю бацькоўскую ўдзячнасць раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

– Неабходна аддаць належнае Рыгору Мамайку, яго брату Міхаілу Мамайку,  якія шмат зрабілі для захавання памяці аб воінах-інтэрнацыяналістах, для патрыятычнага выхавання маладога пакалення, – не прамінае заўважыць Віктар Сямёнавіч.         

Імя яго сына, Валерыя Князева, увекавечана ў Стоўбцах не толькі на помніку. Яго імя носіць адна з вуліц у нашым горадзе, у мікрараёне Акінчыцы.           

Валерка

А якім ён быў, Валерый Князеў, у дзяцінстве, юнацтве?.. 22 гады – кароткая дыстанцыя, але колькі ўмясціла ў сябе?!. 

Ніхто, акрамя бацькі, лепш не раскажа пра сына. 

– Мой сын, Валерый Князеў, нарадзіўся 2 лютага 1960 года ў пасёлку гарадскога тыпу Моніна Маскоўскай вобласці. У ім знаходзіцца Ваенна-паветраная акадэмія імя Ю. А. Гагарына, дзе я на той час займаўся на другім курсе, – успамінае Віктар Князеў. – Сам я рускі, палкоўнік у адстаўцы. Маці Валерыя, Ніна Уладзіміраўна, – стаўбчанка, у 1954 годзе закончыла Мінскі медінстытут. Была маёрам медыцынскай службы ў запасе. У 1963 годзе, пасля заканчэння Ваеннай акадэміі, мы пераехалі ў Калінінградскую вобласць, у пасёлак Хаброва, на аэрадром марской авіяцыі Балтыйскага флоту.      

Праз некалькі гадоў быў новы аэрадром – Севераморск-3 Паўночнага флоту, дзе Валерка пайшоў у першы клас. У чацвёрты клас пайшоў у Стоўбцах, у школу № 1. Потым было яшчэ некалькі пераездаў – у г. Сальцы Наўгародскай вобласці  і ў Іркуцк. У школе мой сын быў актывістам, камсоргам класа. Любіў спорт, асабліва футбол, плаванне, лыжы. За выдатную вучобу быў узнагароджаны пуцёўкай у міжнародны піянерскі лагер «Артэк».

Пасля школы Валерка паступіў у Вышэйшае ваеннае агульнавайсковае каманднае вучылішча Вярхоўнага Савета РСФСР. Гэтае вучылішча ўтворана адразу пасля рэвалюцыі, у народзе яго яшчэ называюць маскоўскім крамлёўскім вучылішчам. Адразу баяўся туды паступаць. Конкурс – 12 чалавек на месца! Абітурыенты – дзеці «генералітэта». Але здаў усе экзамены на «5». У прыёмнай камісіі толькі пацікавіліся: «Бацька служыць у авіяцыі, а ты – у пяхотнае вучылішча?..» Але ён сам так вырашыў і цвёрда ішоў да сваёй мэты. Дарэчы, закончыў вучылішча з адной чацвёркай. За час вучобы шэсць разоў удзельнічаў у парадах на Чырвонай плошчы. За грамадскую работу ўзнагароджаны знакам ЦК ВЛКСМ.

У 1981 годзе яго накіравалі для праходжання службы ў танкавую дывізію ў горад Калінін (цяпер – горад Цвер) камандзірам танкавага ўзвода. У гэты час маёй жонцы і Валеркавай маці зрабілі аперацыю, і сітуацыя ў яе была вельмі цяжкая.  25 гадоў адпрацавала ўрачом, але сябе не зберагла…  Мы з сынам пахавалі яе ў Стоўбцах.

У лістападзе 1981 года Валерку накіравалі ў Афганістан. Спачатку ён мне казаў, што афармляецца ў Германію, а потым даслаў тэлеграму: «Варыянт змяніўся, і мяне накіроўваюць на поўдзень».                

Камень Газні

– Прападзі ён пропадам, гэты поўдзень, – не можа стрымацца Віктар Сямёнавіч, у якога Афганістан забраў адзінага сына. Разважае далей: – Быў накіраваны для выканання інтэрнацыянальнага доўгу. А запытай сёння любога школьніка, што гэта такое, і наўрад ці хто дасць адказ. Нашы дзеці былі больш цямлівымі.

А вы бывалі на нашым Востраве? – нечакана пытае мой суразмоўца. Я разумею, што ён хоча штосьці сказаць пра Востраў слёз – мемарыял у гонар усіх загінуўшых у Афганістане беларусаў. – Вось там, дзе памінальны стол, адзін камень – наш, родны. На ім «Газні» напісана. Афганскі горад, у які трапіў служыць Валерка…    

Перапіска ў нас з ім была. Ён збіраўся прыехаць у водпуск. Пісаў з надзеяй: «Заканчваецца мой першы год службы. Ты прытрымай свой водпуск, і мы з’ездзім у Стоўбцы, у вучылішча». План у яго быў такі. І я да яго рыхтаваўся. Але затым сын паведаміў, што тэрмін службы ў Афганістане яму працягнулі…

Апошняе пісьмо ад сына я атрымаў у маі 1982-га… Усе яны ў мяне захаваліся, але перачытваць іх цяжка… Памятаю, як мяне запрасілі на гутарку ў штаб. Вакол мяне – грамадзянскія асобы, шмат незнаёмых, і адзін лейтэнант у горнай форме. Ён быў экспедытарам на самалёце па перавозцы грузу-200. Сам азербайджанец, служыў разам з Валеркам. Расказаў тое-сёе… Пахавалі сына бліжэй да маці, з усімі ваеннымі ўшанаваннямі. Пахаваннем кіраваў ваенком Рыгор Усцінавіч Кароткін. І пазней мы з ім кантактавалі. Душэўны чалавек. Праўда, даўно мы з ім не бачыліся… Мой Валерка быў першым у Стоўбцах загінуўшым «афганцам»…

Быў Дзень пагранічніка…

Валерый Князеў загінуў 28 мая 1982 года, у Дзень пагранічніка.

Гэта быў нядзельны дзень. Аўтакалона пад аховай яго ўзвода накіроўвалася з Газні ў Кабул. «Я сустракаўся з удзельнікамі гэтага бою, з намеснікам камандзіра ўзвода – чачэнцам, сяржантам. Ездзіў туды, калі яны вярнуліся з арміі. Мне ўсё расказалі. Здзіўляліся: «Як у такога, амаль двухметровага роста, камандзіра ўзвода, сцяганосца палка, магла папасці куля?..»

Нядзеля пачалася з палітзаняткаў. Потым Валерку выклікалі, і ён вярнуўся з камандай: «Рыхтуемся да выезду!» У яго распараджэнні было 10 БМП, па пяць чалавек у кожнай машыне. Пасля праведзенага размеркавання ён ехаў у трэцяй машыне, а яго намеснік – у апошняй. Падчас інструктажу, перад выхадам з Газні, прагучала пытанне: «Як будзе з паветраным прыкрыццём аўтакалоны?» Камбат адказаў, што яно з’явіцца па дарозе.

Без паветранага прыкрыцця калона рухалася каля гадзіны, а потым нечакана на вузкай дарозе, сярод горных адкосаў загрымелі выбухі ў пярэдніх машынах. Валерка на сувязі, камандуе. Падарваліся на мінах тры першыя машыны. Гучыць каманда – астатнім выходзіць заднім ходам на максімальнай хуткасці з-пад агню. Раптам у небе з’яўляюцца чатыры верталёты. Валерка кажа: «Будзе лягчэй, зараз дадуць агню духам». Зрабіўшы круг, яны і сапраўды нанеслі магутны агнявы ўдар. БМП працягвалі адступаць, але душманы падстрэлілі і чацвёртую машыну. Забітыя, параненыя… Хто мог, выбраліся з машын і прытаіліся за імі, за камянямі. Адстрэльваліся. Загарэўся і адзін з верталётаў, але астатнія працягвалі весці бой. Нешта хацеў сказаць Валерка, але толькі прахрыпеў… Салдат падпоўз да яго і крыкнуў: «Камандзіра забіла!» Адзін з саслужыўцаў, Валераў аднагодак, не паверыў. Папоўз да яго. Парваў на ім цяльняшку – нічога няма. Але рана была ў галаву… З ракетніцы далі сігнал паветранаму прыкрыццю. Маўляў, трэба падабраць раненых. З неба скінулі запіску: «Умоў для пасадкі няма. Аб вас паведамілі на КП. Чакайце распараджэння…»

У тым баі загінулі 10 чалавек з 50-ці, некалькіх параніла.            

Калектыўны рапарт

Бацька Валерыя Князева, які шукаў стасункаў з «афганцамі», нечакана знайшоў іх… у Стоўбцах. Аказваецца, адзін з жыхароў нашага раёна служыў разам з яго Валеркам. «А як вы пазнаёміліся?» – адразу запытаў у яго бацька. «Мы на пыльным шкле машын пісалі назву свайго горада. Я напісаў – Беларусь. І вось поркаюся аднойчы з рухавіком і адчуваю: нехта пляснуў мяне ззаду. Паварочваюся, стаіць высокі лейтэнант. «Ты адкуль з Беларусі?» – «З Мінскай вобласці». – «А адкуль?» – «Са Стоўбцаў». – «Са Стоўбцаў?.. Я нядаўна там маці пахаваў». Яны сябравалі да самага канца. Гэты хлопец быў добрым салдатам, даслужыўся да старшыны. І я з ім таксама пасябраваў. На жаль, пазней даведаўся, што ён памёр.

А ў той трагічны дзень, 28 мая, гэтаму хлопцу паведамілі: «Што ты поркаешся з машынай? Твайго земляка прывезлі. Не дайшоў да Кабула…» Той кінуўся ў санчасць. Загінуўшых рыхтавалі да адпраўкі на радзіму… Ён расказаў, што па гэтым факце прыязджала генеральская камісія. Праяўляла незадаволенасць. Галоўнае пытанне – чаму калона выйшла без паветранага прыкрыцця. Адметна, што тыя, хто выйшаў з гэтага бою жывым, звярнуліся з калектыўным рапартам аб прадастаўленні Валерыя Князева да ўзнагароды.

Была ў бацькі Валерыя Князева яшчэ адна цікавая сустрэча. У рэабілітацыйным цэнтры ў Віцебску. Будучы там на лячэнні, Віктар Сямёнавіч адразу азнаёміўся са стэндам, прысвечаным работнікам цэнтра-«афганцам». Пад партрэтам аднаго з іх напісана: «Газні, 1981 – 1983 гады, 191-шы полк, 206-я дывізія». Акурат супадае з Валеравымі данымі. Знайшоў гэтага чалавека ў кацельні. Ён расказаў: «Я служыў у пахавальнай групе. Загінуўшых трэба было прыводзіць у парадак, перш чым класці ў цынкавую труну, і адпраўляць у груз-200. Абмываў і апранаў вашага сына. Становішча было такое, што з мяне ўзялі распіску, каб не разносіў чуткі пра сваю службу ў Афганістане».

Пра Афганістан нельга было тады пісаць і на помніку. Віктару Князеву раяць дапісаць гэта цяпер. А ў пасведчанні аб смерці сына значыцца: «…загінуў, праявіўшы стойкасць, мужнасць і гераізм пры выкананні службовых абавязкаў».          

Пасляслоўе

Сёлета Валерыю Князеву споўнілася б 55…   

«Матэрыялу аб ім сабрана многа, але каму яго перадаць?» – задаецца трывогай бацька.

У мінулым годзе быў адкрыты ў Мінску новы музей Вялікай Айчыннай вайны. Віктар Князеў пабываў там на экскурсіі, пазнаёміўся з экспазіцыяй, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам. Магчыма, яго матэрыялы дапоўняць гэтую экспазіцыю. Музей «афганцаў», алея славы з мемарыяльнай шыльдай «Валерый Князеў» ёсць і ў сталічнай школе № 119 па вуліцы Ландара. Віктар Сямёнавіч жыве недалёка і часта бывае там, цешыцца, што памяць пра яго сына – жывая.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *